![]() |
Восень і іншыя коткі
Традыцыйная вечарына-фарс. Адкрывае другую дзею сезону вечарын. Аўтар Аксана Спрынчан.
2010 (фота) 2009 (фота) Мы зноў сустрэліся пасля антракту ў шыкоўна аформленай Тацянай Макарэвіч зале бібліятэкі Цёткі. Быў цудоўны вераснёвы дзень – Дзень бібліятэк. Спачатку на галоўнай пляцоўцы Арт.С выступілі мастакі. Яны гаварылі пра Святлану Цывілька, карціны якой упрыгожвалі залу. Затым загадчыца галоўнай пляцоўкі і вядучая свята “Колеры роднай Беларусі” паэтка Рэгіна Багамолава прачытала свае вершы і перадала слова вядоўцам вечарыны-фарс “Восень і іншыя коткі” Зміцеру Арцюху і Аксане Спрынчан. На гэты раз дырэктар і дырэктарка паўсталі ў вобразах каралевы коткі і не пародзістага шэрага ката. Так і прадстаўлялі сваіх гасцей: барда Вольгу Акуліч, паэтак Маргарыту Аляшкевіч і Алёну Беланожка, пісьменніка і барда Юрася Нератка, пісьменніцу Людмілу Паўлікаву, пісьменніка Уладзіміра Сіўчыкава. Дарэчы, Маргарыта Аляшкевіч прыйшла не адна, а з Хвастом – так завуць яе ката. Не абыйшлося і без фарс-мінорных абставін, якія неўзабаве сталі мажорнымі – выступ барда Вадзіма Клімовіча. Яго ўдзел не планаваўся, але ў апошні момант мы зразумелі, што не зможам правесці вечарыну без гімну – песні на словы Адама Міцкевіча “Знікні суму хмара”. Так Вадзім сваёй прысутнасцю разагнаў хмары суму (калі яны ў кагосьці былі) і скончыў вечарыну. Але другая дзея толькі пачалася і наперадзе шмат новых цікавых і, будзем спадзявацца, не сумных сустрэч. 2008 (фота) Паэтычны тэатр “Арт.С” адкрыў другую дзею сезону вечарын 2008 года. 23 верасня на галоўнай пляцоўцы адбылася вечарына-фарс “Восень і іншыя коткі”. Яна сталася найбольш шыкоўнай вечарынай верасня. Аўтарка – Аксана Спрынчан – распрацавала шыкоўны сцэнар, а дызайнеры Тацяна Макарэвіч і Тацяна Пратасевіч шыкоўна аформілі залу, выступоўцы ж шыкоўна чыталі свае і чужыя творы, шыкоўна распавядалі пра шыкоўных істот – котак. У праграме ўзялі ўдзел: Рагнед МАЛАХОЎСКІ, Алена МАСЛА, Віктар ШНІП, Наталля ПУШКАРОВА, Рэгіна БАГАМОЛАВА, Сяргей ВЕРАЦІЛА, Юрась ПАЦЮПА, Уладзіслаў АХРОМЕНКА, Яраш МАЛІШЭЎСКІ. Да таго ж усе ахвотныя змаглі пафарсіць альбо фарсануць, паразмаўляць на фарсі, узгадаць шляхотныя часы, калі ўпершыню фарсануў за жывое фарс-вадэвіль “Пінская шляхта”, а таксама фарсіравалі тое, што фарсіруецца. Яшчэ важная падзея адбылася на вечарыне 23 верасня. Гледачам быў прадстаўлены інтэрнэт-сайт Паэтычнага тэатра “Арт.С”. Вядоўцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан раздалі рэкламную прадукцыю і запрасілі ўсіх наведваць Сеціва, знаёміцца з працай стваральнікаў сайта – Вадзіма Клімовіча і Вольгі Абразцовай. |