Вечарыны

Пяцікутнік (2011) (фота)

Масленіца (2011) (фота)
   25 лютага ў паэтычным тэатры АРТ.С адбылася імянная вечарына казачніцы Алены Масла "Масленіца - імпрэза не з бойкай, а з маслабойкай!"
   Напярэдадні сапраўднай Масленіцы ўдзельнікі, сябры тэатра і гледачы сабраліся разам, каб грунтоўна падрыхтавацца да провадаў зімы!
   З блінамі прыйшлі і бліны пяклі проста ў залі тэатра Ірына Клімковіч, Віктар Шніп, Марына Весялуха, Алена Мальчэўская, Наталля Беніцэвіч, Алена Хахель, Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан, Людміла Захарэвіч, Серж Мінскевіч, Наталля Бучынская, Юрась Нераток.
   Пячы бліны для вечарыны вядоўцам Алене Масла і Наталлі Бучынскай дапамагалі спадарыні Галіна Пержукова, Юлія Бучынская, а таксама сямейная пара Юзэфа і Стэфан Маслы.
   Гукалі вясну спявачкі, выкладчыцы універсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Пладунова і Эвеліна Шчадрына.
   Таксама адбылася міні-прэзентацыя кнігі Алены Масла "Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала".

Таццянін дзень (2011) (фота)

Сумоўе (2010) (фота)

"Першая прыгажуня" (2010) (фота)
   12 лістапада ў бібліятэцы Цёткі пры поўным аншлагу адбылася прэзентацыя-конкурс кнігі казак Алены Масла “Першая Прыгажуня”.
   За званне ПЕРШАЙ змагаліся выступоўцы Наталля Бучынская, Аксана Спрынчан, Паліна Вілава, Таццяна Барысюк, Анастасія Радзікевіч, Валерыя Яшчук, Ганна Зубава.
   Экспертамі па дзявочай красе выступілі Яраш Малішэўскі, Віктар Шніп, Юрась Нераток.
   Магчымасці візажу дэманстравала Наталля Мітраховіч на мадэлі – паэтцы Вікторыі Трэнас.
   Шлюб маладых Вольгі і Віталя беларускім словам замацоўвалі "сваты" – маладыя рэжысёры Дзмітрый Сергейчук і Марыя Федарэнка.
   У выніку:
    · ПЕРШЫМІ ПРЫГАЖУНЯМІ абвешчаны не толькі ўсе выступоўцы, але і ўсе прысутныя дзяўчаткі і кабеты (у экспертаў галава ад красы пайшла кругам);
    · усе прысутныя адзінадушна прызналі, што прыгажосць там, дзе творчае натхненне, чалавечае паразуменне і каханне (пры гэтым некаторыя прысутныя зусім галовы пагублялі і проста не ведалі, за каго з красуняў хапацца);
    · прысутныя пастанавілі лічыць Беларусь не толькі цэнтрам Еўропы, але і цэнтрам жаночага хараства.
---------------------------------------------------------------
  Арганізатары выказваюць падзяку фатографам вечарыны Юлі Новік, Зміцеру Арцюху і Крысціне Пержуковай (чорна-белыя фота), а таксама Сяргею Пержукову, які здымаў відэа (у хуткім часе відэасправаздача будзе выкладзена на сайце).

Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі" (2010) (фота)
   Як гэта звычайна і бывае ў Паэтычным тэатры Арт.С, адбыўся незвычайны вечар - "Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі" Аксаны СПРЫНЧАН і Яраша МАЛІШЭЎСКАГА. На імпрэзе з музыкаю і не толькі, як і абяцалася, былі крытычна-ўхвальныя спрэчкі (Анатоль МЯЛЬГУЙ і Вітаўт МАРТЫНЕНКА), музычныя фарбы (мастачка Вераніка ШНІП, гурт "SCALES"), сямейныя разборкі (Людміла РУБЛЕЎСКАЯ і Віктар ШНІП), некрымінальнае выкарыстанне працы непаўнагадовых (Зміцер СІДАРОВІЧ і Тацяна МАТАФОНАВА), не алейны выступ (Алена МАСЛА), здаванне нарматыву на чытанне (Мюр ФАРЫДОВІЧ, Максім ІЎКІН, Надзея КАРАКУЛЬКА), жывыя класікі (гурт "ЖАБА Ў КАЛЯІНЕ"). Адзінае, што не было пазначана ў афішы, гэта тое, што ўсе выступы былі проста феерычнымі. А значыць правільней было б даць падзагаловак "феерыя з музыкаю і не толькі". Падрабязны рэпартаж феерычна напісаў Анатоль Мяльгуй, чытайце яго ў газеце "Новы час" і на нашым сайце.

Кола Міколаў (2010) (фота)
   На вечарыне "Кола Міколаў" Арт.С упершыню сабраў творцаў, названых у гонар святога Міколы.
   Нічога не аб’ядноўвае болей, як музыка. Асабліва Міколаў, кола якіх складаецца з ноты мі. А таму ўсе вельмі цёпла сустрэлі непаўторную музыку ад мастака Міколы Пруднікава.
   Імя Мікола з грэцкай мовы перакладаецца як "пераможца народаў, кіраўнік народаў". Кіраўніка народаў на вечарыне не было, але кіраўнік дыпломных і дысертацый быў: з пародыямі на Міколаў выступіў Мікола Шабовіч, песні на ягоныя словы праспяваў Дзмітры Пятровіч.
   Носьбіты грэцкіх імён вельмі лабільныя, умеюць змяняцца, прыстасоўвацца да абставінаў, ловяць у паветры любыя ідэі і іх "раскручваюць", рэалізуюць на практыцы. Але пры гэтым для іх важна не паўтарыць горшыя праявы старадаўніх грэкаў: не займацца плагіятам, пазбягаць прыстасаванства, хітрасці і падману. Гледачы змаглі ўпэўніцца, што ў Міколы Адама дакладна няма горшых праяваў старадаўніх грэкаў — ніякага плагіяту, свой яскравы творчы сусвет.
   Упэўніліся гледачы і ў тым, што нездарма ў афішы стаяла прозвішча Малахоўскі, бо Рагнед хрышчаны імем праведніка — свяціцеля Міколы.
   Асабістае імя вызначае мэту чалавека, яго будучае, а імя па бацьку — мінулае. Імя па бацьку — гэта праграма, звязаная з родам, якая дае магчымасць атрымаць родавую спадчыну, абарону продкаў. Яно дае платформу, на якую можна абаперціся, каб рэалізаваць праграму асабістага імя. Таму важна, каб імя па бацьку гарманічна дапаўняла імя. Было відавочна, што імя па-бацьку Мікалаевіч гарманічна дапаўняе імя Анатоль. А ўжо прозвішча Зэкаў дакладна ўнесла гармонію гумару ў "Кола Міколаў".
   Сваёй пранікнёнай шчырасцю ўразіў гледачоў Мікола Віч. Ягоны бацька — Мікола Гіль за псеўданім узяў першую палову свайго прозьвішча. А сын узяў за псеўданім другую палову. На жаль, Мікола Гіль не змог прысутнічаць на вечарыне.
   Не было і Мікалая Мікалаевіча Чарняўскага, затое ён прапанаваў на замену сабе маладога паэта-пачаткоўца Міколу Галавача.
   Цэнтрам, сэрцам "Кола Міколаў" быў, канешне ж, Мікола Кандратаў. Ягоныя светлыя вершы былі сапраўдным падарункам для ўсіх. А Міколу павіншавалі з Днём народзінаў і імянінамі. Мікола Кандратаў і вёў вечарыну з дапамогай унучкі Міколы Паўлюкаўца — Аксаны Спрынчан.

Прэзентацыя@tut.by (2010) (фота)

Шляхам вечнасці (2010) (фота)
   Арт.С арганізаваў незвычайную вялікодную вечарыну — прэм'еру дакументальнага фільма "Навагрудская Галгофа". Такое мерапрыемства прайшло ў бібліятэцы Цёткі ўпершыню. 9 красавіка на вялікім экране была паказана саракахвілінная стужка пра пакутніцкую смерць праваслаўнага святара Заходняй Беларусі Мікалая Нядзведскага. На жаль, гледачоў не сабралася багата — напярэдадні Радаўніцы многія паехалі рыхтавацца да асвячэння могілак — але гэта не перашкодзіла паказаць фільм. Пасля благаславення кіраўніка творчай групы (кіраўніка Інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы) іерэя Аляксандра Якуціка, выступілі стваральнікі стужкі: аўтар Зміцер Арцюх і рэжысёр Святлана Дземчанка, а таксама пляменнік бацюшкі, названы ў яго гонар — Мікалай Шэпялевіч. У абмеркаванні прынялі ўдзел і гледачы, якім была дадзена магчымасць выказацца. Правяла вечарыну загадчыца бібліятэкі Цёткі Рэгіна Багамолава.

Музы (2010) (фота)

Тацянін дзень (2010) (фота)
   Падтрымаўшы ідэю паэткі і літаратуразнаўцы Тацяны Барысюк наш тэатр правеў 25 студзеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча вечарыну “Тацянін дзень”. Месца было выбрана не выпадкава. Па-першае, гэта другая пляцоўка Арт.С, а па-другое, імя ў дырэктаркі музея — Тацяна. Тацяна Шэляговіч. Вось яна і распачала кола выступоўцаў Тацян. Імі былі і Тацяна Пратасевіч, і Тацяна Сівец, і Тацяна Беланогая, і Тацяна Грыневіч (Матафонава) разам з малым сынам, які ў падарунак Тацянам выканаў песню. Наогул, у беларускай літаратуры шмат пісьменніц Тацян. З неназваных гэта — Будовіч, Мушынская, Шамякіна. У іх, на жаль, не атрымалася сустрэць свята ў коле цёзкаў.

Культурныя формы (2009) (фота)
   6 лістапада на галоўнай пляцоўцы адбылася імпрэза "Культурныя формы", прадстаўленая прома-групай VU — Вікай Трэнас і Юліяй Новік. З французскай мовы "VU" перакладаецца як "пабачанае", і гледачы мелі магчымасць адчуць сузіральнасць вершаў Вікі Трэнас і Юліі Новік і песень Таццяны Беланогай. Ганна Федарук выканала чароўны ўсходні танец. Ася Паплаўская, што прадстаўляла суполку "Сучасная беларуская літаратура" і разыгрывала кнігі сучасных аўтараў, была прыемна здзіўленая маладой і падрыхтаванай публікай. На дзявочнік быў запрошаны толькі адзін хлопец — Вадзім Клімовіч, які ўпершыню выканаў дзве песні на словы Юліі Новік. Мастацкім афармленнем залы займалася Тацяна Макарэвіч, а цікавай палітрай кніг і дыскаў беларускіх аўтараў загадваў Алесь Мазанік. Была прадстаўлена выстава беларускіх коміксаў "Блакітны Свін і яму падобныя", стваральнікі коміксаў — Даша Бельская, Алёна Беланожка, Данііл Жугжда і Васіль Паўлініч.

Шарай гадзінаю (2009) (фота)
   У шэры кастрычніцкі вечар адбылася вечарына "Шарай гадзінаю (Ля люстэрка з дызайнерам-мадэльерам Святланай Длатоўскай)". Шарай гадзінаю нашыя бабулі сядалі прасці і шыць, ствараць тыя ўзоры, якія цяпер называюць традыцыйнымі. Шэрая гадзіна, так, менавіта так, называе сябе найлепшы дызайнер-мадэльер Беларусі Святлана Длатоўская. І, працягваючы іх традыцыю, усё змяняе да эксклюзіўнасці.
   Гэты вечар мы правялі каля люстэрка з ёю, хоць і пабачылі яе ў самым канцы. З ёю, бо ейныя строі і ёсць яна сама — яскравая і сціплая, узрушаная і задумлівая, дзікая і еўрапейская.
   Не проста так у назве вечарыны прысутнічае і фраза "ля люстэрка". Прысутнічае, бо самастойны чалавек пачынаецца менавіта з люстэрка. Маленькае дзіця не мае свайго я, яно знаходзіцца ў непарыўных стасунках з маці. Вырашальны момант для з’яўленьня яго структуры я надыходзіць тады, калі дзіця пачынае пазнаваць сябе ў люстэрку, прыкладна ад 6 да 18 месяцаў. Толькі тады яно пачынае асэнсоўваць сябе ў якасці самастойнай, адчужанай ад маці істоты. Гэтая стадыя развіцця асобы была вызначана Жакам Лаканам, як стадыя люстэрка.
   Нашае "я" нараджаецца ля люстэрка, і, як пасля аказваецца, не можа жыць без яго. Не можа жыць без люстэрка і мода.
   Для першых модных часопісаў, якія сталі выходзіць у 19 стагоддзі, пісалі знакамітыя пісьменнікі. Так, да прыкладу ў Парыжы выходзіў вельмі вядомы штотыднёвік "La Mode", у якім друкаваліся Аляксандр Дзюма, Эжэн Сю, Анорэ дэ Бальзак, Жорж Санд.
   І я думаю, вельмі правільна, што Паэтычны тэатр "Арт.С" вяртае творцаў да моды, а моду да творцаў. Пры гэтым найцікавейшых творцаў да найцікавейшай моды.
   Хіба не цікава супаставіць творцу і строй, ягоныя творы і строй. Хіба не цікава паглядзець на ягонае разуменне матэрыі. І яшчэ раз падумаць над тым, што першаснае, матэрыя альбо свядомасць.
   Шэры — гэта колер "Шэрага рэчыва", то бок мозга. Гэта колер інтэлекту.
   Шарай гадзінаю ў "Арт.С" была філасофія моды ад Валянціна Акудовіча і Алеся Анціпенкі, паэзія моды ад Славаміра Адамовіча, Тацяны Барысюк, Міколы Кандратава, Юліі Новік, Аксаны Спрынчан, проза моды ад Наталкі Бабінай, казка моды ад Алены Масла, музыка моды ад Алеся Камоцкага, Яраша Малішэўскага, Крысціны Пержуковай. І воплескі модзе ад уражаных гледачоў.

Мама (2009) (фота)
   Арт.С шырока адзначыў Дзень маці і Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Было праведзена дзве сентыментальныя вечарыны “Мама”. Першая прайшла ў Палацы мастацтва, другая — на галоўнай пляцоўцы. 16 кастрычніка ў бібліятэку Цёткі сабраліся тыя, хто меў ахвоту паслухаць вершы і песні пра мам, тыя, хто хацеў распавесці гісторыі пра сваіх мам, успомніць сваё дзяцінства. Выступалі не артысты, пісьменнікі, музыкі, чыноўнікі, а дзеці — дочкі і сыны Марыі Бутэвіч (Анатоль Бутэвіч), Генуэфы Глускай (Рэгіна Багамолава), Ганны Мазго (Уладзімір Мазго), Зінаіды Барысюк (Тацяна Барысюк), Ганны Зайцавай (Мікола Кандратаў), Алены Пушкаровай (Наталля Пушкарова). Пачалася вечарына з музыкі Баха і песні Наталлі Пушкаровай “Боская Маці”. Затым гучалі вершы Эдзі Агняцвет, Анатоля Грачанікава, Максіма Танка, Алены Якаўлевай. Іх чыталі студэнткі ўніверсітэта культуры Юлія Есьман і Аляксандра Ціханава. Падрыхтавала дзяўчат да выступу народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Музычнае афармленне было жывым. Яго забяспечыў піяніст Аляксандр Стэцко. Прысутныя паслухалі таксама музыку Шапэна, Шумана і Рахманінава. Мастацкім афармленнем залы займалася Тацяна Макарэвіч, якая аформіла шырмы фотаздымкамі мам выступоўцаў і супрацоўнікаў бібліятэкі, і яе сяброўка Валянціна Мікалаюк, якая прынесла шмат рэчаў, зробленых рукамі сваёй маці. Да таго ж Валянціна — пісьменніца. Яна прачытала апавяданне “Бэбі-бум”. Правялі вечарыну Зміцер Арцюх і Людміла Баяўчук, якія чыталі вершы Сяргея Грахоўскага, Алега Салтука, Алега Лойкі, Тараса Шаўчэнкі, Таісы Бондар. А яшчэ прысутныя мелі магчымасць пачуць цудоўны голас Людмілы Баяўчук, якая выканала некалькі песен на ўкраінскай мове.

Творчаму роду няма пераводу (2009) (фота)
   15 траўня 2009 года Паэтычны тэатр “Арт.С” закрыў першую дзею трэцяга сезону вечарын. Закрыў па-сямейнаму — вечарынай “Творчаму роду няма пераводу”. Вядоўцы — Вадзім Клімовіч і Аксана Спрынчан. Аўтар — Аксана Спрынчан. Спачатку выступіла Алена Масла, якая прадставіла гасцям творчыя працы мужа Сяргея, сына Кастуся і дачкі Крысціны Пержуковых. Сямейную творчасць дэманстравалі паэты Віктар Шніп і яго жонка Людміла Рублеўская. Затым слова ўзяў Міхась Шавыркін са сваёй дачкой Міраславай Навіш і ўнучкай Вальжынай Прохаравай. Выступіў Вадзім Клімовіч і яго сястра Наталля, сёстры Яна і Крысціна Шэляговіч, Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. Усе падрабязнасці пра вечарыну чытайце на старонцы “СМІ пра нас”.

Лёгкасць успрымання (2009) (фота)
   На галоўнай пляцоўцы Паэтычнага тэатра “Арт.С” 24 красавіка 2009 года адбылася літаратурная імпрэза з нагоды адкрыцця выставы “Лёгкасць успрымання” нашага фотажурналіста Любові Палянскай. На сценах бібліятэкі Цёткі прадстаўлена фотавыстава ў жанры “пейзажная лірыка”, натхнёная прыродай Беларусі, Расіі, Украіны, рахтавалася два гады і, па сутнасці, стала першай сур’ёзнай персанальнай фотавыставай у творчай біяграфіі фатографа. У імпрэзе прынялі ўдзел: Магічны Аркестр, які ствараў настрой да пачатку дзейства і па яго завяршэнні, паэты Зміцер Арцюх, Аксана Спрынчан, Рэгіна Багамолава, бард Наталля Пушкарова, галоўны музыка “Арт.С” Яраш Малішэўскі сыграў на дудзе і праспяваў дзве песні. Паводле сцэнару выступоўцы былі забяспечанымі наведвальнікамі фотастудыі вядомага майстара, у ролі якога — Люба Палянская. З кожным яна размаўляла, праводзіла персанальныя фотасесіі, праверыўшы на фотагенічнасць, абяцала зрабіць добрыя фотаздымкі на памяць. А разлічваліся творцы самым дарагім — вершамі, песнямі і, вядома ж, цёплымі словамі ў адрас віноўніцы ўрачыстасці. У канцы імпрэзы адбылася рэкламная акцыя “Сфатаграфуй фатографа”. Усе, хто асмеліўся гэта зрабіць, атрымалі ў падарунак па люстэрку, бо паводле меркавання Любы Палянскай кожны фатограф, фатаграфуючы каго-небудзь, бачыць сябе.

Еш не еш (2009) (фота)
   Вечарынка "Еш не еш — усё адно памрэш", прысвечаная смачнай ежы, адбылася 3 красавіка 2009 года на галоўнай пляцоўцы "Арт.С". На сцэне тэатра гледачам адчыніла свае дзверы эксклюзіўная літаратурна-музычная кавярня. Вядоўцамі — наведвальнікамі кавярні — выступілі Вадзім Клімовіч і Аксана Спрынчан, а падаваць на глядацкі стол смачных творцаў дапамагала лепшая ў свеце афіцыянтка Юлія Новік.
   Пачаўся вечар з бакалу чырвонага віна і адпаведнай песні ў выкананні Вадзіма Клімовіча, а далей — якую толькі страву не замаўлялі наведвальнікі, абавязкова выступаў звязаны з ёй творца. Такім чынам вядоўцы пілі вішнёвы сок разам са Змітром Вішнёвым, елі вэнджаную птушку з Аляксеем Чубатам і салату з зялёных агуркоў і чырвоных памідораў з Рэгінай Багамолавай, пілі Мінскую мінералку з Сержам Мінскевічам і смакавалі мясное асарці разам з Людмілай Рублеўскай. Далей на стале з'явіліся хлеб і бульба, вершы пра якія прагучалі ў выкананні маладых акторак Юліі Есьман і Аляксандры Ціханавай, а таксама рэбравая піраміда і выступ Пятра Васючэнкі. Ніякі стол не сапсуе масла — вусны гледачам змазвала Алена Масла. Наступнымі спрабавалі цюпку — пакрышаны ў малацэ хлеб — разам з Юрасём Пацюпам, грэнкі з Юрыем Несцярэнкам, халву з Наталяй Пахамовіч і пілі каву з Тацянай Будовіч. Не магла не выступіць для гледачоў і Юлія Новік, якая прачытала свае вершы пасля таго, як наведвальнікам кавярні захацелася сюрпрызу і чаго-небудзь экзатычнага кшталту мідый.
   На прыканцы застолля вядоўцы вырашылі, што найбольш смачнай улюбёнай стравай заўсёды застаецца беларускае сальца, выдатную песню пра яго, напісаную спецыяльна да вечарыны праспяваў Яраш Малішэўскі. На працягу вечара гледачы таксама не засталіся галоднымі, кожны атрымаў смачны пачастунак і мог паўдзельнічаць у цікавых конкурсах. Шкада толькі, што не ўсе гледачы змаглі ў той вечар змясціцца ў зале. Але ж і побач з ёю можна было адчуць смачныя водары і пачуць выступы творцаў. Ну, не заўжды ж лёс дае магчымасць глядзець на іх.
---------------------------------------------------------------
  У працэсе падрыхтоўкі вечарыны ў дырэктароў "Арт.С" Зміцера Арцюха і Аксаны Спрынчан узніклі творчыя спрэчкі адпаведна назвы. Зміцер настойваў на скарочаным варыянце "Еш не еш", у той час, як Аксана адстойвала права на жыццё свайго варыянту. У выніку мерапрыемства мела дзве назвы, якія мірна ўжыліся ў адной вечарынцы да дня гумару.


Усход – справа і злева (2009) (фота)
   13 сакавіка 2009 года на галоўнай пляцоўцы “Арт.С” адбылася вечарына, натхнёная Таджыкістанам. Яе правялі Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. Ідэя належыць паэтцы Аксане Спрынчан, якая ў 2008 годзе стала дыпламантам міжнароднага літаратурнага конкурсу “Садружнасць дэбютаў”. Конкурс праводзіўся сярод маладых пісьменнікаў краін СНД, а вынікі былі падведзены ў Душанбэ, дзе з рук прэзідэнта Імамалі Рахмонава Аксана атрымала прэмію за філасофскую лірыку. Вечарына ўяўляла казачны баль Шахерызады (у вобразе якой выступіла Алена Масла), але замест тысячы казак было толькі чатыры. (Паводле законаў усходу мужчына можа мець чатыры жонкі. Адсюль і чатыры казачных ночы). Казачніцы-сяброўкі Шахерызады паэткі Тацяна Барысюк, Тацяна Пратасевіч і Юлія Новік былі іх гаспадынямі, распавялі свае гісторыі і прачыталі новыя вершы. У галоўных ролях выступілі Мустафа і Сітора – паэты Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. Паводле сцэнара, яны дзяцінства правялі ў Таджыкістане, потым раз’ехаліся. Мустафа ў Марока, Сітора ў Беларусь. На балі ў Шахерызады яны зноў сустракаюцца і распавядаюць пра сябе. Мустафа паказвае свой гарэм – танцаўшчыц арабскіх танцаў Наталлю Вернікоўскую, Ганну Федарук, Вольгу Карашкову. Гледачы таксама змаглі патанцаваць. Усіх уразіла шыкоўнае афармленне залы, над якім папрацавала дызайнер Тацяна Макарэвіч.

Зоркі і вершы (2009) (фота)
   27 лютага 2009 года на галоўнай пляцоўцы “Арт.С” адбылася прэм’ера кнігі паэта Міколы Кандратава “Вершы і зоркі”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Правялі прэзентацыю Алена Масла і Аксана Спрынчан. Павіншаваць аўтара прыйшлі яго шматлікія чытачы, сябры, калегі Рэгіна Багамолава, Вадзім і Наталля Клімовічы, Наталля Кучмель, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Яраш Малішэўскі, Юры Несцярэнка, Зміцер Сідаровіч, Юрась Пацюпа, Юлія Новік, Юрась Нераток, Юры Сапажкоў. Выступоўцаў Мікола выглядаў праз падзорную трубу. Усе зычылі яму творчага плёну, дарылі свае песні, вершы. Гаварылася і пра зорную хваробу. Праўда, Міколе Кандратаву гэта не пагражае. Гледачы дарылі віноўніку ўрачыстасці кветкі. Упершыню вечарына была аздоблена шырмай, якую для паэтычнага тэатра зрабіў майстар Алег Цывілька.

Казкі і показкі Лысай Гары (2009) (фота)
   20 студзеня 2009 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылася другая частка прэзентацыі кнігі Аксаны Спрынчан “ЖываЯ”. На ёй аўтарка была маладзейшай за выступоўцаў Вадзіма Клімовіча, Валярыну Куставу, Тацяну Сівец, Рагнеда Малахоўскага, Юлію Новік, Віку Трэнас, фольк-гурт “Пераплут”, Маргарыту Прохар, Тацяну Будовіч, Аляксея Чубата, Зміцера Арцюха. Дарэчы, Зміцер і Аксана, ствараючы з выступоўцаў літаратурнае вогнішча, правялі вечарыну ў ролях унука Францішка Лысагорскага — Франака і Гаспадыні Лысай Гары. Гучалі вершы як аўтаркі кнігі, так і прысвечаныя ёй, спяваліся песні як на словы Аксаны Спрынчан (выконваў Вадзім Клімовіч), так і на словы Валярыны Куставай (у аўтарскім выкананні), былі жарты, конкурсы, падарункі. Падарункі, дарэчы, не толькі ад выступоўцаў, але і ад кампаніі “Будзьма!”. Жывыя партрэты ўдзельнікаў вечарыны стваралі і дарылі ім мастакі Альгерд Французаў і Ян Мяльніцкі.

Казкі і показкі Лысай Гары (2008) (фота)
   У бібліятэцы Цёткі прайшла першая частка прэзентацыі кнігі Аксаны Спрынчан "ЖываЯ". На вечарыну сабралася поўная зала гледачоў і выступоўцаў. І ўсе хто браў слова (паводле задумы аўтаркі), былі старэйшыя за яе. Таму і першая частка прэзентацыі прайшла ў старым годзе. Назва "Казкі і показкі Лысай Гары" таксама не выпадковая. Выступалі толькі тыя, хто наведаў гэтае святое для Аксаны месца. Але было і выключэнне – Рэгіна Багамолава. Ёй вядучая ўручыла яблык спакусы і запрасіла ў госці на сваё лецішча.
   Вершы, песні, казкі і цёплыя словы ў адрас віноўніцы ўрачыстасці прагучалі ад Максіма Клімковіча, Сержа Мінскевіча, Сяргея Верацілы, Валянціна Акудовіча, Алеся Анціпенкі, Галіны Дубянецкай, Зміцера Сідаровіча, Алены Масла, Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай, Міколы Кандратава, Рэгіны Багамолавай, Яраша Малішэўскага, Сяргея Сыса. Кожны з выступоўцаў імкнуўся як мага жывей прадэманстраваць сваю любоў да дырэктаркі Паэтычнага тэатра. Трэба адзначыць, што ва ўсіх гэта атрымалася. Кветкі, падарункі, пацалункі...
   Жывыя партрэты выступоўцаў стварыў і падарыў мастак Валер Юркевіч. Аксана Спрынчан аздобіла вечарыну не чытаннем сваіх вершаў, а ігрой на піяніна. Вечарына доўжылася тры гадзіны.

Краю блаславёнага дачка (2008) (фота)
   Вечарына памяці слаўнай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц прайшла на галоўнай пляцоўцы 28 лістапада 2008 года. Сябры і прыхільнікі творчасці віншавалі таленавітую аўтарку з шасцідзесяцігоддзем. (Яна нарадзілася 20 лістапада 1948-га, трагічна загінула 25 лістапада 1988). Вечарыну пачаў хросны бацька ўнучкі Яўгеніі Янішчыц Яраш Малішэўскі. Ён сыграў на дудзе. Далей галоўны музыка тэатра іграў на дудках, акарыне. Паэтычная частка праграмы пачалася з верша "Ты пакліч мяне. Пазаві...", які пяшчотна прачытала актрыса Людміла Баяўчук. Яна разам са Зміцерам Арцюхом і правяла вечарыну.
   Цёплыя словы пра непрыручаную птушку Палесся гаварылі выступоўцы — стараста курса, на якім вучылася Яўгенія Іосіфаўна, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, сяброўкі-пісьменніцы Ніна Загорская і Валянціна Коўтун, сын Андрэй Янішчыц. Але не толькі ён прысутнічаў на вечарыне. Ва ўтульнай зале бібліятэкі Цёткі была ўся яго сям’я.
   Прысутным спадабаўся выступ студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юліі Есьман і Хрысціны Жаўрыд, якія прачыталі ўрывак з паэмы "Ягадны хутар" і некалькі вершаў паэткі. Падрыхтавала дзяўчат да чытання народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Апладысментамі аддзячылі гледачы Людмілу Баяўчук, якая чытала ў арыгінале вершы сваіх землякоў Тараса Шаўчэнкі і Лесі Украінкі, спявала вядомыя ўкраінскія песні "Думы мае думы", "Ой у вішнёвым у саду".    Закончылася вечарына чытаннем верша "Будзе слоту абвяшчаць прагноз", які, акрамя вядоўцаў, але на паўголаса, для сябе, чыталі і гледачы.

Прытуліся да мяне, як гітара да гітары... (2008) (фота)
   Вечарына бардаўскай песні адбылася 20 мая 2008 года. Гэтым канцэртам Паэтычны тэатр "Арт.С" аб'явіў антракт на галоўнай пляцоўцы да верасня. Для гледачоў спявалі Павел Кузіч, Зміцер Сідаровіч, Наталля Пушкарова, Алесь Наркевіч, Раман Яраш. Кожны выступовец распавядаў пра сябе, адказваў на пытанні публікі. А іх было шмат. Цікавіліся і пра творчае, і пра асабістае жыццё. Прасілі праспяваць на "біс". Выступоўцам давялося выконваць не толькі правераныя песні, што былі на той час у іх рэпертуары, але і тыя, якія былі, скажам так, "на падыходзе". Праўда, адрозніць іх слухачы так і не змаглі, бо майстэрства выканаўцаў нават перадпрэм'ерныя песні дазволіла прадставіць як ужо вядомыя. Удзел у вечарыне прымаў яшчэ музыка Юрась Шышко, які ствараў добры настрой перад пачаткам праграмы.
   Вядоўцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан паміж песнямі распавядалі гісторыі пра з'яўленне бардаў на Зямлі, пра іх прызначэнне, творчасць, пра тое, што кожны бард павінен несці святло і дабрыню слухачам. Назву вечарыне "Прытуліся да мяне, як гітара да гітары..." даў радок з верша Аксаны Спрынчан.

На трох жалудах (2008) (фота)
   Прэм'ера кнігі Зміцера Сідаровіча "Тры жалуды" з антракт-прэм'ерай кампакт-дыска адбылася на галоўнай пляцоўцы 18 красавіка 2008 года. Пачалася вечарына з прадмовы да прэм'еры. Яе зрабіў сябар і аўтар прадмовы да кнігі Міхась Скобла. Выступілі таксама Яраш Малішэўскі, Сяргей Скрыпнічэнка, Кастусь Герашчанка, Тацяна Матафонава, Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй, гурт "Бружмель", Ільля Арыстаў з сялянскай аркэстрай "Капэла-Фібула".
   Вядоўцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан былі перакананы, што зямля трымаецца не на трох кітах, а на трох жалудах. І ў гэтым яны пераканалі прысутных. Зміцер Сідаровіч чытаў вершы і спяваў песні: "Тры жалуды", "Пена цёмнага піва", "Бацюхна-Нямон", "Ты ня маеш струн маёй душы", "Ясна панна мая", "Пан Скіргайла".

Ты будзеш думаць пра мяне... (2008) (фота)
   Рэпетыцыя другой кнігі паэта Зміцера Арцюха адбылася на галоўнай пляцоўцы 28 сакавіка 2008 года. Нагода — трыццацігоддзе аўтара. У ёй прынялі ўдзел народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая прачытала ўрывак з п'есы Зміцера Арцюха "Пахоміха", украінская актрыса Людміла Баяўчук, якая прачытала байку "Кабанова змова" і распавяла якім Зміцер быў студэнтам падчас навучання ў педагагічным каледжы імя Максіма Танка.
Выступілі таксама госці-землякі з Наваградчыны Марыя Быт і Святлана Абдулаева, зямляк-крытык Яўген Лецка, музыкі Яраш Малішэўскі і Серж Мінскевіч, паэты Аксана Спрынчан, Мікола Кандратаў, Святлана Багданкевіч, Тацяна Пратасевіч і Рэгіна Багамолава. Арабскі танец выканала Наталля Вернікоўская.
   Другую кнігу Зміцер вырашыў назваць "Бакал чырвонага марціні" і амаль усе вершы, якія ён прачытаў на вечарыне, плануецца, што ўвойдуць у яе. Па прачытаным можна меркаваць, што галоўнае месца ў кнізе зойме тэма Радзімы — Наваградчына. Нізка вершаў будзе называца "Мая зімовая сталіца". Дарэчы, гэта своеасаблівы працяг кнігі "Вясна ў кароткім паліто...", бо там вершы з нізкі "Мая зімовая сталіца" ўжо былі надрукаваны.

Кола жыцця (2007) (фота)
   Творчая вечарына (задыякальна-паэтычная) Міколы Кандратава адбылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 29 лістапада 2007 года. Была прымеркавана да пяцідзесяцігоддзя паэта. У ёй прынялі ўдзел Віктар Шніп, Алена Мельнікава, Валянцін Акудовіч, Людміла Рублеўская, Яраш Малішэўскі, Зміцер Сідаровіч, Тацяна Пратасевіч, Святлана Савава, Усевалад Гарачка, Віка Трэнас, Валерый Мянжынскі, Кацярына Русаковіч, Серж Мінскевіч. Правялі вечарыну Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. Вечарына дала пачатак задыякальна-паэтычнаму праекту "12 сузор'яў". Была пабудавана з 12 раздзелаў, у якіх даваліся падрабязныя характарыстыкі прадстаўнікоў задыякальнага кола. Мікола падрыхтаваў падарункі выступоўцам — саламяныя зорачкі і касмаграмы, па якіх можна чытаць і ствараць уласны гараскоп.