|
Удзельнiкi: Яраш Малішэўскі
Музыка, гісторык, літаратар, галоўны музыка Паэтычнага тэатру "Арт.С". Нарадзіўся 4 жніўня 1973 года ў Мінску. Скончыў сярэднюю школу №151, ПТВ №31, гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сталяром, аўтаслесарам, таксыдэрмістам, прадаўцом, гандлёвым агентам, намеснікам дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву навукова-тэхнічнай дакументацыі, навуковым рэдактарам выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", супрацоўнікам Беларускага навукова-адукацыйнага цэнтра імя Францішка Скарыны, рэдактарам агенцтва РЫФ-ТУР. Зараз – гід у турыстычнай сферы.
Музыка-мультыінструменталіст. Гітара, дуда, лера, пэркусія, дудкі, жалейкі, акарыны, пішчыкі, чароткі, варган, мандаліна і іншыя. Сольная дзейнасць: - "Жыць для Беларусі". Трыб’ют Ларысы Геніюш. - "Песьні з-за кратаў". Трыб’ют Сяргея Новіка-Пяюна. - "Песьні свабоды-3". Удзельнік гурту "PETE-PAFF" (альбом "Паглыбленьне", 2006). Як аўтар і выканаўца супрацоўнічае з гуртамі "P.L.A.N.", "GARADZKIJA", "АЛЯКСАНДРА І КАНСТАНЦІН", "KRONA", "MADERA HARD BLUES" і іншымі. Як гісторык друкаваўся ў часопісах "Беларуская мінуўшчына", "Прырода", газетах "Наша Ніва", "Голас Радзімы", "Туризм и Отдых", зборніку "Вяртаньне". Калекцыянуе музычныя інструменты, матылькоў, старасвеччыну. Вандруе.
Растаньне 1. Вечар прыносіць успаміны, у кубку – растаньня горкі смак Гукаў чароды аціхаюць, час ляціць няўзнак. Фарбы пабляклі ды зжаўцелі, быццам паловы й не было Кропляў дажджу не дакрануцца, дотык зноў – у шкло. Дзе той шлях жаданы кружляе, што кіруе на твой парог, Мо падкажа заўтрашні золак слушны выбар між ста дарог? 2. Сонна наўкол кладзецца лісьце – у барве і золаце кілім Разам бы да зямлі зь ім рынуў – каб да ног тваіх. У шыбу крылом махне сутоньне, промні зайшлі за край зямлі Век бы глядзеўся ў твае вочы, дзе цяпер яны? Недзе долу падаюць зоркі, недзе мора хвалямі б’е Лашчыць кветкі жоўтае сонца, што мне гэта ўсё безь цябе? 3. На стол сьлязой сплывае сьвечка, сьвятла мігценьне давідна Што ёсьць – бы сон, ды не прачнуцца, у душы – зіма Коўдрай ноч места ахінула, вулак здушыла мітусьню Вецер шапоча ў шатах дрэваў – пра цябе адну. Між сузор’яў срэбных ў небе зьнічкі зыркай згасае сьлед Хвілі ў нябыт адплываюць – безь цябе пусты гэты сьвет. Выправа Смак пылу на вуснах, зіхоткае сонца І за сьпінай – той шалёны шлях Птушкі ў небе, вада ў крыніцах Далягляды, як у шаблі мах. Промні між дрэваў, і круціцца сьцежка Коні мкнуць наперад, не стрымаць Зьвініць ў травах вецер, мільёнам званочкаў Абуджае, досыць ужо спаць. Па-над галавою, калі ня ўчуць Зірні, і ўбачыш сам – анёлы лятуць. Тут месца ў краі аддадзена Богам Не прыблудам, але толькі нам Наперадзе сеча, і перамога Золак нас спаткае ўжо там. Выправа ўночы, сьвятло дарыць месяц Срэбрам тускным высьцілае сьлед Палаюць паходні, тапырацца дзіды Перамог бы хоць і цэлы сьвет. Ляціць у неба песьня, лунаюць сьцягі У небе бязьмежным, дзе даль-далячынь. На раздарожжы, кіпцямі ў крыж Крумкач усьсеўся, як ночны віж. Урыўкі думак, аскепкі сноў Раскідаў вецер, наш шлях – дамоў. Чакаць падарункаў ад лёсу няможна Лёс цяпер бяры ў рукі сам На бруку гучыць капытоў дробны пошчак Бог дае ўдачу сёньня нам. Мацней заціскаеш у пальцах клінок Пранізьлівым гукам пяе ўжо рог. |