Удзельнiкi: Тацяна Будовіч

Тацяна Будовіч
пошта:
zharynka@tut.by

сеціва:
dziejaslou.by ... (архіў)

Паэтка. Нарадзілася ў Мінску 12 студзеня 1977 года пад сузор’ем Казярога. Чым толькі не захаплялася ў дзяцінстве: плаваннем, акрабатыкай, выяўленчым мастацтвам... Аднойчы да яе прыйшла думка: я стану паэтам. І было гэта ўсведамленне настолькі безапеляцыйным, што яна магла не згадваць пра яго некаторы час альбо нават забыць, але ніколькі не сумнявалася, што ўсё сапраўды так і будзе. Тады ж, ва ўзросце 7-мі гадоў, і напісала свой першы верш, які быў прысвечаны роднаму гораду Мінску. Канешне, тое было дзяцінствам (у мастацкім разуменні), але і Пачаткам Шляху. У 1994 годзе скончыла школу № 154, у 1998-ым – Інстытут сучасных ведаў па спецыяльнасці фінансы і крэдыт. Першая публікацыя з’явілася ў 1995 годзе ў часопісе "Першацвет", а ў 2002-ім выйшла першая кніга паэзіі "Дуэль паглядаў". На працягу гэтага часу друкавалася амаль ва ўсіх рэспубліканскіх выданнях. У 2005-ым скончыла гістфак БДУ. Захапленні яе за гэты час сталі больш дарослымі: гэта парашутны спорт і альпінізм. Мае трэці разрад у гэтых відах спорту. Яны і далі ёй ўсведамленне яе жыццёвага крэда: толькі ўверх! Зараз – супрацоўніца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і магістрантка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка.

Тацяна Будовіч Тацяна Будовіч Тацяна Будовіч


* * *

вазьмі мае рукі ў свае
ім гэтага так не стае

калі па-над сытым барока
вандруюць шкілеты аблокаў

спружынкаю скручанай смерці
ў кішэні дзіравае сэрца

здаецца: ламаюцца крыгі
а гэта пачатак адлігі

пад скураю лёд растае
вазьмі мае рукі ў свае


Фантазія на тэму поўні

    - Поўня ў вакно глядзіць...
    - Ага. Уранку прачнуся –
    уся пыса ў крыві. А дзе быў,
    што рабіў, не помню...


... Зноў пачысціш крывавыя іклы,
да абраду штодзённага звыклы.

Гладка выгалішся, як заўсёды,
і не ўспомніш начныя прыгоды:

як гайсаў рызыкоўна па дахах,
ні на міг не паддаўшыся страху,

як улез праз акно ў маю хату,
з падваконніка скінуўшы кактус,

як патрапіў у жорсткую пастку
сваёй нейкай там важнаю часткай

і якім быў мой пэндзлік распусным,
як твае фарбавала я вусны.

...Ні шалёнай раз’ятранай поўні,
ні яшчэ шмат чаго ты не ўспомніш.