Удзельнiкi: Аксана Спрынчан

Аксана Спрынчан

Пісьменніца. Дырэктарка Паэтычнага тэатра "Арт.С". Заснавальніца (разам са Зміцерам Арцюхом) Паэтычнага тэатра "Арт.С". Нарадзілася 23 жніўня 1973 года ў горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці. Скончыла СШ № 28 г. Мінска, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1995), аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1998), Беларускі Калегіум (2005). Працавала вядучым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі. З 2006 у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Рэдактар часопісаў "Паміж" №4 і №5 (з Вікай Трэнас). Была аўтарам рубрыкі "Паэтычны чацвер" (газета "Голас Радзімы"). З 2001 у аб'яднанні "Літаратурнае прадмесце". Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2005).
   Пісаць пачала 13 красавіка 2000 года. Першыя вершы надрукаваныя ў газеце "Сафійская крыніца" ў 2001 (пад псеўданімам Ганна Сонгіна і Алеся Рабцэвіч). Аўтар кніг паэзіі "Вершы ад А." (2004), "ЖываЯ" (2008), SMS-п'есКІ з антрактам-размовай праз тэлефон "Дарога і Шлях", створанай разам з філосафам Алесем Анціпенкам (2009), “Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў”, створанай разам з музыкам і гісторыкам Ярашам Малішэўскім (2010). У 2007 у часопісе "Дзеяслоў" выйшла "беларуская энцыклапедыя пачуццяў" "Хата для Моўчы", напісаная ў выглядзе энцыклапедычных артыкулаў з рэдакцыйнай калегіяй, навукова-рэдакцыйнай радай, навуковымі кансультантамі, са сваёй сістэмай спасылак, курсіваў і скарачэнняў, са сваёй літаратурай паводле тэмы і г.д. Друкавалася ў часопісах "Архэ", “Бярозка”, "Вожык", "Дзеяслоў", "Крыніца", "Маладосць", "Нёман", "Паміж", "Першацвет", "Полымя", "Тэрмапілы", газетах "Голас Радзімы", "Літаратура і мастацтва", "Наша Ніва", у калектыўных зборніках і інш. Гадуе дачку Альжбэту, дзякуючы чаму пачала пісаць творы для дзяцей (друкаваліся ў часопісе "Вясёлка", 2008—2010; кнігах “З Новым Годам!”, 2009; “Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў”, 2009). Спецыяльны прыз журы пад кіраўніцтвам Палада Бюль Бюль Аглы міжнароднай прэміі "Садружнасць дэбютаў" "За філасофскую лірыку" (2008). Пераможца конкурсу “Літаратура – дзецям” (2009). Калекцыянуе жабак. Фотааматар. Гаспадыня Лысай Гары. ЗакаханаЯ.

Аксана Спрынчан Аксана Спрынчан Аксана Спрынчан Аксана Спрынчан Аксана Спрынчан Аксана Спрынчан


* * *
Пішу на каменьчыках літары,
шпурляю ў ваду.
Кругі, як жыцьцё, разыходзяцца –
    - - - - - К - - - - -
 - - - - - А - - - - - -
    - - - - - Х - - - - -
         - - - - - А - - - - -
             - - - - - Ю - - - - -
                 - - - - - ? - - - - -
- - - - - Л - - - - -
    - - - - - Ю - - - - -
 - - - - - Б - - - - -
    - - - - - Л - - - - - -
        - - - - - Ю - - - - -
    - - - - - ? - - - - -
І ў неба ўглядаюся вусьцішна,
што тоне ў вадзе.
А з моўчы глыбокай дыханьне
ці аблачыны,
                      ці рыбіны:
                    (ж)
                         (ы)
                             (в)
                              (у)
                            (!)
                    і
                              (ж)
                         (ы)
                     (в)
                        (і)
                          (!)
                    і
                        (ж)
                          (ы)
                      (в)
                             (е)
                          (!)


* * *
у адзіноце
ўзгадваю
назвы нотаў
ДО
    РЭ
        МІ
            ФА
                СОЛЬ
                    ЛЯ
                        СІ
                            ДО-
сыць
называць
непатрэбнае
бо не сьпяю паводле нотаў
ніводнага імгненьня жыцьця
але з душою сьпяю пра
ДОлю
    і РЭха
        і МІлаваньне
            і ФАнтазію
                і СОЛЬ зямлі
                    і ЛЯсы
                        і СІнечу
                            і ДО-
сыць