![]() ![]() ![]() ![]() |
Святкуйма беларускае
12-гадовы праект. Ствараецца свой беларускі каляндар.
Год Арэхавай Вавёркі (2012) Калі прыгледзецца да лічбы 2012, дык няцяжка заўважыць, што яна, нібыта кола. У коле жыцця круцімся ўсе мы, а ў кола 2012 года Паэтычны тэатр “Арт.С” вырашыў змясціць Арэхавую Вавёрку. Год абяцае стацца цёплымі і прыўкрасным, бо вавёрка мае прыгожае і каштоўнае футра. Год абавязкова будзе лёгкім і натхнёным, бо вавёрка – заўжды лёгкая і натхнёная, большую частку жыцця яна бавіць як мага бліжэй да неба, у шатах дрэў. Арэхавая Вавёрка дапаможа і выйсці з крызісу, бо гэты звярок не лянуецца збіраць арэхі і рабіць з іх запасы. На запасы вавёркі часта забываюцца, і гэтым дапамагаюць выжываць іншым. І няхай выява вавёркі была толькі на 50 капейках 1992 года выпуску, але ж, як той казаў, капейка рубель беражэ. А вы не шкадуйце грошай, а з’ездзіце, на шчасце, у Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці, на гербе якога ёсць вавёрка. Год Арэхавай Вавёркі таксама абяцае быць надзвычай жывым, і любіць вас будуць, як любяць вавёрку (а хто яе не любіць!). І нават прысмакі вам свае аддадуць, абы палюбавацца, як вы іх міла з’ядаеце. У год Арэхавай Вавёркі – грызіце арэхі, а не тых, хто з вамі жыве альбо працуе. І не забывайцеся наведваць Паэтычны тэатр "АРТ.С" (art-s.by). Святкуйма беларускае! І трымайце хвост вавёркай! Год Вогненнага Вожыка (2011) (фота) Год Зялёнай Жабкі (2010) (фота) Святкаваннем "Года Зялёнай Жабкі" паэтычны тэатр "Арт.С" працягнуў 12-гадовы праект "Святкуйма беларускае!". Цяпер Багоўка перадала свае правы Зялёнай Жабцы. Жабка — сімвал Беларусі. Буслы на паўгода злятаюць ад нас, зубры жывуць у штучных умовах. А жабы заўжды з намі ў нашым балоце. Спяваюць і змагаюцца, ніколі не здаюцца. Балота без жабак не назавеш балотам. Беларусь без жабак не назавеш Беларуссю. Адну жабку спыталі: — Ты чаму такая зялёная і слізкая? — Гэта я проста хварэю, а так я белая і пухнатая. На вечарыне таксама была зімовая, снежна-эратычная, белая і пухнатая жабка, сапраўдная Беланожка — Алёна Беланожка. Лічыцца, што жабкі дапамагаюць зараджэнню кахання, з'яўленню дзяцей і ўвогуле могуць служыць сімвалам сямейнай вернасці, як і галубы, што цалуюцца. Ярашу Малішэўскаму давялося выканаць новую песню "Хоцькі-няхоцькі, кахаю я жабоцьку". Сядзеў неяк Давід каля мора і пісаў свой 150 псалом, але жабы сваім крумканнем перашкаджалі яму. Ён не аднойчы пасылаў служак кінуць камяні ў жабак, але тыя дадуць нырца, а як Давід напіша "хваліце Бога", дык жабы зноўку за сваё. Давід не вытрываў і загадаў усіх забіць. Але тут выпаўзла найстарэйшая жаба і сказала: "Навошта ты загадваеш нас забіць, мы ж хвалім Бога па-свойму". Вось чаму 150 псалом складаецца з вершаў, якія пачынаюцца словам "хваліце" і заканчваецца вершам "усялякае дыханне ды хваліць Госпада". Жабскае ж дыханне ў гэты вечар хваліла прыўкрасная Людміла Паўлікава. Жабка-каралеўна выступае ў казках як татэмны продак, шлюб з якім абяцае творчае пераўтварэнне свету. Даследчыкі сцвярджаюць, што каралеўна-жабка — мастацкі сімвал добрых творчых сіл у прыродзе. Гэта прадэманстраваў на прыкладзе сваіх вершаў і Сяргей Панізнік. Дзеля чаго існуюць жабкі, распавёў Пятро Васючэнка. Маргарыта Аляшкевіч не скакала, як жабка, але натхняла сваімі вершамі, як і яны. Алесь Емяльянаў чытаў свае вершы ў позе лотаса. А Людміла Рублеўская распавяла пра жабак Ірыны Завадскай і прачытала вершы не пра жабак, а пра "блізкіх" да іх істот — кажана, змяю і г.д. Віктара Шніпа сустракалі асабліва цёпла, бо год Зялёнай Жабкі для яго юбілейны. А гурт "Жаба ў каляіне" быў прызнаны найлепшым гуртом 2010 года. Скончылася вечарына пажаданнем Аксаны Спрынчан: У год Зялёнай Жабкі Вы не складайце лапкі. Цягніце іх угору Ад тлуму і ад гора. І тыгры розныя няхай Не сапсуюць наш родны рай. На працягу вечарыны, якую вялі Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх, гучалі пытанні і ўручаліся прызы за правільныя адказы. Вы таксама можаце праверыць сябе на "жабскасць": Пытанні: 1. Што ў Беларусі называюць "жабіны хаткі?" 2. Што ў Беларусі называюць "жабіны хованкі?" 3. Як па-беларуску будзе "лягушачья икра?" 4. Што такое жабнік? 5. Прытокам якой ракі, якую любяць есці жабы, ёсць рака Жабінка? 6. Жабінка гэта? а) рака ў Маларыцкім і Жабінкаўскім раёнах; б) рака ў Камянецкім і Жабінкаўскім раёнах; в) рака ў Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. 7. Якая найбольш значная фабрыка у горадзе Жабінка? 8. У якіх гарадах пастаўлены помнікі жабкам? а) Парыж і Токіо; б) Мілан і Дрэздэн; в) Лісабон і Ліён. Адказы. Год Божай кароўкі (2009) (фота) Вечарынай, прысвечанай багоўцы Паэтычны тэатр “Арт.С” распачаў 12-гадовы праект “Святкуйма беларускае!” На працягу ўсяго 12 гадоў будзе створаны свой беларускі каляндар, блізкі кожнаму беларусу. Бо Усход – справа тонкая, можа і зламацца, і парвацца, а беларусы любяць стабільнасць, нават калі яна і крызісная. Гаспадынямі свята былі Аксана Спрынчан і Алена Масла, якая калекцыянуе гэтых прыгожых стварэнняў. Яны сустракалі гасцей, частавалі іх кропкамі-цукеркамі і слухалі, слухалі, слухалі. Бо госці былі апантаныя багоўкамі, то бок спявалі пра іх песні, прысвячалі ім вершы, распавядалі гісторыі і легенды. Свята атрымалася патрыятычна-эратычным, бо, як аказалася, у беларусаў багоўка і з Радзімай асацыюецца, і з каханнем. Прынамсі гэтак адбылося з Міколам Кандратавым, Валярынай Куставай, Людмілай Рублеўскай, Віктарам Шніпам, Міколам Шабовічам, Міраславай Навіш, Зміцерам Сідаровічам і Ярашам Малішэўскім. |