АБВесткі - Архіў 2010
 

31.12.2010
З Новым годам!
Паэтычны тэатр Арт.С віншуе ўсіх з каляднымі святамі, жадае натхнення, шчасця, удалага 2011 года. Рады бачыць вас на вечарынах у новым сезоне.
· Вольга ·

29.12.2010
Зміцер Арцюх на ТБ
Выступ Зміцера Арцюха ў паэтычнай рубрыцы праграмы "Наша раніца" канала АНТ чакаецца заўтра ў 6.55 і 8.55. Падрабязнасці - у Гасцёўні.
· Вольга ·

23.12.2010
Дзякуй Рагнеду Малахоўскаму
Сёння ў эфіры Агульнанацыянальнага тэлеканала (ОНТ) у праграме "Наше утро" паэт Рагнед Малахоўскі чытаў свае вершы. Паэтычную рубрыку для гэтай праграмы рыхтуе кампанія "Семага Медыа". Падчас здымак, Рагнед паведаміў рэжысёру Ліліі Шарупа мой нумар тэлефона. Мне патэлефанавалі і таксама запрасілі на здымкі. Эфір са мной плануецца на 30 снежня. Выказваю падзяку Рагнеду Малахоўскаму і запрашаю ўсіх уключыць тэлевізар у наступны чацвер раніцай. Дарэчы, я пакінуў каардынаты нашага тэатра і магчыма нашых удзельнікаў-паэтаў таксама запросяць прыняць удзел у гэтай папулярнай праграме другога беларускага тэлеканала.
· Зміцер ·

22.12.2010
Навіны сайта
Увага! На старонцы "Расклад вечарын" з'явіўся расклад вечарын першай дзеі пятага юбілейнага сезону (студзень-травень 2011). Запрашаем на вечарыны новага сезону.
· Вольга ·

20.12.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд сёмы: БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА.
Паэтычны тэатр "Арт.С" п р а д с т а ў л я е вандроўна-эстэтычны праект СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд сёмы: Белавежская пушча.
Сустрэчы з людзьмі, натхнёнымі прыродай: Пятро ВАСЮЧЭНКА, Анатоль ЗЭКАЎ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Людміла ПАЎЛІКАВА, Віктар ШНІП, Міхал БАРАНОЎСКІ, Юрась НЕРАТОК, Тамаш і Зміцер СІДАРОВІЧЫ ды Адась і Тацяна МАТАФОНАВЫ.
На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН.
Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрася ШЫШКО.
Збіраемся 21 снежня (аўторак) 2010 а 18:00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро “Парк Чалюскінцаў”). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

18.12.2010
Праца над рэпертуарам
Паэтычны тэатр Арт.С працуе над складаннем афішы пятага сезону вечарын. У юбілейны для нас год гледачы ўбачаць як вядомыя вечарыны, так і новыя з новымі вядоўцамі і ўдзельнікамі. Асноўныя з іх пройдуць на галоўнай пляцоўцы – у бібліятэцы Цёткі. Так, па традыцыі першая дзея пачнецца з вечарыны-маскараду "Стары Новы год у Цёткі", другая – з вечарыны-фарсу "Восень і іншыя коткі". Уласныя праекты рыхтуюць Зміцер Арцюх, Алена Масла, Юлія Новік, Тацяна Пратасевіч, Тацяна Барысюк, Аксана Спрынчан.
· Тацяна Макарэвіч ·

17.12.2010
Публікацыя ў ЛіМе
Загадчыца галоўнай пляцоўкі Арт.С Рэгіна Багамолава паведаміла, што ў сённяшнім нумары газеты "Літаратура і мастацтва" у рубрыцы "Прастора ўяўлення" надрукаваны матэрыял пра выставу Міколы Бушчыка "Святло душы", якая зараз экспануецца ў бібліятэцы Цёткі. Артыкул "Вясёлка ў цётчыным доме" напісала Святлана Адамовіч, фотаздымкамі яго аздобіла Святлана Берасцень. Чытач "ЛіМа" знойдзе шмат цікавай інфармацыі пра выставу і пра мастака. Прывяду толькі адзін факт: "Вершы Рэгіны Багамолавай, прачытаныя на адкрыцці выставы, былі добрым падарункам Міколе Бушчыку…". Выстава ў бібліятэцы Цёткі будзе доўжыцца да Новага года і пабачыць яе можа кожны. Яшчэ Рэгіна Багамолава паведаміла, што сёння яна апошні дзень на працы. Заўтра з’язджае ў адпачынак – у адзін з санаторыяў міншчыны – "Сасновы бор" пад Радашковічамі і правядзе там два тыдні. Жадаем Рэгіны прыемнага адпачынку. Абавязкі загадчыцы галоўнай пляцоўкі будзе выконваць Тацяна Макарэвіч.
· Зміцер ·

15.12.2010
"Нельга забыць"
17-га снежня, а 20-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя гурта "Нельга забыць" http://vkontakte.ru/club17139220 і аднайменнай праграмы на творы Ул.Караткевіча. Уваход 5000. г. Мінска, вул. М.Багдановіча 7 "А" (Траецкае прадмесце) Тэлефоны для даведак: 8 (017) 334-42-69, 8 (029) 850-73-27 (Міша). e-mail: maksimbagdanovich@rambler.ru. Падрабязнасці - у Гасцёўні.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

09.12.2010
"Казкі новай зімы"
Літаратурны музей Максіма Багдановіча шчыра запрашае з 10 па 12 снежня 2010 года на святочныя майстар-класы "КАЗКІ НОВАЙ ЗІМЫ". На майстар-класах будуць прадстаўлены як традыцыйныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і сучасная гарадская хэнд-мэйд культура. Падрабязнасці і праграма майстар-класаў - у Гасцёўні.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

08.12.2010
Зіма. Сумоўе. Музыка
Шчаслівую магчымасць на некалькі хвілін вярнуцца ў найцудоўнейшую атмасферу канцэрта "СУМОЎЕ" Вадзіма Клімовіча і Яраша Малішэўскага дае фотарэпартаж Юліі Новік, змешчаны на сайце "Родныя вобразы" (rv-blr.com).
· Вольга ·

06.12.2010
Музей Максіма Багдановіча запрашае
Шаноўныя сябры! Літаратурны музей Максіма Багдановіча шчыра запрашае 9 снежня 2010 года прыняць удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня нараджэння Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры.
У 12.00 - урачыстае ўскладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (г. Мінск, вул. М. Багдановіча).
У 16.00 - літаратурна-музычная імпрэза "Светлыя згадкі..." з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў і музыкаў (Траецкае прадмесце, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).
9 снежня для ўсіх прыхільнікаў таленту вялікага паэта прапануецца вольнае наведванне экспазіцыі Літаратурнага музея М.Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а), філіяла музея "Фальварак Ракуцёўшчына" (в. Ракуцёўшчына, Маладзечанскі р-н).
З 9 снежня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча будзе прадстаўлена выстаўка "Пяць месяцаў з жыцця паэта". Прадстаўленыя на ёй рэчы (эпісталярная спадчына, фотаздымкі, прадметы побыту) распавядуць пра адзін з самых шчаслівых перыядаў жыцця Максіма, мінскі, у якім было і знаёмства з беларускімі пісьменнікамі, і сустрэча Новага года, і напісанне новых славутых твораў.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

05.12.2010
Публікацыя Рагнеда Малахоўскага ў "Полымі"
Новыя вершы Рагнеда Малахоўскага надрукаваны ў 11-м нумары часопіса "Полымя". Аўтар паўстае ў вобразах вандроўніка на скрыжаванні, што гладзіць грыву ветру, таямнічага незнаёмца пад чорным парасонам, "паэта маладога, што жадае пад зорным небам сэрца музы закрануць". Упэўнена, што надрукаваныя вершы закрануць і вашы сэрцы.
· Вольга ·

04.12.2010
Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі ў СМІ
Газета "Новы час" ад 30 лістапада прадстаўляе згадкі і ўражанні Аксаны Спрынчан пра паездку ў Швецыю пад назвай Ш(часлівыя)веды: выспы думак і astraвы пачуццяў.
У сённяшнім "ЛіМе" змешчаны артыкул Раісы Ганчарык "Казкі і вершы пра народныя інструменты", прысвечаны прэзентацыі кнігі Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан "Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў" ў кнігарні "Кнігачэй".
· Вольга ·

03.12.2010
СУМОЎЕ
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе канцэрт "СУМОЎЕ" Вадзіма КЛІМОВІЧА і Яраша МАЛІШЭЎСКАГА. Пасумоўнічаць вы зможаце 3 снежня 2010 а 18:00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без грошай, але з душою.
· Аксана ·

03.12.2010
Падтрымаем "Бярозку"!
Дарагія сябры – удзельнікі паэтычнага тэатра АРТ.С, гледачы, выступоўцы!
Ідзе падпісная кампанія. Звяртаюся да вас са шчырай просьбай падпісацца – а, значыць, падтрымаць – адзіны беларускамоўны часопіс для падлеткаў і юнацтва "Бярозка".
Новыя літаратурныя творы сучасных аўтараў, легендарныя постаці з гісторыі беларускай літаратуры, вандроўкі па Беларусі, беларускія песні з акордамі, інтэлектуальны клуб, кансультацыі псіхолага, майстар-класы па вырабу адзення з элементамі традыцыйнай нацыянальнай аздобы, расповеды пра беларускую міфалогію, вернісажы і шмат-шмат іншага – эксклюзіўнага, цікавага, незабыўнага – на старонках часопіса. А, перад усім, цудоўная беларуская мова твораў, якая дапаможа навучацца размаўляць і думаць па-беларуску і дзецям, і дарослым.
"Бярозка" актыўна супрацоўнічае з удзельнікамі паэтычнага тэатра. Нашы пастаянныя аўтары – Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Друкавалі свае творы Рагнед Малахоўскі, Юрась Нераток, Людміла Рублеўская – удзельнікі і сябры АРТ.С... Ёсць у нас і сумесны праект – "Святкуйма беларускае!" У наступным, навагоднім нумары, можна прачытаць пра 2011 год – год Вогненнага Вожыка.
Каб пасля не гараваць, што ўсё беларускае страчана, падтрымайце сёння тое, што маем! Падарыце сваім дзецям, унукам, пляменнікам падпіску на “Бярозку”! Не перарвіце пераемнасць традыцый!
Са спадзяваннем на супрацоўніцтва і падтрымку
· Алена ·
Поўны тэкст зварота Алены Масла чытайце ў Гасцёўні

02.12.2010
Вызначыліся са святам
Урачыстасці з нагоды дня нараджэння Паэтычнага тэатра Арт.С плануецца, што пачнуцца ў красавіку 2011 і скончацца ў студзені 2012 года – гэта роўна 9 месяцаў. Першая святочная вечарына запланавана на 29 красавіка. Як паведаміла загадчыца галоўнай пляцоўкі Рэгіна Багамолава: "Падняўшы папку архіву я высветліла, што дэбют вядоўцаў Зміцера Арцюха і Аксаны Спрынчан на галоўнай пляцоўцы адбыўся 28 красавіка 2006 года. Гэта была прома-акцыя "Моладзь ідзе". Тады ў бібліятэцы Цёткі выступілі: Рагнед Малахоўскі, Юлія Новік, Зміцер Сідаровіч, Віталь Навіцкі (зараз памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, прэс-сакратар міністэрства), Наталля Пахамовіч (зараз журналіст газеты "Боевой призыв"), Вадзім Антанюк (кераміст), гурт "Жаба ў каляіне". Артыкул пра ацыю быў змешчаны ў выданні мінскай гарадской бібліятэчнай сістэмы "Бібліяфакт" і пачытаць яго можна тут (http://kupala-library.iatp.by/bibliofact/bf-41(3-2006).pdf) на 15-ай старонцы. Трэба адзначыць, што красавік яшчэ і месяц нараджэння бібліятэкі Цёткі, якая ў наступным годзе адзначыць свой 45-ты дзень народзін.
· Тацяна Макарэвіч ·

01.12.2010
Музычны снежань
Канец лістапада / пачатак снежня - плённы час для музыкаў паэтычнага тэатра Арт.С.
26 лістапада Яраш МАЛІШЭЎСКІ ў складзе гурта "Garadzkija" выступіў у Палацы спорту на адкрыцці XVII Міжнароднага каманднага турніра па грэка-рымскай барацьбе.
На вечарах "У чаканні калядаў" у тэатры рускага раманса (вул. Чыгуначная, 27, корп.2) выступяць:
4 снежня а 19:00 Яраш МАЛІШЭЎСКІ разам з Аляксеем ЖБАНАВЫМ і Паулам СЕЛІВОНЧЫКАМ.
9 снежня а 19:00 Таццяна БЕЛАНОГАЯ, Дар’я КАДАМСКАЯ і Наталля ПУШКАРОВА.
А 3 снежня а 18:00 на галоўнай пляцоўцы паэтычнага тэатра Арт.С, у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"), сумесны канцэрт "СУМОЎЕ" ладзяць Вадзім КЛІМОВІЧ і Яраш МАЛІШЭЎСКІ. Сардэчна запрашаем!
· Аксана · | · Вольга ·

30.11.2010
5 асобаў, пра якіх павінен ведаць кожны беларус
5 асобаў, пра якіх павінен ведаць кожны беларус, назвала ў сенняшнім нумары газеты "Звязда" Аксана Спрынчан. Яе меркаванне, а таксама меркаванні Адама Мальдзіса, Таццяны Логінавай, спявачкі Алесі і Леаніда Шчамялёва чытайце тут.
· Вольга ·

30.11.2010
Творчыя сустрэчы Алены Масла
На мінулым тыдні, 25 лістапада, пісьменніца-казачніца, галоўны рэдактар часопіса "Бярозка" Алена Масла пабывала ў гімназіі горада Фаніпаля Дзяржынскага раёна.Тут быў зладжаны канцэрт з чытаннем вершаў, танцамі, спевамі. Кіраўнік Фаніпальскага цэнтра дзіцячай творчасці Таццяна Леанідаўна Токарава правяла экскурсію па выставе, спецыяльна арганізаванай да гэтай падзеі. Адбылася прэзентацыя "Бярозкі" № 4, дзе са сваімі творамі дэбютавалі юныя паэты і мастакі Дзяржыншчыны.Цудоўнае свята ў Фаніпальскай гімназіі – плён працы таленавітых педагогаў і дзяцей. Асаблівая падзяка – старшыні аддзела адукацыі Дзяржынскага раёна Матусевічу Вацлаву Іванавічу, які шмат увагі надае супрацоўніцтву школ раёна з дзіцячымі выданнямі. А таксама шчыры дзякуй Віктару Калкоўскаму – аднакласніку Алены Масла, які зараз жыве ў Фаніпалі. Ён шчыра, па-зямляцку, забяспечыў "трансфер" пісьменніцы на сустрэчу і з сустрэчы.
Назаўтра, 26 лістапада, Алена Масла ўжо выступала ў Барысаве – у СШ № 22 і гімназіі № 2. Тут прэзентаваўся пяты нумар "Бярозкі" – у ім дэбютавалі юныя барысаўчане. Кранальная сустрэча адбылася ў СШ № 22, дзе, па словах метадыста Валянціны Пятроўны Лыскавец, упершыню дзеці бачылі пісьменніка... Мо, таму не маглі казак наслухацца? З асаблівай прыемнасцю ў Барысаве пісьменніца распавядала пра рэспубліканскую акцыю "Чытаем па-беларуску", абвешчаную часопісамі "Бярозка" і "Бібліятэка прапануе". Ідэя правядзення акцыі нарадзілася менавіта падчас красавіцкай паездкі ў Барысаў, дзякуючы бібліятэкару Захарэвіч Людміле Пятроўне. Цяпер спадарыня Людміла – шчыры сябра "Бярозкі".
Усюды на сустрэчах дзеці і дарослыя ўхвалялі новы фармат часопіса. Таксама Алене Масла юныя мастакі падарылі ілюстрацыі да яе казачнай аповесці "Каляды з хроснай" і паведамілі, што на Барысаўскім тэлебачанні рыхтуюць міні-спектакль па казцы Алены Масла "Пакінутае дзіця".
· Аксана ·

28.11.2010
Двайны дзень народзін
Толькі адна ўдзельніца нашага тэатра свой дзень народзін святкуе двойчы: 21-га і 28-га лістапада. Адзін сапраўдны, а другі пашпартны. Гэта народная артыстка Беларусі, ганаровая удзельніца нашых вечарын Марыя Захарэвіч. Цяжка ўявіць "Стары Новы год у Цёткі" ды і іншыя вечарыны без яе ўдзелу. Мы заўсёды рады, калі Марыя Георгіеўна знаходзіць час і прыходзіць у наш тэатр. Сёння ўсе ўдзельнікі яшчэ раз ад усяго сэрца віншуюць нашу Каралеву з пашпартным днём народзін, жадаюць моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, творчага плёну на галоўнай сцэне краіны – у Купалаўскім тэатры – і, вядома ж, у Арт.С.
· Зміцер ·

24.11.2010
Круглы стол
Заўтра (25.11) ў прэс-цэнтры Дома прэсы ў 14 гадзін адбудзецца круглы стол, прысвечаны 80-гадоваму юбілею класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (26.11.1930), на тэму: "Быў. Ёсць. Буду". Запатрабаванасць творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча". Удзел прымаюць: Шніп Віктар Анатольевіч – галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура"; Мятліцкі Мікола Міхайлавіч – галоўны рэдактар часопіса "Полымя"; Макарэвіч Лідзія Вітальеўна – дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры; Мальдзіс Адам Восіпавіч – доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык творчасці і сябра Уладзіміра Караткевіча; Гілеп Уладзімір Аляксандравіч – старшыня ГА "Беларускі фонд культуры", галоўны рэдактар "Краязнаўчай газеты"; Верабей Анатоль Леанідавіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча; Жаўняровіч Пётр Пятровіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча; Гальпяровіч Навум Якаўлевіч – дырэктар радыёстанцыі "Беларусь"; Шаблінская Галіна Васільеўна – галоўны рэдактар аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, укладальнік кнігі ўспамінаў пра Уладзіміра Караткевіча "Быў. Ёсць. Буду." Акрэдытацыя па тэл. : 287-16-28, 292-35-91. Запрашаем прыняць удзел!
· Прэс-цэнтр ·

23.11.2010
"Казкі мудрай прыгажуні"
Артыкул з такой назвай, прысвечаны прэзентацыі кнігі Алены Масла, апублікаваны ў газеце "Звязда". У бліжэйшым часе ён з'явіцца і на старонцы "СМІ пра нас".
· Вольга ·

21.11.2010
ВІНШУЕМ Марыю Захарэвіч!
Віншуем народную артыстку Беларусі і ўдзельніцу Паэтычнага тэатра "Арт.С" Марыю Захарэвіч з Днём народзінаў! Шчасьлівыя, што лёс падараваў нам магчымасьць жыць у адныя часы зь ёю і выступаць на адной сцэне. Здароўя і радасьці, любімая Марыя Георгіеўна!
· Аксана ·

19.11.2010
Тацяна Будовіч рыхтуецца на "Кніжную палічку"
Як паведаміла нашым АБВесткам паэтка Тацяна Будовіч: "Я з задавальненнем пастаўлю сваю кнігу "Дуэль паглядаў" на кніжную палічку Арт.С. Засталося толькі адсканіраваць вокладку і даслаць матэрыял стваральнікам сайта. Гэта паспрабую зрабіць у бліжэйшы час". Нагадаем, што рубрыка "Кніжная палічка" на нашым сайце з’явілася не так даўно. Яе яшчэ па праву можна назваць віртуальная бібліятэкай Арт.С, дзе кожны жадаючы можа ўзяць і пачытаць творы ўдзельнікаў тэатра. Назоў "бібліятэка" тут акурат такі падыходзіць – галоўная пляцоўка тэатра месціцца не інакш як у бібліятэцы. Рубрыку "Кніжная палічка" змайстраваў не цясляр, а дырэктар сайта Вадзім Клімовіч. Там яшчэ не шмат кніг, бо гэта крапатлівая і тонкая работа, якая патрабуе часу і настрою. Тыя ж, хто аддае перавагу не электронным кнігам, а друкаваным – могуць набыць іх на нашых вечарынах у аўтараў, а заадно папрасіць аўтограф. Дарэчы, зрабіць гэта можна і сёння, прыйшоўшы ў 18 гадзін у бібліятэку Цёткі.

19.11.2010
Фотарэпартаж
На сайце "Родныя вобразы" (rv-blr.com) змешчаны фотарэпартаж Юліі Новік пра вечарыну "Першая прыгажуня"
· Вольга ·

18.11.2010
У чаканні Калядаў
Сёння ў 19 гадзін у Тэатры рускага рамансу (Мінск, вуліца Чыгуначная 27 корпус 2) адбудзецца канцэрт "У чаканні Калядаў" з цыклу "Вечары спеўнай паэзіі". Канцэрт ладзяць барды Зміцер Сідаровіч і Зміцер Бартосік. Вы пачуеце як новыя песні так і класіку расійскай аўтарскай песні ў перакладах Рыгора Барадуліна. Цана білетаў ад 10 да 15 тысяч. Даведкі па тэлефоне: (044) 701-61-50. Да канца года ў Тэатры рускага рамансу запланаваны выступы і іншых удзельнікаў Арт.С – Наталлі Пушкаровай і Яраша Малішэўскага.
· Паводле budzma.org ·

17.11.2010
ВІНШУЕМ Тацяну Пратасевіч!
Сёння дзень народзін у Тацяны Пратасевіч. Мы віншуем яе, жадаем здароўя, дабрабыту, творчага плёну. А яшчэ – няхай новы год жыцця складзецца так, каб выйшла кніга вершаў і была зладжана прэзентацыя. Упэўнены, што ў Тацяны гэта атрымаецца на "выдатна", бо яна актыўная ўдзельніца вечарын Арт.С. Сёлета, напрыклад, выступала ў такіх праектах як "Святкуйма беларускае", "Сем цудаў Беларусі", на вечарыне "Тацянін дзень".
· Зміцер ·

16.11.2010
Камунікат
Прыемна, што Беларуская Інтэрнэт-бібліятэка Камунікат так шмат увагі надае ўдзельнікам Паэтычнага тэатра Арт.С. На сайце створаны старонкі Зміцера Арцюха, Тацяны Барысюк, Міколы Кандратава, Рагнеда Малахоўскага, Алены Масла, Аксаны Спрынчан. Фотаздымкі, біяграфіі, анатацыі на кнігі, самі кнігі і публікацыі. Да таго ж, можна знайсці і старонкі частых выступоўцаў Арт.С.
· Рэгіна ·

15.11.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд шосты: НЁМАН.
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд шосты: НЁМАН. Сустрэчы з людзьмі, натхнёнымі ракою: Зміцер АРЦЮХ, Рэгіна БАГАМОЛАВА, Мікола ГАЛАВАЧ, Казімір КАМЕЙША, Ірына КЛІМКОВІЧ, Мікола МАЛЯЎКА, Зміцер СІДАРОВІЧ, Валер СТРАЛКО, Юлія ЛІТВІНАВА і Раман ЯРАШ. На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН. Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрася ШЫШКО. Збіраемся 19 лістапада 2010 а 18 00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

14.11.2010
Дамоўленасць
Загадчыца галоўнай пляцоўкі Арт.С Рэгіна Багамолава дамовілася з вядомым беларускім мастаком Міколам Бушчыкам аб выставе яго работ у віртуальнай галерэі Арт.С. Як паабяцаў арт-мэнеджэр мастака Сяргей Каспяровіч, у бліжэйшы месяц ён падрыхтуе дыск для Арт.С, пасля чаго выстава ў апрацоўцы Вадзіма Клімовіча з’явіцца на нашым сайце. Гэта будзе пятая выстава ў нашай віртуальнай галерэі. А з сённяшняга дня і да Новага года можна пабачыць работы Міколы Бушчыка пад агульнай назвай "Святло душы" у чытальнай зале бібліятэкі Цёткі. Мастак прызнаўся, што працуе шмат і можа хоць кожны месяц выстаўляцца ў любімай бібліятэцы.
· Зміцер ·

13.11.2010
Артыкул
У амерыканскай газеце "Разам", якая выходзіць у Нью-Йорку, надрукаваны артыкул "З Нью-Йорка па гарадах Беларусі", у якім апавядаецца пра нядаўні прыезд дырэктара дэпартмента знешніх сувязяў амерыканскага дабрачыннага фонда "Спас" Кацярыны Фаронда і культурна-асветніцкую праграму, праведзеную ў Беларусі. Газета друкуецца на рускай і беларускай мовах і піша пра жыццё беларускай дыяспары ў Амерыцы, а таксама паведамляе навіны з Беларусі. У артыкуле маюцца фотаздымкі з "Пакроўскага кірмашу", Наваградка і Навагрудскай Галгофы. Трэба адзначыць, што на гэтых фотаздымках ёсць і ўдзельнікі нашага тэатра Зміцер Арцюх і Людміла Баяўчук, якія ўпершыню "засвяціліся" у друкаваных СМІ Амерыкі.
· Вольга ·

12.11.2010
Навіны ад Марыі Захарэвіч
З надыходам халадоў прыма Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч больш часу стала праводзіць у Мінску. Цёплы сезон, калі яна часта гасцявала ў бацькоўскай хаце на Мядзельшчыне, скончыўся і актрыса шмат бывае ў тэатры, грае ў спектаклях "Я не пакіну цябе", "Паўлінка", "Не мой", удзельнічае ў вечарынах, сустракаецца з сябрамі. Учора, напрыклад, прымала ўдзел у святкаванні 85-годдзя Беларускага радыё, сёння возьме ўдзел у закрыцці 17 Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". У планах – запіс спектакляў "Вольга" і "Я не пакіну цябе" для фондаў Беларускага радыё. "Канечне, сумую па леце, - прызнаецца ганаровая ўдзельніца вечарын Арт.С. – Праўда, сёлета яно было не такім і прыемным. У жніўні ў нашых краях здарылася навала. Градам павыбівала вокны, знесла дах, на могілках паваліліся дрэвы і папсавалі бацькоўскія магілы. З хатай да зімы ўправіліся, а вось дрэвы так і ляжаць на агароджах. Пасля да нас прыбілася котка Чарнабурка, якая парадавала, нарадзіўшы двух кацянят".
· Зміцер ·

11.11.2010
Нашы на tslife.tv
У эфіры Інтэрнэт-тэлестудыі амерыканскага дабрачыннага фонда "Спас" www.tslife.tv з'явіўся матэрыял журналіста Зміцера Арцюха і рэжысёра Святланы Дземчанка "Мы вместе", у якім зняліся ўдзельнікі нашага тэатра - актрыса Людміла Баяўчук і дызайнер Тацяна Макарэвіч. Таксама ў сюжэце можна ўбачыць сяброў бібліятэкі Цёткі і Паэтычнага тэатра Арт.С Святлану Цывілька, Юлію Міцько і дзіцячы калектыў "Ягняткі", які, дарэчы, пачаў сваю творчую дзейнасць у многім дзякуючы нашаму тэатру. Згаданую работу і іншыя матэрыялы творчага тандэму Зміцера Арцюха і Святланы Дземчанка можна знайсці і на іншых папулярных Інтэрнэт-сайтах:
http://thesaviourfund.org,
http://www.vimeo.com/user1201466/videos/page:1/sort:newest,
http://www.youtube.com/user/TheSaviourFund?feature=mhw4#g/u,
http://www.flickr.com/photos/thesaviourfund/sets,
http://blogs.mail.ru/mail/dim9178.
Прыемнага прагляду!
· Зміцер ·

10.11.2010
Вечар беларускай бардаўскай песні
11 лістапада ФІТР БНТУ запрашае ўсіх на вечар беларускай бардаўскай песні. У гэты восеньскі вечар свае гісторыі для вас распавядуць тры цудоўныя бардэсы:
Тацяна Беланогая (http://vkontakte.ru/club2334753)
Наталля Пушкарова
Дар'я Кадамская (http://vkontakte.ru/club5667981)
Прыходзьце, калі ласка: вул. Хмяльніцкага, 9. БНТУ ФІТР (11а корпус), актавая зала, 2 паверх. 11 лістапада (чацвер), 19.00.
УВАХОД ВОЛЬНЫ.
· Наталля ·

09.11.2010
Пераклады
У дзесятым нумары часопіса "Полымя" ў рубрыцы "Галасы свету" пад назвай "З літаратуры Турцыі" надрукаваны думкі прапаведніка і турэцкага мысліцеля, аўтара больш як 60 кніг пра іслам Мухамеда Фетхулаха Гюлена. Часам яго называюць вядомым турэцкім пісьменнікам. Ён асоба публічная і неадназначная. Вось адзін з фактаў яго біяграфіі: "У 1998 годзе пасля абвінавачвання ў спробе звергнуць палітычны лад у Турцыі, Гюлен пераехаў жыць у ЗША, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня". Пераклад на беларускую мову філасофскіх думак Гюлена зрабіў Рагнед Малахоўскі і пачытаць іх можна тут: http://ragned-m.livejournal.com/17535.html.
· Зміцер ·

08.11.2010
Фотапраект "ПАРАЛЕЛІ" ў выстаўнай залі паэтычнага тэатра Арт.С
Французскі фатограф Цьеры Клеш і беларускія фатографы Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі адлюстроўваюць свае гарадскія ўражанні ў чорна-белай фатаграфіі і незаўважна для сябе ствараюць паралелі паміж архітэктурай і чалавекам, матэрыялам і душой, станам і эмоцыяй. Разам яны сустрэліся віртуальна ў межах фотавыставы "Паралелі", якая, спадзяемся, зацікавіць беларускіх і французскіх творцаў і стане асновай для новага супрацоўніцтва. Адкрыццё фотапраекта "Паралелі" адбылося ў галерэі "Панарама" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 16 верасня 2010 года, з эмацыйнымі выступамі неабыякавых да фотамастацтва і беларуска-французскіх культурных сувязей пісьменніка Навума Гальпяровіча, мастацтвазнаўцы Яўгена Шунейкі, мастака і куратара выставы Фёдара Ястраба, а таксама бліскучага акцёрскага дуэта Сігаль (Мікіта Сідарэнка і Уладзімір Галак). Выстава доўжылася да 6 кастрычніка і прыцягнула ўвагу моладзі і наведвальнікаў з розных краін, якія пакінулі свае допісы ў сшытку водгукаў.
Аўтар праекта — Юлія Новік,
менеджэр праекта — Віка Трэнас
(разам — прома-група ВЮ).
Выстава "ПАРАЛЕЛІ" — http://gallery.art-s.by/paraleli/.
Іншыя выставы — http://gallery.art-s.by.
· °¿° Вадзім ·

08.11.2010
"Першая Прыгажуня"
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе конкурс-прэзентацыю кнігі казак Алены Масла "Першая Прыгажуня".
На Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі 2010" "Першая Прыгажуня" ўзяла першае месца, а ілюстратар Тамара Шэлест прызнана лепшым ілюстратарам года.
За тытул Першай Прыгажуні будуць змагацца:
    №1 - Таццяна БАРЫСЕВІЧ
    №2 - Наталля БУЧЫНСКАЯ
    №3 - Паліна ВІЛАВА
    №4 - Ганна ЗУБАВА
    №5 - Анастасія РАДЗІКЕВІЧ
    №6 - Марына СОНЕЦ
    №7 - Аксана СПРЫНЧАН
    №8 - Лера ЯШЧУК
(арганізатары звяртаюць увагу: нумарацыя ўдзельніц праведзена паводле альфабэты!)
Экспертамі па жаночай красе выступяць: Анатоль БУТЭВІЧ, Яраш МАЛІШЭЎСКІ, Юрась НЕРАТОК, Віктар ШНІП.
Падчас прэзентацыі рэжысёры Зміцер Сергейчук і Марына Федарэнка правядуць абрад віншавання маладой сямейнай пары паводле беларускай народнай традыцыі (маладыя – не падстаўныя, сапраўдныя, толькі "спечаныя" – красуня Вольга і шляхетны Віталь).
На конкурсе-прэзентацыі таксама адбудуцца:
    · Раздача пігулак ахвотным сашчуплець і ахвотным патлусцець!
    · Розыгрыш ЗАЛАТОГА ГАРБУЗА ды іншых прызоў з казачнай МАСЛАБОЙКІ!
    · Візаж ад Наталлі Мітраховіч (мадэль – Віка Трэнас)
Збіраемся 12 лістапада 2010 а 18.00 у бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12А, станцыя метро “Парк Чалюскінцаў”). Уваход без квіткоў!
· Алена ·

07.11.2010
Франікі
Літаратурны музей Максіма Багдановіча разам з дойлідамі праекта "Вежа міру" запрашае на вечарыну Франікі. Смажыць бульбачку збіраюцца: ZnaRocK ???, Максім Знак, Арцем Сяргеенка "Атэль", "На Вексель", "Інфрачырвоны выдых". Музей Максіма Багдановіча чакае вас 10 лістапада а 19-й гадзіне. Кошт квіткоў 5 тыс. Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча 7 “А” (Траецкае прадмесце). Тэлефоны для даведак: 8 (017) 334-42-69, 8 (029) 850-73-27. e-mail: maksimbagdanovich@rambler.ru
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

06.11.2010
Выступ Яраша Малішэўскага
7 лістапада Яраш Малішэўскі ў складзе гурта "Гарадзкія" а 9-ай гадзіне вечара выступіць у клюбе "Рэактар" на Дні народзінаў Піта Паўлава.
· Вольга ·

05.11.2010
Артыкул у "Вячэрнім Мінску"
Сёння ў "Вячэрнім Мінску" у рубрыцы "Адзін дзень з жыцця" змешчана інтэрв'ю з Рагнедам Малахоўскім. Чытачы даведаюцца пра захапленне Рагнеда літаратурай, музыкай, фатаграфіяй, пра тое, што ён жадаў бы паспрабаваць свае сілы ў кінамастацтве, а таксама пра найлепшы спосаб зняцця стрэсу.
· Вольга ·

04.11.2010
Навіны сайта
На старонцы "СМІ пра нас" з'явіліся 2 нядаўнія публікацыі, прысвечаныя вечарыне "Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі". На старонцы "Фотаальбом" змешчаны фотаальбомы з усіх імпрэз паэтычнага тэатра, на якіх вялася фотаздымка. Жадаем прыемнага прагляду.
· Вольга ·

01.11.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд пяты: МІРСКІ ЗАМАК.
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд пяты: МІРСКІ ЗАМАК. Вас чакаюць Сустрэчы з натхнёнымі красою і сілай: Зміцер АРЦЮХ, Анатоль БУТЭВІЧ, Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, Наталя ПУШКАРОВА, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Тацяна СІВЕЦ, Людміла СІЛЬНОВА. На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН. Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрася ШЫШКО. Збіраемся 5 лістапада 2010 а 18 00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро “Парк Чалюскінцаў”). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

01.11.2010
Я не пакіну цябе
Сёння на малой сцэне Палаца Рэспублікі ў 19 гадзін можна паглядзець спектакль "Я не пакіну цябе…". Ён створаны паводле п’есы "Інструкцыя па выжыванні для Old Ladies" амерыканскага драматурга Майё Саймана. Аснову сюжэту складае гісторыя дзвюх самотных жанчын – колішніх актрыс. Як выжыць чалавеку, які з цягам часу застаецца сам-насам са сваімі праблемамі? Як не згубіць сябе ў хуткіх зменах часу?.. Але выйсце ёсць: трэба толькі азірнуцца навокал і працягнуць руку каму-небудзь яшчэ больш бездапаможнаму. Рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі – Марыя Захарэвіч. Прэм'ера спектакля адбылася 6 сакавіка 2003 года. Працягласць: 1 гадзіна 40 хвілін.
· Зміцер ·

31.10.2010
Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан - пра расстраляных літаратараў
Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан выступілі ў якасці экспертаў "Пяцікніжжа Свабоды". Кастрычнік — змрочны месяц у гісторыі беларускай літаратуры. За адну толькі перадапошнюю ягоную ноч было расстраляна бальшавіцкімі спэцлітаратуразнаўцамі больш за дваццаць пісьменьнікаў. Аксана Спрынчан распавяла "Свабодзе" пра кнігі расстраляных паэтаў, а Яраш Малішэўскі - пра кнігі зьнішчаных савецкай уладай беларускіх пісьменьнікаў
· Вольга ·

30.10.2010
Шлях да цябе
"Шлях да цябе" – пад такой назвай выйшла падборка вершаў паэта Рагнеда Малахоўскага ў масава-палітычнай газеце "Новы час" ад 20 кастрычніка 2010 у рубрыцы "Літаратура Беларусі" http://novychas.org/literature. Надрукаваны як вядомыя вершы, так і новыя. Чытач зможа знайсці шмат цікавых вобразаў, арыгінальных рыфмаў. Напрыклад: "Глыток ахалоджанай колы на плошчы Якуба Коласа...", "На ўскрайку атлантычнага цыклону каханне выпрабоўвае свой лёс…", "Цалуюць шыбу клічнікі дажджу, пытальнікам…" і іншыя.
· Тацяна ·

29.10.2010
Дзесятка-style
Прома-група "ВЮ" прадстаўляе забаўляльна-інтэрактыўнае шоу "Дзесятка-style".
Дзесяць дзяўчат, дзесяць стыляў… Брунеткі супраць бландзінак, але ўсе разам – самае прыгожае з літаратуры, музыкі, танцу, дызайну.
13 лістапада (субота), у 19.00, у музеі Янкі Купалы (вул. Я.Купалы, 4) чакаем і хлопцаў, і дзяўчат!
Бландзінкі Таццяна Беланогая, Ганна Федарук, Алеся Кузьмінова, Таццяна Будовіч і брунеткі Ната Пушкарова, Яна Явіч, Кацярына Макарэвіч, Святлана Марчук выяўляюць сваю унікальнасць праз улюбёны від мастацтва, спалучаючы розныя творчыя формы. Гледачы ацэняць выступы ўдзельніц па 8 намінацыях.
Спецыяльны госць—дзявочая рок-група Scales (бас-гітара Вераніка Шніп).
Журы: Ганна Кісліцына, Ірына Шаўлякова, Людміла Рублеўская.
Вядучыя Юлія Новік і Віка Трэнас.
Уваход вольны
· Юлія ·

28.10.2010
Інтэрв'ю ў СБ
Учора газета "СБ-Беларусь сегодня" змясціла артыкул Людмілы Рублеўскай "Лира, лютня и любовь". Нагода для гутаркі з Ярашам Малішэўскім і Аксанай Спрынчан - выхад з друку кнігі "Незвычайная энцыклапедыя беларускiх народных iнструментаў" і яе прэзентацыя ў паэтычным тэатры Арт.С. Чытача чакае цікавы расповед пра старадаўнія беларускія інструменты, віртуальныя і рэальныя падарожжы. Аксана Спрынчан адкрыла ў інтэрв'ю таямніцу, якой жывёле будзе прысвечаны 2011 год па беларускім календары.
· Вольга ·

27.10.2010
"Паралелі" на Арт.С
Паэтка Юлія Новік паабяцала падрыхтаваць фотавыставу "Паралелі" для выстаўнага павільёну Арт.С. Гэта будзе падарункам для тых, хто не паспеў паглядзець яе ў галерэі "Панарама" Нацыянальная бібліятэкі Беларусі. Выстава "Паралелі" – калектыўная. У ёй бяруць удзел: французскі фатограф Цьеры Клеш і беларускія Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі. Гэта будзе чацвёртая віртуальная выстава, змешчаная на нашым сайце.
· Тацяна ·

26.10.2010
Навіны ад Любы Палянскай
Фотамайстар Люба Палянская з галавой акунулася у камерцыйнае фота: вяселлі, карпаратывы, рэклама… Паралельна спрабуе займацца творчасцю, але часу і сіл на гэта не стае. Таму сённяшняя творчасць – гэта праца з архівам і сістэматызацыя адзнятага. Дарэчы, усё гэта ў хуткім часе можна будзе пабачыць на ўласным сайце фатографа www.lupol.na.by. У рубрыцы "Рэпартаж" – адну з вечарын "Стары Новы год у Цёткі", у рубрыцы "Партрэт" – фотасесію народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Магчыма, сайт адновіцца хутка, бо Люба Палянская канчаткова пераехала з загараднага дому, што быў у ваколіцах Дзяржынска, і цяпер у яе толькі сталічная кватэра. "Безумоўна, адна кватэра – гэта лягчэй, чым кватэра і дом, - прызнаецца удзельніца Арт.С. – Але ёсць і свае мінусы. Напрыклад, у гарадской кватэры цесна, асабліва двум маім катам. У Дзяржынску іх было больш, а вось у Мінску я гэтага не магу сабе дазволіць…" На жаль, сёлета Люба прапусціла вечарыну-фарс "Восень і іншыя коткі", але на наступны год вельмі хацела б паўдзельнічаць і распавесці пра сваіх любімцаў.
· Зміцер ·

24.10.2010
Артыкул у "Новым часе"
У №38 газеты "Новы час" ад 22 кастрычніка 2010 з'явіўся артыкул Анатоля Мяльгуя "Ад Яраша і Аксаны з любоўю!" з расповедам пра імпрэзу Арт.С "Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі".
· Вольга ·

22.10.2010
Сустрэча Аксаны Спрынчан з маленькімі чытачамі
Учора Аксана Спрынчан прэзентавала "Незвычайную энцыклапедыю беларускіх народных інструментаў" у цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэцы. Кніга знайшла жывы водгук у сэрцах маленькіх чытачоў.
· Вольга ·

21.10.2010
Музей Багдановіча абвяшчае конкурс для студэнтаў
Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапануе новы праект - конкурс акравершаў "Зорка Венера ўзышла над зямлёю...", прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Ганны Рафаілаўны Какуевай.
Чакаем мы і

   М аладых
   А  ктыўных
   К  рэатыўных
   С  мелых
    І  ніцыятыўных
   М абільных

На конкурс прымаюцца літаратурныя творы, напісаныя ў тэхніцы акраверша і дасланыя на адрас музея да 16 студзеня 2011. Намінацыі: "Лірыка кахання", "Натхнёныя Паэтам…" Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў - 16 лютага 2011 года, у дзень святой Ганны ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а). Адрас: 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, Літаратурны музей М.Багдановіча. Электронныя адрасы: bagdanovich@tut.by, maksimbagdanovich@rambler.ru. Каардынатар праекта: Юлія Мацук, прац. тэл. 8-017-334-42-69.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

19.10.2010
Патрэбна дапамога
На маёй радзіме – Наваградчыне – плануецца будаўніцтва першага і магчыма адзінага ў Беларусі храма ў гонар ахвяр савецкага багаборства. Царква будзе ўзведена на Навагрудскай Галгофе (15 кіламетраў ад Навагрудка і 140 ад Мінска) і магчыма гэта будзе не проста царква, а манастырскі скіт. Пачаўся збор ахвяраванняў і патрэбна дапамога. Тут ніводзін рубель не будзе лішнім. Адрас і рахунак на які можна пералічваць грошы: 231405 Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, вёска Ваўкавічы, Прыход Успення Прасвятой Багародзіцы. Телефон: 8-029-619-12-94. Рахунак 3015202700012 у ААТ "Белаграпромбанк" г. Навагрудка, код 449, вуліца Леніна 1а. А можна звярнуцца канкрэтна да мяне (8-029-704-63-02, 8-029-342-38-10) і акрамя грошай перадаць запісачкі на вечнае памінавенне.
Гістарычныя звесткі…
1939 год стаў для нашай зямлі годам лёсавызначальным. 17 верасня Заходняя і Усходняя Беларусь злучыліся. З аднаго боку гэта станоўчы факт, а з другога… на нашыя землі пасля доўгага перапынку прыйшло савецкае багаборства. Людзей ссылалі ў Сібір, кідалі ў турмы, забівалі. І першымі ахвярамі сталі праваслаўныя бацюшкі. Да пачатку Другой сусветнай вайны на былой польскай тэрыторыі былі арыштаваны 53 святара, 37 з іх зніклі без вестак, шэсць растраляны. У першы месяц уварвання савецкай улады на польскую тэрыторыю быў закатаваны і протаіерэй Мікалай Нядзведскі, пра якога ў 2009 годзе зняты фільм "Навагрудская Галгофа".
· Зміцер ·

18.10.2010
ВIНШУЕМ Тацяну Барысюк
Віншуем Тацяну Барысюк з днём народзінаў! Зычым поспехаў у яе тэатральнай, паэтычнай і навуковай дзейнасці! Натхнення і радасці, поспехаў і шчасця!
· Аксана ·

16.10.2010
Сюрпрыз
Стваральнік вечарыны-маскараду "Стары Новы год у Цёткі" Зміцер Арцюх рыхтуе для ўдзельнікаў тэатра навагодні сюрпрыз. Самаму актыўнаму па выніках года аўтару рубрыкі "АБВесткі" пад час адкрыцця першай дзеі пятага сезону вечарын будзе ўручаны прыз. Да канца года ва ўсіх удзельнікаў тэатра ёсць магчымасць зрабіцца лідэрам, таму бярыцеся за тэлефоны, паперу, асадкі, алоўкі, клавіятуры і дасылайце на адрас Арт.С свае паведамленні. Дарэчы, аўтарам АБВестак можа стаць не толькі ўдзельнік Арт.С. Для гэтага патрэбна выканаць тры ўмовы: па-першае, даслаць кантактную інфармацыю пра сябе; па-другое, прысутнічаць на вечарынах; па-трэцяе, паведамленні павінны быць пра ўдзельнікаў нашага тэатра, альбо кароткія інфармацыйныя водгукі на вечарыны, прагледжаныя ў нашым тэатры і выступы нашых удзельнікаў на іншых імпрэзах. Магчыма, гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае ўдзельнікаў і гледачоў на пятай вечарыне "Стары Новы год у Цёткі".
· Рэгіна ·

14.10.2010
Навіны ад Наталлі Пушкаровай
Сёлета Наталля Пушкарова скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Што новае адбылося ў яе жыцці гэтым летам? Дадзім слова самой Наталлі. "Вучуся ў магістратуры БДУ. Як калісьці і хацела - філфак. Усё тут іншае: стаўленне да прадметаў, стаўленне да выкладчыкаў, стаўленне адзін да аднаго. Новыя людзі - гэта заўсёды здорава. Дзіўна, але сумую па педагагічным універсітэце, па людзях, якія засталіся там, па выкладчыках. Час ад часу завітваю ў БДПУ, і каб проста пабачыцца са знаёмымі, і да таго ж навуковую працу пішу ад БДПУ на конкурс...навуковых прац. Працую перакладчыкам на адным беларускім партале. Спрабую сумяшчаць перакладчыцкую дзейнасць з дзейнасцю выкладчыцкай. Пакуль што спраўляюся. Змяніла месца жыхарства - вярнулася ў Серабранку, дзе жыла ўвесь першы курс. Збіраю музыкаў, каб паспрабаваць разам пайграць. Гітарыста знайшла, а вось знайсці флейтыста і скрыпача, аказваецца, вельмі складана. Вось такія справы" Жадаем Наталлі плёну ва ўсіх справах.
· Зміцер ·

12.10.2010
Алена Масла на прэс-канферэнцыі
Сёння ў 15 гадзін у прэс-цэнтры Дома прэсы пройдзе круглы стол на тэму "Літаратура для дзяцей і падлеткаў у Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан, перспектывы і тэндэнцыі развіцця". У ім прымаюць удзел прадстаўнікі міністэрства інфармацыі, рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва", аддзела камплектавання Цэнтральнай сістэмы дзіцячых бібліятэк, а таксама пісьменнікі Раіса Баравікова, Генадзь Аўласенка, Эсміра Ісмаілава, Алена Масла. Пад час круглага стала адбудзецца прэс-прэзентацыя новых выданняў для дзяцей і юнацтва.
· Зміцер ·

11.10.2010
Навіны ад Тацяны Будовіч
Днямі паэтка Тацяна Будовіч адзначыць Дзень нараджэння свайго другога сына Міхаіла. Хлопчыку спаўняецца адзін год. У маладой мамы працягваецца дэкрэтны адпачынак, і на працу яна збіраецца толькі ў 2012-ым годзе. "У творчым плане гэты перыяд не вельмі плённы, але ўсё ж летам была публікацыя ў газете "ЛіМ", да таго ж я скончыла магістратуру педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка і атрымала дыплом па спецыяльнасці "Айчынная гісторыя", - прызналася нашым АБВесткам удзельніца Арт.С.
· Зміцер ·

08.10.2010
Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі"
15 кастрычніка 2010 года ў Паэтычным тэатры "Арт.С" адбудзецца "Звычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі" Аксаны СПРЫНЧАН і Яраша МАЛІШЭЎСКАГА. На імпрэзе з музыкаю і не толькі вас чакаюць: крытычна-ўхвальныя спрэчкі (Анатоль МЯЛЬГУЙ і Вітаўт МАРТЫНЕНКА), музычныя фарбы (мастачка Вераніка ШНІП, гурт "SCALES"), сямейныя разборкі (Людміла РУБЛЕЎСКАЯ і Віктар ШНІП), некрымінальнае выкарыстанне працы непаўнагадовых (Зміцер СІДАРОВІЧ і Тацяна МАТАФОНАВА), не алейны выступ (Алена МАСЛА), здаванне нарматыву на чытанне (Мюр ФАРЫДОВІЧ, Максім ІЎКІН, Надзея КАРАКУЛЬКА), жывыя класікі (гурт "ЖАБА Ў КАЛЯІНЕ"). Сустракаемся ў Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна 12 А) а 18 й гадзіне (пятніца). Уваход, у адрозненне ад выступаў, звычайны.
· Аксана ·

07.10.2010
"Дэбют" у бібліятэцы Цёткі
У бібліятэцы Цёткі (вул. Талбухіна, 12а) - новая выстава "Дэбют". Ядвабныя карціны, што радуюць вока яскравымі колерамі, прадстаўлены студыяй батыка пры ЦПП "Кантакт". Кіраўнік студыі - Ліліяна Гудава, у выставе бяруць удзел Галіна Позняк, Тамара Халадзінская, Ала Майсейкава, Ірына Іванісенка, Алена Маркевіч. Самай малодшай удзельніцы выставы Лізавеце Несцярэнка ўсяго 7 год. Выстава будзе доўжыцца да 25 кастрычніка.
· Вольга ·

06.10.2010
Паездка Алены Масла
З Міжнароднага форуму выдаўцоў у Стакгольме вярнулася Алена Масла. На працягу тыдня ўдзельнікі форума сустракаліся са шведскімі дзіцячымі пісьменнікамі, крытыкамі, журналістамі, кнігавыдаўцамі, наведвалі Шведскі інстытут дзіцячай кнігі, бібліятэкі Стакгольма і музей кнігі Юнібакен, імкнучыся спасцігнуць фенаменальную папулярнасць шведскай дзіцячай літаратуры ва ўсім свеце, а таксама распавесці пра традыцыі беларускай дзіцячай кнігі і нацыянальнага кнігавыдання. Гэта ўжо трэцяя "спецыялізаваная" паездка Алены Масла ў Швецыю. У 2002 годзе з дакладам па дзіцячай літаратуры яна брала ўдзел у 16-й Міжнароднай канферэнцыі славістаў ва Упсальскім універсітэце, а ў маі 2009 па запрашэнню Шведскага Інстытута разам з дэлегацыяй беларускіх бібліятэкараў была на семінары па дзіцячай кнізе.
· Аксана ·

05.10.2010
Выступ у Наваградку
У аўторак 12 кастрычніка 2010 года ў 14 гадзін у Навагрудскай раённай бібліятэцы паэт і журналіст Зміцер Арцюх ладзіць "Творчыя сустрэчы на Радзіме". Імпрэза прысвечана тэлевізійнай працы ўдзельніка нашага тэатра. Чытачы бібліятэкі ўбачаць некалькі тэленарысаў, пачуюць вершы і пазнаёмяцца з рэжысёрам фільма "Навагрудская Галгофа" Святланай Дземчанка, аператарам Ларысай Кабернік, дырэктарам дэпартамента знешніх сувязяў дабрачыннага фонда "Спас" Кацярынай Фаронда. Мерапрыемства будзе адзнята і матэрыял увойдзе ў новы тэленарыс.
· Рэгіна ·

04.10.2010
Радыёперадача
10 кастрычніка ў 21.00 на Першым канале Беларускага радыё ў перадачы "Зямля, што нам дадзена лёсам" пойдзе размова пра акцыю "Чытаем па-беларуску", заснаваную часопісамі "Бярозка" і "Бібліятэка прапануе". У гасцях у вядоўцаў Навума Гальпяровіча і Таццяны Сівец – пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса "Бярозка" Алена Масла, адказны сакратар часопіса "Бібліятэка прапануе" Лідзія Макаранка, метадыст Барысаўскай цэнтралізаванай сістэмы бібліятэк Людміла Захарэвіч.
· Аксана ·

03.10.2010
На "Пакроўскім кірмашы"
Удзельнікі нашага тэатра Зміцер Арцюх і Людміла Баяўчук будуць задзейнічаны ў праграме сёмай духоўна-асветніцкай выставы "Пакроўскі кірмаш". Яна пройдзе ў беларускай сталіцы з 9 па 17 кастрычніка. Нашы сябры выступяць у праграме, якую рыхтуе амерыканскі дабрачынны фонд "Спас". Мерапрыемства фонда пачнецца ў нядзелю 10 кастрычніка ў 13 гадзін і пройдзе пад назвай "Мы разам". Падрабязнасці чытайце ў Гасцёўні.
· Рэгіна ·

02.10.2010
ВІНШУЕМ Зьміцера Сідаровіча!
Віншуем Зьміцера Сідаровіча зь Днём народзінаў! Найлепшы падарунак ён зрабіў сабе сам - выпусьціў альбом "Дзіцячыя песні. Частка першая". Але спадзяемся, што і цёплыя сяброўскія віншаванні удзельнікаў Паэтычнага тэатра Арт.С яму не будуць залішнімі. Зьміцер, мы цябе любім, заўжды радыя сумесным выступам і размовам за кубкам кавы! Жадаем натхнення і новых творчых праектаў!
· Аксана ·

01.10.2010
Знаёмства з "Першай Прыгажуняй"
30 верасня ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы г.Мінска ў межах акцыі "Чытаем па-беларуску" адбылася прэзентацыя новай кнігі казак Алены Масла "Першая Прыгажуня" (на Нацыянальным конкурсе мастацтва кнігі-2010 "Першая Прыгажуня" адзначана дыпломам 1-й ступені, а мастак Тамара Шэлест прызнана лепшым ілюстратарам года). Слухачы – вучні 4-6 класаў мінскіх школ, а таксама настаўнікі і бібліятэкары паслухалі новыя казкі са зборніка, а таксама пазнаёміліся з часопісам "Бярозка". Сустрэча скончылася чаргой на абанеменце – юныя чытачы разабралі кнігі казак Алены Масла дадому: чытаць, а пасля пісаць водгукі і маляваць герояў казак. Дарэчы, гэта - дапаўненні да ўмоў акцыі "Чытаем па-беларуску". Сябры! Арганізатары – часопісы "Бярозка" і "Бібліятэка прапануе" чакаюць звестак пра тое, як дзе праходзіць акцыя, а таксама лістоў-водгукаў на прачытаныя творы і малюнкі да іх. Далучайцеся да акцыі!
· Аксана ·

30.09.2010
Акцыя часопісаў "Бярозка" і "Бібліятэка прапануе"
Вяртанне цікавасці грамадства да кнігі, да чытання – тэма, актуальная ва ўсім свеце. Рэдакцыі часопісаў "Бярозка" і "Бібліятэка прапануе" 5 верасня на Дні беларускага пісьменства абвясцілі супольную рэспубліканскую акцыю "Чытаем па беларуску". Зварот арганізатараў акцыі чытайце ў Гасцёўні.
· Алена ·

29.09.2010
Новы сайт фонда "Спас"
Аматары тэленарысаў і дакументальнага кіно маюць магчымасць наведаць новы сайт: www.tslife.tv. Гэта Інтэрнэт-тэлестудыя амерыканскага дабрачыннага фонда “Спас”, дзе працуе ўдзельнік нашага тэатра Зміцер Арцюх. На сайце змешчана большасць тэлевізійных прац нашага сябра, там можна пакінуць каментарыі і падзяліцца ўражаннямі. Пакуль запушчана толькі рускамоўная версія сайта, але ў перспектыве TSLife загаворыць на англійскай, французскай і іспанскай мовах. “Працы нашай тэлестудыі – гэта найперш праваслаўныя працы. Яны маюць тры пласты: сацыяльны, культурны і духоўны”, - прызнаўся нашым АБВесткам кіраўнік беларускай здымачнай групы Зміцер Арцюх.
· Рэгіна ·

28.09.2010
Сустрэча ў Міёрах
24 верасня Алена Масла сустрэлася з чытачамі раённай дзіцячай бібліятэкі ў г. Міёры, што на Віцебшчыне. Пісьменніцу парадвала новае памяшканне, якое дзіцячая бібліятэка атрымала год таму, а таксама шчырая зацікаўленасць юных міёрцаў беларускай кнігай. Лісткі звароту, якія ўклеены ў кожную бібліятэчную кнігу, сведчаць, што літаратура на роднай мове на паліцах не застойваецца. За гэта, канешне, шчырая падзяка супрацоўнікам і раённай дзіцячай, і цэнтралізаванай сістэмы бібліятэк Міёрскага раёна: А.А. Скавародка, В.Ф. Лакотка,Т.М. Цыцылінай, І.Г. Томка, Т.Л. Вішнеўскай і іншым. Міёршчына – радзіма Алены Масла, таму сустрэча з чытачамі дапоўнілася і сустрэчамі з аднакласнікамі, аднавяскоўцамі, паходам у лес па грыбы і (напярэдадні вечарыны пра балота) разведвальным рэйсам на балота. Да справаздачы на вечарыне гатова вядро апенек, якія ўжо адвараныя, замарожаныя і будуць засмажаныя з цыбулькай, а таксама жменька журавінаў з мохам. Грыбоў у лесе багата, а журавінаў гэты год – дэфецыт!
· Аксана ·

23.09.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд чацверты: БАЛОТА.
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект сем цудаў Беларусі. Цуд чацверты: балота. Вас чакаюць сустрэчы з "балотнымі" людзьмі: Пятро ВАСЮЧЭНКА, Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, Мікола КАНДРАТАЎ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Алена МАСЛА, Юрась НЕРАТОК, Юлія НОВІК, Тацяна ПРАТАСЕВІЧ, Віктар ШНІП і інш. На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН. Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрася ШЫШКО. Збіраемся 1 кастрычніка 2010 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

22.09.2010
Інтэрв'ю Аксаны Спрынчан
Аксана Спрынчан прагне падзяліцца ўражаннямі з творчай вандроўкі ў Швецыю. Гэта тэма закранаецца ў двух інтэрв'ю, якія Аксана дала перадачы "Дом літаратара" радыё "Свабода" і сайту minchanka.by. Таксама з гэтых інтэрв'ю Вы даведаецеся пра новую кнігу "Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў", прэзентацыя якой мае адбыцца на галоўнай пляцоўцы Арт.С 15 кастрычніка, пра тое, ці складана пісаць для дзяцей, пра паэтычны тэатр Арт.С, пра захапленне жабкамі, фатаграфіяй і раслінамі. Інтэрв'ю сайту minchanka.by ілюставана арыгінальнымі аксанінымі фотаздымкамі.
· Вольга ·

21.09.2010
У ролі ўдзельніка
Зміцер АРЦЮХ вырашыў пакінуць пасаду дырэктара Паэтычнага тэатра Арт.С, каб прысвячаць болей часу ўласным праектам - праваслаўнай інтэрнэт-тэлестудыі TSLife, якая ствараецца амерыканскім дабрачынным фондам "Спас" і аўтарскім вечарынам у Арт.С. Спадзяемся, што зміцеравы тэленарысы, фільмы і выступы ў якасці ўдзельніка нашага тэатра будуць яскравымі і запамінальнымі, новыя праекты парадуюць сваім плёнам.
· Вольга ·

12.09.2010
Восень і іншыя коткі
Паэтычны тэатр "Арт.С" запрашае 17 верасня 2010 года на вечарыну-фарс "Восень і іншыя коткі". Бяруць удзел творцы, якія спяваюць і пішуць самі па сабе: Генрых ДАЛІДОВІЧ, Валянціна КОЎТУН, Георгій ЛІХТАРОВІЧ, Валянцін ЛУКША, Рагнед МАЛАХОЎСКІ, Маргарыта ПРОХАР, Тацяна СІВЕЦ, Людміла СІЛЬНОВА, Ганна ФЕДАРУК і інш. Вядоўцы: Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН. Чакаем усіх, хто любіць ВОСЕНЬ і КОТАК ў Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна 12 А) а 18-й гадзіне (пятніца). Уваход, як і выступы, вольны.
· Аксана ·

11.09.2010
Фотавыстава
Юлія Новік і Віка Трэнас прадстаўляюць новы праект. 16 верасня ў 17 гадзін у галерэі "Панарама" (22 паверх Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) адкрыецца фотавыстава "Паралелі". Яна праходзіць пры падтрымцы фоталабараторыі FotoMAX і дызайн-студыі Pix.by. Да 6 кастрычніка можна будзе пазнаёміцца з работамі французскага фатографа Цьеры Клеш і беларускіх Вольгі Лойка і Віктара Байкоўскага, якія прапануюць цікавыя віртуальныя і фатаграфічныя паралелі. У адкрыцці фотавыставы бяруць удзел: мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, пісьменнік Навум Гальпяровіч, акцёрскі дуэт "Сігаль" (Мікіта Сідарэнка і Уладзімір Галак) з міні-п'есай "Таксіст". Адбудзецца медыя-прэзентацыя "Водбліскі мараў" пра Парыж і Мінск ад Акселя Дзюкрэ. Уваход на адкрыццё вольны.
· Зміцер ·

08.09.2010
Юлія Новік у "Маладосці"
У восьмым нумары часопіса "Маладосць" надрукаваныя вершы Юліі Новік пад агульнай назвай "Быць шчаслівым - шукаць працягу". Зацікаўлены чытач знойдзе тут май, ліпень і люты, шматзначныя маўклівыя позіркі, свабоду і шчасце. Раім прачытаць.
· Вольга ·

05.09.2010
ВІНШУЕМ Рагнеда Малахоўскага!
Сёння адзначае Дзень народзінаў удзельнік паэтычнага тэатра "Арт.С" Рагнед Малахоўскі - паэт, фотамастак, музыка, блогер, аўтар трапяткіх, прасякнутых каханнем вершаў. Ад усёй душы віншуем Рагнеда і жадаем натхнення, творчых і жыццёвых поспехаў, удачы.
· Вольга ·

31.08.2010
Імпрэсіі Рагнеда Малахоўскага ў "ЛіМе"
У 34-м нумары газеты "Літаратура і мастацтва" ад 27 жніўня надрукаваныя "Імпрэсіі" Рагнеда Малахоўскага. Аўтар прыадкрывае таямніцы свайго светаадчування, давяраючы асабістыя ўражанні чытачу. Раім прачытаць аматарам паэзіі.
· Вольга ·

27.08.2010
Праца Людмілы
Сёння ў газеце "ЛіМ" надрукавана інтэрв’ю з Людмілай Баяўчук. Актрыса распавядае пра вершаспеў "Дзяўчына з легенды", прэм’ера якога адбылася ў канцы мінулага года. А днямі закончыліся здымкі серыяла "Жыццё як яно ёсць" (Расія), дзе здымалася і ўдзельніца нашага тэатра. Серыя з удзелам Людмілы Баяўчук мела назву "Трэці лішні" і Людміла сыграла ў ёй ролю маці дзяўчыны, якая зацяжарыла. "Гэта тыповая жыццёвая сітуацыя, - гаворыць актрыса. - Дзяўчына цяжарная, а хлопец не хоча прызнаваць дзіця, браць на сябе адказнасць". Здымкі серыяла праходзілі ў Мінску і Людміле яны вельмі спадабаліся.
Інтэрв'ю Людмілы Баяўчук газеце "ЛіМ" змешчана на старонцы сайта "СМІ пра нас".
· Зміцер ·

25.08.2010
"З цеплынёю - у восень"
Літаратурны музей Максіма Багдановіча прадстаўляе выстаўку сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "З цеплынёю - у восень" ў межах цыкла выставак "Каляровыя ніты горада". Выстаўка яскрава дэманструе шмат відаў рамёстваў, якімі захапляюцца сучасныя майстры ў горадзе і мястэчках. Будуць прадстаўлены рэчы ў наступных тэхніках: вышыўка ручная, вышыўка з дапамогай швейнай машынкі, карункі, вырабы з лазы і скуры, бісерныя вырабы, шпалернае ткацтва, роспіс па тканіне, вязанне, залотная вышыўка, тэкстыльныя лялькі, абрэзкавая мазаіка. Серыя выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Каляровыя ніты горада” распачынаецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і працягвае занітоўваць горад Мінск. Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 31 жніўня а 17—й гадзіне па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Выстаўка будзе доўжыцца да 17 верасня. Тэлефон для даведак: 334-07-61.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

24.08.2010
Узнагарода Рагнеда Малахоўскага
Рагнед Малахоўскі стаў адным з пераможцаў літаратурнага конкурсу імя Ларысы Геніюш, прымеркаванага да 100-годзьдзя вялікай паэткі. Арганізатарам конкурсу выступіла аб’яднаньне літаратараў-хрысьціянаў «Дабравест». Удзел у конкурсе ўзялі амаль тры дзясяткі аўтараў з усіх куткоў Беларусі.
· Вольга ·

23.08.2010
ВІНШУЕМ Аксану Спрынчан!
Сёння святкуе Дзень народзінаў дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан. Віншуем Аксану Спрынчан са святам і жадаем радасці, натхнення, цікавых ідэй у пастаноўцы вечарын, творчых поспехаў.
· Вольга ·

21.08.2010
Яраш Малішэўскі - эксперт "Пяцікніжжа Свабоды"
Яраш Малішэўскі зноў выступіў у якасці эксперта праграмы "Пяцікніжжа Свабоды" радыё Свабода і назваў кнігі, аўтарам якіх трэба паставіць помнікі. Хто і за якія творы, па меркаванні Яраша, заслугоўвае такой пашаны, і дзе трэба паставіць помнікі, чытайце тут http://www.svaboda.org/content/transcript/2133971.html.
· Вольга ·

20.08.2010
Аксана Спрынчан у "Дружбе народов"
Вершы Аксаны Спрынчан у перакладзе Святланы Бунінай і Наталлі Бельчанка на рускую мову надрукаваныя ў №8 маскоўскага часопіса "Дружба народов". Падборка вершаў аб'яднаная тэмай палёту - палёту птушак, палёту душы, палёту лісця і лістоў, і мае назву "Птицы". Аматары паэзіі могуць прачытаць пераклады тут.
· Вольга ·

18.08.2010
"Першая прыгажуня"
У выдавецтве "Літаратура і Мастацтва" выйшла кніга Алены Масла "Першая Прыгажуня". Казка - гэта не проста фантастычныя прыгоды і здарэнні. Гэта яшчэ і падарожжа кожнага з чытачоў ва ўласны свет пачуццяў, магчымасць глянуць на рэчаіснасць праз чароўнае шкельца. Што гэта так, дапаможа пераканацца кніга "Першая Прыгажуня". Казкі, якія склалі яе, распавядаюць аб прыгажунях казачнага каралеўства; злых чараўніках і высакародных рыцарах; самотным Вадзяніку; пра кветку альясу, якая пераехала ў горад; гісторыю з'яўлення зорак на небасхіле... Але насамрэч усе расповеды - водгук на падзеі сучаснага жыцця, знітаваныя спрадвечным дыханнем казкі. Прачытайце, да прыкладу "Казку пра Караля, які страшна любіў пісаць", і вы здзівіцеся яшчэ раз праўдзівасці казак.
· Аксана ·

16.08.2010
Аксана Спрынчан - экспертка "Пяцікніжжа Свабоды"
Сёння дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан назвала "Пяцікніжжу Свабоды" http://www.svaboda.org/content/transcript/2128766.html пяць кніг, у якіх на яе меркаванне найлепей спалучаюцца два віды мастацтва - паэзія і фатаграфія.
· Вольга ·

10.08.2010
"Эксперымент" у музеі Багдановіча
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча прадстаўляюць мастацкую выстаўку Мікалая Мішчанкі "Эксперымент". Творчая асоба заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Напісанне твораў - творчы працэс, напоўнены эксперыментаваннем з матэрыяламі і тэхнікай выканання. Сябра Беларускага саюза мастакоў Мікалай Яўгенавіч Мішчанка прадстаўляе праект "Эксперымент": акварэльныя аркушы, створаныя на працягу творчай дзейнасці мастака. Вывучэнне якасцей розных папер і асаблівасцей акварэльнага жывапісу дало магчымасць сабраць шмат аркушаў, частку якіх можна ўбачыць на выстаўцы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сярод іх эцюды, нацюрморты, пейзажы, выкананыя падчас паездак са студэнтамі на пленэры, вандровак і ў майстэрні. Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 12 жніўня а 17-й гадзіне па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Выстаўка будзе доўжыцца да 25 жніўня. Тэлефон для даведак: 334-07-61.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

06.08.2010
Інтэрв'ю Аксаны Спрынчан
Падчас творчай паездкі ў Швецыю дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан дала інтэрв'ю Шведскаму радыё. Пра асабістыя ўражанні Аксаны Спрынчан ад Швецыі, стасункі творчых людзей з Беларусі і Швецыі чытайце і слухайце тут.
· Вольга ·

04.08.2010
ВІНШУЕМ Яраша Малішэўскага!
Сёння святкуе Дзень народзінаў цудоўны гід, гісторык і музыка Яраш Малішэўскі. Мы шчыра віншуем Яраша і жадаем добрага настрою, новых песень, шчасця, кахання. Хай беларуская гісторыя прыадкрые Ярашу шмат сваіх цікавых таямніц.
· Вольга ·

03.08.2010
Публікацыя Міколы Кандратава
У 6-ым нумары часопіса "Маладосць" змешчана падборка вершаў Міколы Кандратава пад агульнай назвай "Кроплі дажджу". Восень, залюстрэчча, кроплі дажджу - гэтыя вобразы настройваюць на лірычны, задуменны лад. Ёсць тут і вершы, якія Мікола, як сапраўдны рыцар, прысвяціў чароўным дамам. Віншуем Міколу Кандратава з публікацыяй, раім пачытаць аматарам паэзіі.
· Вольга ·

02.08.2010
Яраш Малішэўскі - эксперт "Пяцікніжжа Свабоды"
Нястомны гід Яраш Малішэўскі зноў запрашае ў вандроўку. На гэты раз - літаратурную. Яраш Малішэўскі выступіў як эксперт праграмы "Пяцікніжжа Свабоды" радыё "Свабода", назваўшы пяць апетых беларускімі пісьменнікамі гарадоў, у якіх варта пабываць http://www.svaboda.org/content/transcript/2090082.html. А для тых, хто жадае мець адказы на ўсе выпадкі жыцця, Яраш называе пяць найлепшых энцыклапедый http://www.svaboda.org/content/transcript/2102059.html.
· Вольга ·

01.08.2010
"Назвы ад А."
Захапленне кветкамі і паэтычнае светаадчуванне Аксаны Спрынчан спалучыліся ў назвах гладыёлусаў. "Знічка", "Адлюстраванне нябёсаў", "Слуцкі пояс", "Дудар", "Арэлі дзяцінства" - такія назвы далі кветкаводы Дзмітрый Пачко і Іван Тадорскі новым гатункам гладыёлусаў па парадзе Аксаны. Пра гэта ідзе размова ў артыкуле Таццяны Канапацкай "Назвы ад А.", змешчаным у 30-м нумары газеты "Літаратура і мастацтва" ад 30 ліпеня.
· Вольга ·

28.07.2010
Творчая паездка на Чарнігаўшчыну
Незабыўныя ўражаннi атрымалi ўдзельнiкi двухдзеннай творчай паездкi на Чарнiгаўшчыну (па запрашэннi Амбасады Украiны ў Беларусi), у складзе якой сярод вядомых пiсьменнiкаў Барыса Пятровiча, Анатоля Бутэвiча, паэтаў i перакладчыкаў Валерыя Стралко, Галiны Дубянецкай, Сяржука Сыса пашчасцiла быць i мне. Праграма была вельмi насычанай. Пасля прэс-канферэнцыi з украiнскiмi пiсьменнiкамi Чарнiгаўскай нацыянальнай спiлкi, што адбылася ў доме-музеi класiка ўкраiнскай лiтаратуры М.Кацюбiнскага, было знаёмства з Чарнiгавам. Мы глядзелi на яго з вышынi валоў старога дзядзiнца i спускалiся ў прахалоду знакамiтых Антонiевых пячор. Пасля наведалi "украiнскiя пенаты" у Качанах, што належылi сям'i Тарноўскiх, дзе бывалi Гогаль, Шаўчэнка, Глiнка, Рэпiн i многiя iншыя дзеячы расiйскай i украiнскай культуры. Пазнаёмiлiся i з гетманскай сталiцай Батурыным i яго драматычнай гiсторыяй, а таксама з Мемарыялам у Крутах, дзе ў паслярэвалюцыйныя часы адстойвалася незалежнасць Украiнскай Рэспублiкi. Чарнiгаўшчына нарадзiла i дала прытулак мноству вядомых людзей, значна паспрыяла развiццю украiнскай культуры. Адкуль жа тут сканцэнтравалася столькi сiлы i энергетыкi? Магчыма, адным з адказаў ёсць геаграфiчнае становiшча Чарнiгаўшчыны. Яно асаблiвае тым, што гэты край знаходзiцца ўздоўж 52 градуса паўночнай шыраты. Калiсьцi ў далёкiя "райскiя часы" наша Зямля мела форму шара. Цяпер жа яна сплюснутая на палюсах да экватара. Але калi шар разам з элiпсоiдам размясцiць так, каб яны мелi агульны цэнтр, то iх паверхнi перасякуцца якраз па 52-iх паралелях паўночнай i паўднёвай шырот. Гэта значыць, што Зямля паблiзу гэтых паралеляў мае ўнiкальныя якасцi iдэальнай Зямлi. Напэўна, нездарма ў паласе 52-й паўночной зямной паралелi знаходзяцца знакамiтыя старажытныя помнiкi Стоўнхендж, Аркаiм, знойдзеныя тагачасныя абсерваторыi недалёка ад Прагi, стаяць старадаўнiя беларускiя гарады Тураў i Мозыр. Беларусь з Украiнай нiбыта люструюцца па гэтай паралелi. Магчыма, таму украiнцы i беларусы - блiзкiя народы, iх мовы найбольш узаемазразумелыя, чым мовы суседзяў. Хочацца верыць, што часцiнку сiлы гэтай своеасаблiвай зямлi мы захапiлi з сабой, што павiнна паспрыяць новым творчым памкненням.
· Мікола ·

27.07.2010
Падрыхтоўка да юбілею
Галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, выступаючы на "Ракуцёўскім леце – 2010" паабяцаў, што прыкладзе максімум намаганняў, каб у наступным годзе фестываль паэзіі і песні прайшоў на дзяржаўным узроўні. "120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 100 гадоў з часу яго прыбывання ў фальварку Ракуцёўшчына – даты значныя для беларускай культуры і яны не павінны быць пакінуты па-за ўвагай нашага міністэрства", - сказаў Дзмітрый Шляхцін. Якім будзе юбілейны год пакуль не вядома, бо падрыхтоўка да яго яшчэ не пачалася. Але ёсць жаданне зладзіць нешта незабыўнае і запамінальнае. Напрыклад, запрасіць вядомых беларускіх артыстаў. Сёлета фестываль прайшоў на мясцовым узроўні і меў свой каларыт – свята не было падзелены на дзве часткі, як гэта практыкававася ў мінулыя гады. Праграмы Маладзечненскага райвыканкама і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча былі аб’яднаны ў адзін вялікі канцэрт з паэтычнымі, эстраднымі, фальклорнымі і танцавальнымі нумарамі.
· Зміцер ·

26.07.2010
Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў
У выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла "Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў" Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан. Упершыню кніга пра беларускія народныя інструменты створана ў выглядзе энцыклапедыі. Арыгінальная форма падачы кожнага інструмента дапаможа дзецям з цікавасцю і жаданнем увайсці ў свет беларускай музыкі. Аўтары ў кожным з 32 інструментаў пабачылі своеасаблівую душу і часцінку той краіны, для якой яны сталі блізкімі. Энцыклапедыя прызначаная для ўсіх тых, хто грае, спявае, слухае і, вядома ж, чытае. Мастак - Вераніка Шніп. Першы экзэмпляр падораны Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў у Вісбю (Швецыя).
· Вольга ·

25.07.2010
Паездка ў Швецыю
Аксана Спрынчан была прызнана лепшай аўтаркай кнігі для дзяцей на конкурсе, што ладзілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і пасольства Швецыі ў Беларусі, і зараз гасцюе ў Швецыі на востраве Готланд у доме творчасці пісьменнікаў. Жадаем Аксане яскравых уражанняў і творчых знаходак.
· Вольга ·

21.07.2010
Каплічка
На могілках вёскі Ваўкавічы Навагрудская раёна поўным ходам ідзе рэканструкцыя каплічкі пра якую ўзгадваў Адам Міцкевіч:
     Бачыш, Марыля, ля самага гаю
     Вербы ўзнялі свае шаты,
     Рэчка віецца далінаю з краю,
     Мосцік над рэчкай гарбаты.
     Вунь і царквы, і званіцы руіны,
     Сыч там гняздзіцца панылы,
     Зараснік побач, буяюць маліны
     І захінаюць магілы…

Так у 1817 годзе пісаў у баладзе "Люблю я" Адам Міцкевіч. Вобраз царквы і званіцы захаваўся ў памяці паэта, калі той ездзіў з Наваградка ў маёнтак Рута. Царквы не стала ў гады Вялікай айчыннай вайны - немцы спалілі - і званіца вось-вось развалілася б, каб не жаданне настаяцеля прыходу Успення Прасвятой Багарадзіцы Мікалая Орсы, які ўзяўся за аднаўленне закінутага аб'екту, сцены якога асыпаліся, а замест даху пачалі расці дрэвы. Вядома ж, гэта не тая ж самая каплічка, якую бачыў паэт. Вярнуць ёй першапачатковы выгляд не атрымаецца, бо дакладных звестак пра тое, якой была святыня, не захавалася. Да таго ж, пасля смерці Міцкевіча будынак прыцярпеў не адну рэстаўрацыю. Людзі час ад часу імкнуліся ўмацаваць званіцу і дабаўлялі ў кладку цэглу свайго часу, тым самым мяняючы яе першапачатковы стыль. Цяпер адбываецца чарговая рэстаўрацыя, якая надасць каплічцы праваслаўны выгляд. Ужо усталяваны купал, але пакуль без крыжа, ідзе ўмацаванне сценаў. Наперадзе атынкоўка і фарбаванне. Каплічка будзе адкрыта для ўсіх. Работы плануецца скончыць да восені, калі пройдзе чарговы хросны ход у гонар закатаванага святара Мікалая Нядзведскага. Ён пахаваны на могілках вёскі Ваўкавічы. Нагадаем, што Паэтычны тэатр "Арт.С" быў ініцыятарам акцыі "Наша памяць", якая пачалася мінулым летам з прыборкі могілак. Цяпер актыўным рэалізатарам акцыі з'яўляецца праваслаўная царква.
· Зміцер ·

20.07.2010
Здымачная пляцоўка
Мінская гарадская бібліятэка Цёткі на сёння ператварылася ў здымачную пляцоўку. Тут ідзе запіс тэленарыса "Благословение" і праекта "Чистый мир", над якімі працуе здымачная група дабрачыннага фонда "Спас". Аўтар і вядучы Зміцер Арцюх, рэжысёр Святлана Дземчанка, аператар Сяргей Злотнікаў. У тэленарысе здымаюцца Рэгіна Багамолава, Тацяна Макарэвіч, а таксама супрацоўнікі бібліятэкі. Гэта дзесяціхвілінны аповяд пра знатнага беларускага князя, ахоўніка праваслаўнай веры Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, пра час, гісторыю і наша жыццё. Паглядзець тэленарыс можна будзе праз некаторы час на сайце фонда www.thesaviourfund.org і іншых сайтах Інтэрнэта.
· Зміцер ·

19.07.2010
Артыкул у "Культуры"
У апошнім нумары беларускай штотыднёвай грамадска-асветніцкай газеты "Культура" у рубрыцы "Соцыум" надрукаваны артыкул Іллі Свірына "Дэталь у маштабе помніка. Быць або не?". Аўтар разбіраецца ў праблеме, якая вось ужо некалькі тыдняў не сыходзіць са старонак газет і Інтэртэт-парталаў - рэканструкцыя храма Святых мучанікаў благаверных князёў Барыса і Глеба ў Наваградку. Журналіст прыводзіць меркаванні "за" і "супраць", але не ставіць кропку. Гэта павінна зрабіць навукова-метадычная рада. Тыя, хто цікавіцца тэмай, можаце прачытаць матэрыял тут: http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=4328.
· Зміцер ·

18.07.2010
Меркаванне наваградца
Вядомы літаратуразнавец Яўген Лецка, які родам з вёскі Пабрэззе Навагрудскага раёна, выказаўся супраць рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Ён лічыць, што гэта здзек над гісторыяй сталіцы Вялікага княства Літоўскага і ніхто не мае права перапісваць і пераробліваць яе на свой капыл. Гэта датычыць і літаратуры, і гісторыі, і архітэктуры. "Прыкрывацца тым, што было ў часы Расійскай Імперыі і вяртаць тыя часы, - гэта недапушчальная памылка, якая выклікае толькі абурэнне", - зазначыў кандыдат філалагічных навук.
· Зміцер ·

16.07.2010
Ракуцёўскае лета
У нядзелю 25 ліпеня ў 12 гадзін пачнецца чарговае свята нацыяльнальнай паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Аматары свята ўжо ведаюць, што яно проходзіць у фальварку Ракуцёўшчына Маладзечненскага раёна і збірае мясцовыя фальклорныя і эстрадныя калектывы, народных майстроў, а таксама паэтаў, бардаў, літаратуразнаўцаў, артыстаў з Мінска і іншых гарадоў і вёсак Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы. Зараз супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча працуюць над сцэнарам і займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі, каб свята прайшло на высокім прафесійным узроўні. Дарэчы, на свяце выступяць і удзельнікі Арт.С.
· Зміцер ·

13.07.2010
Знікненне помніка
Вядомага беларускага пісьменніка Францішка Багушэвіча абрабавалі. З ягонай магілы, што ў Жупранах Ашмянскага раёна, знік помнік. Не дапамог і знак “Ахоўваецца дзяржавай”. У 2003 годзе помнік быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а сёння каштоўнасці ўжо няма. Магіла нагадвае закінутае і забытае месца на Жупранскіх могілках. Аб тым, што робіцца на магіле класіка звестак пакуль няма. Верагодна, будзе праведзена рэстаўрацыя, паколькі год юбілейны – 170 з дня нараджэння і 110 з часу смерці.
· Зміцер ·

09.07.2010
Віншуем Наталлю Пушкарову!
Сёння дзень народзін у цудоўнага беларускага барда Наталлі Пушкаровай, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Праўда, яны не зусім выпускніца. Атрымаўшы дыплом настаўніцы беларускай і польскай мовы і літаратуры, Наталля паступіла ў магістратуру, дзе цэлы год будзе шліфаваць свае веды і найпер у польскай філалогіі. Як прызнаецца імянінніца, цяпер для яе на першым месцы навуковая дзейнасць. Але гэта не перашкаджае займацца творчасцю. Яе песні ўвайшлі ў дыск "Барды Свабоды" і ад радыё "Свабода" Наталля атрымала ў падарунак новую гітару. Мы віншуем нашую сяброўку з днём нараджэння, жадаем напісаць мноства песень і парадаваць сольным канцэртам.
· Зміцер ·

08.07.2010
Спрэчка ў Наваградку
Сітуацыя з рэканструкцыяй храма Святых мучанікаў благаверных князёў Барыса і Глеба ў Наваградку пакуль не вырашана. Работы па аснашчэнні двух вежаў старажытнага гатычнага помніку купаламі працягваюцца. Пазней павінен з’явіцца і трэці купал – цэнтральны. Як паведамілі нашым АБВесткам у гісторыка-краязнаўчым музеі: “Навукоўцы города супраць купалізацыі царквы. Гэтым парушаецца гатычны стыль. Барысаглебская царква – гэта помнік архітэктуры, уяўляе сабой сімбіёз гатычнага і рэнесанснага стыляў з рысамі абарончага дойлідства. Купалы будуць псаваць знешні выгляд. Намі падрыхтаваны артыкулы пра гісторыю царквы ад яе з’яўлення і да нашых дзён. У бліжэйшы час яны з’явяцца ў друку”. Раней ў СМІ паведамлялася, што на правядзенне рэстаўрацыйных работ няма дазволу Міністэрства культуры, але гэта памылковае меркаванне. Днямі гараджане пераканаліся, што дазвол усё ж існуе. Гэта не самаўпраўства настаяцеля царквы, іерэя Мікалая Орсы, як пісалі раней журналісты. Ацэнка сітуацыі з пункту гледжання праваслаўнага чалавека: “Купал – гэта сімвал Неба, не таго неба фізічнага, а Неба духоўнага. Быць пад купалам – гэта значыць быць пад аховай Бога. І з’яўленне купалаў на царкве – магчымасць адчуць сябе абароненым. Праўда, калі людзі не жадаюць гэтага… Шкада, канечне, але ў кожнага з нас ёсць права выбіраць дзе і з кім быць…”. Нашы АБВесткі сочаць за разгортваннем сітуацыі і самую дакладную інфармацыю вы можаце чытаць на нашым сайце.
· Зміцер ·

06.07.2010
Адпачынак
Лета паўнапраўна кіруе ў Беларусі. Многія ўжо адпачылі, многія адпачываюць зараз, а многім толькі давядзецца гэта зрабіць. Мы паспрабавалі даведацца, як бавяць час некаторыя ўдзельнікі Арт.С. І вось што пачулі. Вольга Абразцова: "Еду на два тыдні ў Крым пазагараць, пакупацца, пабыць на экскурсіях і атрымаць як мага больш добрых уражанняў". Тацяна Барысюк: "У адпачынак іду ў жніўні. Грандыёзных планаў няма. Буду то ў Мінску, то на лецішчы". Рагнед Малахоўскі: "А я буду ўсё лета працаваць і толькі на выходныя з'язджаць на Нарач. Інакш не атрымліваецца, бо толькі ўладкаваўся на працу". Вадзім Клімовіч: "Пабыў два тыдні ў Італіі. Спадабалася. Яшчэ тыдзень у бліжэйшы час хачу правесці на радзіме ў вёсцы Пліса". Алена Масла: "Адпачынак праводжу пераважна ў вёсцы на Мёршчыне, але бываю па справах і ў сталіцы". Рэгіна Багамалова: "У мяне адказны адпачынак - адпусціла дзяцей у падарожжа, а сама даглядаю ўнука"…
· Зміцер ·

05.07.2010
Дзень народзінаў Янкі Купалы
4 ліпеня па традыцыі пісьменнікі з'ехаліся ў Вязынку, каб ушанаваць дзень народзінаў Янкі Купалы і прыняць удзел у свяце паэзіі. У святочным канцэрце ўдзельнічалі знаныя пісьменнікі (Васіль Дранько-Майсюк, Навум Гальпяровіч, Анатоль Бутэвіч, Віктар Шніп і іншыя), фальклорныя калектывы і маладыя музыкі (гурты Охра, Хорціца, барды Раман Яраш і Андрэй Касцень). Усім прыйшоўся даспадобы шчыры і не без жартаў выступ сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча. Суполка "Літаратурнае прадмесце" пад кіраўніцтвам Людмілы Рублеўскай прадставіла свае творы, і музычныя, і паэтычныя, цэлым блокам. Сярод выступоўцаў былі і ўдзельнікі паэтычнага тэатра Арт.С. — Мікола Кандратаў, Таццяна Пратасевіч, Юлія Новік, Таццяна Барысюк. Акрамя канцэрта, усіх запрасілі ў Музей Янкі Купалы, у атмасферу XIXга стагоддзя. Каля помніка Янкі Купалы пісьменнікі ўрачыста ўсклалі белыя ружы, а арганізатары выступілі з прамовай.
· Юлія Новік ·

01.07.2010
Грунвальд за смугою часу
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, літаратурны музей Максіма Багдановіча, суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў прадстаўляюць мастацкую выставу "Грунвальд за смугою часу" прысвечаную 660-годдзю Вітаўта Вялікага і 600-годдзю Вялікай Перамогі пад Грунвальдам. 9 ліпеня 2010 года ў 17.00 у дворыку Літаратурнага музея М.Багдановіча адбудзецца музычны фэст, у 18.00 – урачыстае адкрыццё выставы. Выстава будзе экспанавацца да 1 жніўня 2010 года. Тэл. для даведак: 334-07-61 Адрас: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце).
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

22.06.2010
Памяці Васіля Быкава
Сёння дзень памяці Васіля Быкава. Шэраг цікавых праграм, прысвечаных літаратару сусветнага маштабу і дыскусійным пытанням беларускай літаратуры прадстаўляе партал TUT.BY.
· Зміцер ·

21.06.2010
“Поруч…”
Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча запрашаюць да ўдзелу ў першым музейным hand-made фестывалі “Поруч…”, які адбудзецца 30 чэрвеня 2010 года, з 14.00 да 21.00 (г. Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М.Багдановіча, 7а) Вы зможаце не толькі ўбачыць, як ствараюцца прыгожыя рэчы, але і сваімі ўласнымі рукамі паспрабаваць зрабіць што-небудзь незвычайнае. Падрабязнасці - у Гасцёўні.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

12.06.2010
ВІНШУЕМ Вольгу Абразцову
Сёння Дзень народзін у Вольгі Абразцовай – цудоўнага адміністратара і сяброўкі Арт.С. Яна збірае фотаздымкі, папаўняе сайт, робіць рассылкі. Мы ўсе віншуем нашую сяброўку са святам! Жадаем кахання, радасці, удачы, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах, здзяйснення мар і дасягнення пастаўленых мэтаў. Жадаем заставацца такой жа шчырай і адкрытай дзяўчынай.
· Зміцер ·

04.06.2010
Персанальная выстава "Колеры лета"
У бібліятэцы Цёткі (Мінск, вул. Талбухіна, 12а) 3 чэрвеня 2010 года адкрылася персанальная выстава Міколы Бушчыка "Колеры лета". Выстава будзе доўжыцца чэрвень і ліпень 2010 года. У экспазіцыі прадстаўлены 14 работ мастака. Падрабязнасці глядзіце на сайце мастака www.bushchyk.com.
· Вольга ·

29.05.2010
Да зор
Літаратурны музей Максіма Багдановіча разам з дойлідамі праекта “Вежа міру” запрашае на вечарыну "Да зор". Чытаць і спяваць творы Караткевіча, Купалы і Багдановіча збіраюцца: Раман Яраш, Андрэй Касцень, Кацярына Ваданосава, Бараноўскі Міхал. Пад час перапынку запрашаем на гарбату... Распавядаем пра цікавыя факты з жыцця зорак беларускай паэзіі… Чакаем 29 мая а 19-й гадзіне, г. Мінск, вул. М.Багдановіча 7 “А” (Траецкае прадмесце). Тэлефоны для даведак: 8 (017) 334-42-69, 8 (029) 850-73-27.
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

25.05.2010
Рагнед Малахоўскі ў часопісе "Полымя"
Рагнед Малахоўскі пачаў працаваць у аддзеле крытыкі і літаратуразнаўства часопіса "Полымя". Удзельнікі паэтычнага тэатра Арт.С рады за свайго сябра і ад душы жадаюць цікавай і плённай працы.
· Вольга ·

24.05.2010
Антракт
Паэтычны тэатр Арт.С аб'яўляе антракт да верасня. У бібліятэцы Цёткі адбылося закрыццё першай дзеі чацвёртага сезону вечарын. Наперадзе адпачынак і падрыхтоўка рэпертуару другой дзеі. Але спыненне выступленняў у бібліятэцы Цёткі не значыць спыненне творчай і інфармацыйнай дзейнасці. Магчымы выступы ў іншых месцах як Мінска так і краіны. Пра гэта можна будзе чытаць на нашым сайце. Па традыцы ён будзе абнаўляцца летам. На мастацкай радзе, якая нядаўна прайшла, абмяркоўвалася магчымасць пашырэння дзейнасці сайта, прыняцце ў кола сяброў тэатра новых удзельнікаў, шлях развіцця Арт.С і вечарыны другой дзеі. Прыадкрыем заслону таямніцы і паведамім, што вас чакае працяг вандроўна-эстэтычнага праекту "Сем цудаў Беларусі ", духоўна-асветніцкага праекту "А верш імкнецца да нябёсаў...", а таксама прэм'еры, канцэрты, выставы, традыцыйная вечарына-фарс "Восень і іншыя коткі". Будуць новыя імёны, новыя пляцоўкі, вядома ж, новыя вершы.
· Зміцер ·

20.05.2010
ВІНШУЕМ Міколу Кандратава
У кожнага чалавека ёсьць анёл-ахоўнік. А ў тэатра? У паэтычнага тэатра "Арт.С" дакладна ёсьць. І сваё зямное ўвасабленьне ён знайшоў у Міколе Кандратаве. І таму найсьвятлейшы дзень у тэатры -- Дзень народзінаў Міколы. І таму мы сьветла віншуем яго. І зычым нябёснаму чалавеку і паэту шмат сілаў, каб ахоўваць нас і не забывацца на сябе. Натхненьня!!!
· Аксана ·

14.05.2010
Круглы стол на радыё
Першы нацыянальны канал радыё (Мінск - 106,2 FM) зладзіў круглы стол з беларускімі паэтамі. Пра беларускую паэзію разважалі Віка Трэнас, Мікола Кандратаў, Вольга Гапеева, Віктар Жыбуль. Слухайце радыё 16 траўня а 16.15 і 22 траўня а 13.00.
· Вольга ·

10.05.2010
КОЛА МІКОЛАЎ
Паэтычны тэатр “Арт.С” прадстаўляе вечарыну “КОЛА МІКОЛАЎ”. Вас чакаюць сустрэчы з Міколамі (АЎРАМЧЫК, АДАМ, ВІЧ, ГІЛЬ, КАСЦЮКЕВІЧ, МАЛАХОЎСКІ, ПРУДНІКАЎ, ЧАРНЯЎСКІ, ШАБОВІЧ) і сынам Міколы (ЗЭКАЎ). Вядоўцы вечарыны вынаходнікі-стваральнікі кола Мікола КАНДРАТАЎ і ўнучка Міколы ПАЎЛЮКАЎЦА. Збіраемся 21 траўня 2010 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро “Парк Чалюскінцаў”). Уваход па коле.
· Аксана ·

09.05.2010
Аксана Спрынчан - эксперт "Пяцікніжжа Свабоды"
Аксана Спрынчан выступіла ў ролі эксперта ў перадачы “Пяцікніжжа Свабоды” радыё “Свабода”, прадставіўшы беларускі паэтычны кветнік http://www.svaboda.org/content/transcript/2008467.html і літаратурных дзядоў для беларускіх унукаў http://www.svaboda.org/content/transcript/2036369.html.
· Вольга ·

08.05.2010
Забытыя словы, забытыя рэчы
У бібліятэцы Цёткі Людміла Рублеўская і Вераніка Шніп прадставяць візуальна-паэтычны цыкл "Забытыя словы, забытыя рэчы". Адкрыццё запланавана на 18 траўня 17.30. Выстава будзе доўжыцца да 1 чэрвеня.
· Вольга ·

07.05.2010
Жадаем поспехаў у конкурсе
Тацяна Макарэвіч рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе “Лепшы бібліятэкар”, што праводзіць цэнтральная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г.Мінска. Жадаем поспехаў!
· Вольга ·

29.04.2010
Жывая музыка кветак
Аксана Спрынчан (sprynchan.livejournal.com, 2010-05-04 11:32): "27 траўня іду на канцэрт Віталя Стахіевіча, за што яму вялізная ўдзячнасьць. Пераважна жывую класічную музыку я слухаю на лецішчы, бо суседка ў мяне вучыцца ў Пецярбургскай кансерваторыі. І пад гукі фартэпіяна я палю, капаю, зьбіраю вішні... І кветкі мае няпростыя, бо гадуюцца пад жывую музыку. 27 буду слухаць і не працаваць, чаго даўно не было. На фота мае жывыя кветкі да твораў, якія будзе выконваць Віталь. Можа, ён і не пагодзіцца з такой інтэрпрэтацыяй..." Прыгожыя фотаздымкі глядзіце тут — http://sprynchan.livejournal.com/79809.html.
· °¿° Вадзім ·

29.04.2010
Змены ў праграме
Вечарына "Кола Міколаў" адбудзецца на тыдзень пазней — 21-га траўня.
· °¿° Вадзім ·

16.04.2010
ВІНШУЕМ Тацяну Макарэвіч!
Віншуем зь Днём народзінаў удзельніцу тэатра Тацяну Макарэвіч!
Як у тэатры — Захарэвіч.
так ў афармленні — Макарэвіч.
Хай з Божае і нашай ласкі
твой Дзень Народзін стане казкай!
· Аксана ·

14.04.2010
Віншуем Алену Масла!
Сёньня сапраўды казачны дзень, бо 14 красавіка нарадзілася краса-казачніца Алена Масла. Віншуем актыўную, нестамляльную, ідэйную (у станоўчым сэнсе) удзельніцу тэатра з Днём народзінаў! Няхай яе казачна-рэальная ўсмешка радуе ўсіх прыхільнікаў тэатра і надалей!
· Аксана ·

13.04.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд трэці: возера НАРАЧ.
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект сем цудаў беларусі. Цуд трэці: возера Нарач. Сустрэчы з народжанымі каля Нарачы — Марыя ЗАХАРЭВІЧ, Рагнед МАЛАХОЎСКІ, Мікола ШАБОВІЧ, і з натхнёнымі Нараччу — Таццяна БАРЫСЮК, Анатоль БУТЭВІЧ, Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ, Уладзімір ЛІПСКІ, Алесь ЦЫРКУНОЎ. На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН. Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрась ШЫШКО. Збіраемся 16 красавіка 2010 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

12.04.2010
Не засмечвайце душы
Тэатр Арт.С працягвае рэалізацыю дабрачыннай акцыі "Наша памяць" па добраўпарадкаванні могілак. Яна праводзіцца пакуль толькі ў вёсцы Ваўкавічы Навагрудскага раёна. Акрамя Арт.С у ёй удзельнічаюць: Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Ваўкавіцкі сельскі выканаўчы камітэт, прыход царквы Успенне Прасвятой Багародзіцы. Сёлета да акцыі далучыўся дабрачынны фонд "The Saviour" ("Спас") www.thesaviourfund.org (Нью-Йорк), які дапамагае збіраць сродкі на аднаўленне праваслаўных святыняў Наваградчыны. Жадаючыя прыняць удзел у ёй тэлефануйце +375-29-704-63-02 альбо +375-29-342-38-10. Акцыя пачнецца ў суботу 1 мая 2010 года ў 10 гадзін.
· Зміцер ·

04.04.2010
Паэтычна-акустычны канцэрт “Рытмы і рыфмы”
20 мая 2010 года (чацвер) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) адбудзецца вечар сучаснай беларускай песні і паэзіі “Рытмы і рыфмы” з удзелам вядомых музыкантаў Таццяны Беланогай, Юрыя Несцярэнкі і Віктара Шалкевіча. Вядучы мерапрыемства — Мюр Фарыдовіч. Спецыяльны госць — пісьменніца Людміла Рублеўская. Аўтар праекта – Віка Трэнас. Інфармацыйную падтрымку вечара забяспечвае Юлія Новік. Цікавыя падрабязнасці тут — http://www.rv-blr.com.
· °¿° Вадзім ·

03.04.2010
Адкрыццё выставы ў бібліятэцы Цёткі
У бібліятэцы Цёткі (вул. Талбухіна, 12а) 6 красавіка адбудзецца адкрыццё выставы Галіны Анкуда "К тайнам цвета". Мастачка прадстаўляе нацюрморты, выкананыя ў тэхніцы жывапісу алеем. Упершыню прадстаўлены каляровы круг-зорка, што з'яўляецца новай графічнай каларыметрычнай сістэмай асноўных колераў. Выстава будзе доўжыцца да 6 мая.
· Вольга ·

02.04.2010
Ліставанне з Юрасём Пацюпам
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе ПРЭЗЕНТАЦЫЯ@TUT.BY - ліставанне з Юрасём Пацюпам.
Адрасанты: Валянцін АКУДОВІЧ, Галіна ДУБЯНЕЦКАЯ, Валярына КУСТАВА, Алена МАСЛА, Ларыса РАМАНАВА, Людка СІЛЬНОВА, Міхась СКОБЛА, Аляксандр ФЯДУТА, Віктар ШНІП, а таксама квартэт гітарыстаў БДАМ пад кіраўніцтвам Валера ЖЫВАЛЕЎСКАГА і Яраш МАЛІШЭЎСКІ.
Вядоўца Аксана СПРЫНЧАН.
Для тых, хто лічыць, што найцікавейшы парадак слоў і найнесумернейшыя сны ў Юрася Пацюпы. Пятніца 9 красавіка 2010 а 18.00 у Музеі Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7А). Уваход без канвертаў.
· Аксана ·

31.03.2010
Шляхам вечнасці
У 2009 годзе Інфармацыйным агенцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы быў зняты дакументальны фільм "Навагрудская Галгофа". Праз прызму гісторыі пачатку 20 стагоддзя ў ім апавядаецца лёс праваслаўнага святара Заходняй Беларусі Мікалая Нядзведскага, які адным з першых прыцярпеў жахлівыя зверствы савецкай улады, што ўсталявалася пасля 17 верасня 1939 года на землях былой Польшчы. Гэта фільм пра пакаянне, пра тое, што зямное жыццё - адна хвіліна і пражыць яе патрэбна сумленна. Ідэя фільма - Зміцер Арцюх. Сцэнар - Зміцер Арцюх, Святлана Дземчанка. Рэжысёр - Святлана Дземчанка. Аператар - Уладзімір Хромаў. Працягласць стужкі - 40 хвілін. Прэм'ера адбудзецца 9 красавіка 2010 года ў 18 гадзін на галоўнай пляцоўцы Арт.С. Затым абмеркаванне. У ім бярэ ўдзел творчая група фільма, а таксама госці: народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, спявак Пётр Ялфімаў, іерэй Мікалай Орса, кандыдат гістарычных навук Валянціна Цяплова.
· Зміцер ·

24.03.2010
СМІ пра нас
Паважаныя чытачы сайта! На старонцы "Смі пра нас" з'явіўся артыкул Алены Масла "Арт.С: паэтыка свабоды і быцця", які быў надрукаваны ў часопісе "Маладосць" № 12, 2009 год.
· Зміцер ·

21.03.2010
Слухайце радыё
Як паведаміла нашым абвесткам журналістка Маргарыта Прохар, удзельнікі Арт.С актыўна выступаюць на радыёканале “Культура”. Маргарыта нядаўна запісала матэрыялы на дзве праграмы, якія зараз рыхтуюцца да эфіру. У бліжэйшы чацвер 25 сакавіка ў перадачы “З літаратурнай пошты” прымае ўдзел паэтка Тацяна Пратасевіч. Перадача ў эфіры ў 17.40. А ў нядзелю 4 красавіка ў 12.30 праграма “Новыя імёны”, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі выступяць Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. У гэты святочны вялікодны дзень гаворка пойдзе пра новы праект нашага тэатра “Сем цудаў Беларусі” і цуд першы – Сафійскі сабор. Слухайце беларускае радыё.
· Зміцер ·

19.03.2010
Праграма
Звярніце, калі ласка, увагу на змяненні ў праграме на красавік.
    09.04.2010-18.00. Галоўная пляцоўка. Шляхам вечнасці. Вялікодная вечарына.
    09.04.2010-18.00. Музей Максіма Багдановіча. Прэзентацыя@tut.by. Ліставанне з Юрасём Пацюпам. Імпрэза.
    16.04.2010-18.00. Галоўная пляцоўка. Сем цудаў Беларусі. Нарач. Вандроўна-эстэтычны праект.
· °¿° Вадзім ·

15.03.2010
Цуд другі: Нясвіжскі замак
Паэтычны тэатр Арт.С прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ.
Цуд другі: Нясвіжскі замак.
Сустрэчы з натхнёнымі Нясвіжскім замкам і каханнем.
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ, Раіса БАРАВІКОВА, Анатоль БУТЭВІЧ, Міраслава НАВІШ, Вальжына ПРОХАРАВА, Наталля ПУШКАРОВА, Віктар ШНІП.
На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ.
Вядоўцы Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН.
Гітарныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрась ШЫШКО.
Збіраемся 19 сакавіка 2010 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12а, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў").
Уваход без квіткоў.
· °¿° Вадзім ·

14.03.2010
Творчая сустрэча
З 20 па 27 сакавіка ў беларускай сталіцы праходзіць 8-ая духоўна-асветніцкая выстава “Вербны кірмаш”. На ёй не запланавана асобнай вечарыны Арт.С, але адбудзецца творчая сустрэча з нашай ганаровай удзельніцай, народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч. Прыма купалаўскага тэатра чакае сваіх прыхільнікаў у аўторак 23 сакавіка ў 18 гадзін у сталічным Палацы мастацтваў на вуліцы Казлова. Вы пачуеце вершы ў яе выкананні, маналогі з вядомых спектакляў, выступы сяброў актрысы, а таксама зможаце задаць пытанні. Дарэчы, пытанні ўжо зараз можна задаваць, даслаўшы на наш электронны адрас альбо змясціўшы ў рубрыцы "Гасцёўня".
· Зміцер ·

12.03.2010
Прэзентацыя кнігі У. Ахроменкі і М. Клімковіча
Budzma.org: "Прэзентацыя новай кнігі Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша», якая адбылася 11 сакавіка ў кавярні «Валерыя» атрымалася, як сама кніга — вясёлая, насычаная жартамі, смехам і досціпамі — у рознай ступені апакрыфічнымі." Сярод іншых выступоўцаў былі таксама Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Фотаздымкі і поўны тэкст тут.
· °¿° Вадзім ·

05.03.2010
МУЗЫ
Паэтычны тэатр Арт.С прадстаўляе творчы вечар паэта, фатографа, музыкі Рагнеда Малахоўскага пад назвай "Музы". 12 сакавіка а 18.00 чакаем гледачоў у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12a, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без квіткоў. Афіша ў фармаце JPG — http://art-s.by/images/afisha/2010-03-12.jpg.
· °¿° Вадзім ·

04.03.2010
"ПОДЫХ ГОРАДА" ў выстаўнай залі паэтычнага тэатра Арт.С
Аўтар фотавыставы Алена Кахановіч: "Кожны горад жыве сваім жыццем. Горад як чалавек: са сваім характарам, норавам, са сваім настроем. Мне пашанцавала наведаць розныя краіны, прайсціся па праспектах вялікіх мегаполісаў і па вузенькіх вулачках правінцыяльных гарадкоў. I я ўпэўнена магу сказаць, што горад гэта не толькі яго гісторыя, падзеі мінулага і сучаснасці. У першую чаргу, кожны горад — гэта яго жыхары, людзі, якія напаўняюць яго жыццём. Варта толькі зрабіць некалькі крокаў па незнаёмым табе горадзе, і ты можаш пабачыць многае: радасць, смутак, задуменнасць і нерухомы спакой — усё гэта на тварах людзей вакол цябе. Назіраеш за імі і быццам адчуваеш дух самаго горада."
Адрас фотавыставы "Подых горада" — http://gallery.art-s.by/kahanovich/.
Іншыя выставы — http://gallery.art-s.by.
· °¿° Вадзім ·

02.03.2010
ВІНШУЕМ Зміцера Арцюха!
Сёння мы шчыра віншуем з днём народзінаў дырэктара Паэтычнага тэатра "Арт.С", журналіста, паэта Зміцера Арцюха. Жадаем моцнага здароўя, радасці, кахання, дабрабыту, доўгіх шчаслівых вясновых дзён. Хай у нашага сябра ўсё атрымоўваецца! Творчых поспехаў!
· °¿° Вадзім ·

01.03.2010
Турызм: анатомія праблемы
Чым завабіць замежных турыстаў на Беларусь? Як абудзіць цікавасць нашых суграмадзянаў да вандровак па гістарычных мясцінах? Ці не перашкаджае развіццю экскурсійнага турызму, як ні дзіўна, залішняя камерцыялізацыя? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі круглага стала ў СБ "Турызм: анатомія праблемы" http://www.sb.by/post/97338/, сярод якіх быў Яраш Малішэўскі.
· Вольга ·

22.02.2010
Вершы Аксаны Спрынчан у "Маладосці"
У першым нумары часопіса "Маладосць" http://lim.by/maladostc.htm змешчаны вершаваны пояс "Мой слуцкі ткач", складзены Аксанай Спрынчан з "вершаў-нітак". Раім прачытаць.
· Вольга ·

20.02.2010
Выступ
Тацяна Барысюк выступіла на рэспубліканскай навуковай канферэнцыі "Творчасць Івана Навуменкі: славянскі, еўрапейскі, сусветны кантэкст" у Інстытуце мовы і літаратуры НАН Беларусі з дакладам "Пошукі бессмяротнасці ў паэзіі Алеся Разанава". Чакаецца публікацыя ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.
· Зміцер ·

13.02.2010
ВІНШУЕМ Людмілу Баяўчук!
Напярэдадні дня закаханых свой дзень народзін адзначае народналюбімая актрыса Людміла Баяўчук. У паэтычным тэатры Арт.С яна прымала ўдзел шмат у якіх вечарынах, стварыла мноства цудоўных воразаў як украінцаў, так і беларусаў. Яе вытанчанае акцёрскае майстэрства не пакідае людзей абыякавымі. Праз свае выступы-ролі Людміла Баяўчук заклікае гледачаў памятаць пра агульначалавечыя каштоўнасці, імкнуцца да вялікай любові і сапраўднай вернасці. Мы жадаем нашай шаноўнай удзельніцы творчага плёну на нашай пляцоўцы і на пляцоўках прафесійных тэатраў, дзе, спадзяемся ў хуткім часе ўбачым новыя працы, як рэжысёрскія так і акцёрскія.
· Зміцер ·

12.02.2010
Кветкавы баль
Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае — выстаўка твораў мастака-фларыста Дзіны Шымук "КВЕТКАВЫ БАЛЬ". Дзінай Шымук створана больш за 3000 карцін. Яе творы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі, Беларускім фондзе культуры, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Яна прымала ўдзел у выстаўках у Беларусі, Швецыі, Ізраілі, ЗША, Францыі, Нарвегіі. Адкрыццё выстаўкі 17 лютага а 17-й гадзіне. Выстаўка экспануецца да 9 сакавіка 2010 года, працуе з 10.00 да 17.00 без выхадных. Адрас: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце).
· Літаратурны музей Максіма Багдановіча ·

11.02.2010
СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ: Сафійскі сабор
Паэтычны тэатр "Арт.С" прадстаўляе вандроўна-эстэтычны праект "СЕМ ЦУДАЎ БЕЛАРУСІ. Цуд першы: Сафійскі сабор". Вас чакаюць сустрэчы з народжанымі каля Сафіі (Пятро ВАСЮЧЭНКА, Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, Юрась ПАЦЮПА) і з натхнёнымі Сафіяй (Васіль ЖУКОВІЧ, Валянціна КОЎТУН, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Зміцер СІДАРОВІЧ, Вадзім СПРЫНЧАН). На ўсім шляху з вамі цудоўны гід і музыка Яраш МАЛІШЭЎСКІ і вядоўцы Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН. Фартэп'янныя праводзіны ў вандроўку і выводзіны з вандроўкі Юрась ШЫШКО. Збіраемся 26 лютага 2010 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход без квіткоў.
· Аксана ·

10.02.2010
Танцы працягваюцца
Музыка Зміцер Сідаровіч запрашае ўсіх на спатканні па чацвяргах у кавярню “Жар-птушка”, што ў Цэнтральным дзіцячым парку сталіцы. Там ладзяцца сярэднявечныя танцы. Пачатак у 19 гадзін. Бліжэйшая танцавальная вечарынка — 11 лютага. Паралельна спявак займаецца запісамі ранейшых песень. Новых у рэпертуары пакуль няма — творчы перапынак. Але хутка вясна і мы спадзяемся, што бард парадуе слухачоў новымі натхненымі творамі.
· Зміцер ·

06.02.2010
ВІНШУЕМ Рэгіну Багамолаву!
Залаты ўзрост у нашай любімай загадчыцы бібліятэкі Цёткі, актыўнай удзельніцы і паэткі Рэгіны Багамолавай. Ніводная вечарына на галоўнай пляцоўцы не абыходзіцца без яе ўдзелу. За час існавання тэатра юбілярка не толькі выступала як паэтка, але і як вядучая. Дэбют вядоўства ў Арт.С адбыўся на гастролях у вёсцы Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна, затым былі цудоўныя працы на праваслаўных кірмашах, у бібліятэцы Цёткі. Заўсёды яркія літаратурна-даследчыя ролі Рэгіна выконвае ў вечарынах-маскарадах “Стары Новы год у Цёткі”. Гледачам памятаецца і паштарка, і загадчыца крамы. Віншуем нашу маладую (па ўзросце), але ўжо вопытную калегу са святам, жадаем моцна стаяць на нагах, быць заўсёды жаданай, каханай і чаканай. Ну, а астатняе прыкладзецца.
· Зміцер ·

05.02.2010
Пераклад
Дакументальны фільм “Навагрудская Галгофа” пра святара Заходняй Беларусі Мікалая Нядзведскага, які нядаўна быў зняты Інфармацыйным агенцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы, будзе перакладзены на тры мовы: беларускую, англійскую і французскую. На дыск яго запішуць на чатырох мовах (першы варыянт рускамоўны). Паглядзець фільм можна будзе ў красавіку, альбо зараз, калі набыць дыск у царкоўных лаўках. Варта адзначыць, што перакладам фільма на французскую мову зараз займаецца Юлія Новік. Плануецца, што яна ж і агучыць фільм па-французску.
· Зміцер ·

22.01.2010
Новая выстава ў бібліятэцы Цёткі
У бібліятэцы Цёткі (вул. Талбухіна, 12а) прадстаўлена выстава "Зямны рай мастака Панамарова". Гледачы ўбачаць нацюрморты і пейзажы, выкананыя ў тэхніцы жывапісу алеем. Выстава будзе доўжыцца да 15 лютага.
· Вольга ·

18.01.2010
ТАЦЯНІН ДЗЕНЬ
Паэтычны тэатр "Арт.С" ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прадстаўляе
25 студзеня 2010 года
Тацянін Дзень.
Выступаюць-чытаюць-распавядаюць-спяваюць:
БАРЫСЮК, БЕЛАНОГАЯ, БУДОВІЧ, ГРЫНЕВІЧ (МАТАФОНАВА), ЛАБАДА, ЛАДУНОВА, ПРАТАСЕВІЧ, СІВЕЦ, ШАМЯКІНА, ШЭЛЯГОВІЧ.
Падарыце свята сабе і знаёмым Тацянам. Чакаем а 18.00 (вуліца Багдановіча, 7а). Уваход вольны.
· Тацяна Барысюк ·

15.01.2010
Падзяка
На закрыці духоўна-асветніцкай выставы “Нараджэнне Хрыстова”, паэтычнаму тэатру Арт.С была ўручана падзяка за актыўны ўдзел у праваслаўным кірмашы.
· °¿° Вадзім ·

12.01.2010
ВIНШУЕМ Тацяну Будовiч!
Сёння дзень нараджэння святкуе ўдзельнiца Арт.С Тацяна Будовiч. Мы вiншуем яе, жадаем сямейнага шчасця i творчага ўзлёту, а таксама часцей удзельнiчаць у нашых выступах i ладзiць свае ўласные праекты.
· Зміцер ·

10.01.2010
Блышыны рынак на Парнасе-3
Увага! Музей Янкі Купалы і суполка “Літаратурнае Прадмесьце” запрашае!
13 студзеня а 19.00 у музеі Янкі Купалы – “Літаратурныя Каляды”.
Мусы-Прымусы, альбо “Блышыны рынак на Парнасе-3”.
На аўкцыён “мусы”, гэта значыць, хабітанскія падарункі ад паэтаў, выстаўляюцца толькі з каляднымі гісторыямі. У аўкцыёне ўдзельнічаюць усе! Постмадэрновая елачка. Самы страшны ў свеце Дзед Мароз. Шмат вершаў, музыкі, спеваў і сюрпрызаў. Галасаванне за лаурэата “Блакітнага Сьвіна”. Удзельнічаюць Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Юрась Нераток і Юрась Шышко, Усевалад Гарачка, Юрый Несцярэнка, Маргарыта Аляшкевіч, Мікола Кандратаў, Алёна Беланожка, Юлія Новік, Тацяна Пратасевіч, Рагнеда Крышталюк і Інька ды іншыя.
· °¿° Вадзім ·

07.01.2010
Вершы ў СБ
У другім нумары газеты "СБ-Беларусь сегодня" ад 06.01.2010 змешчана падборка вершаў паэтаў суполкі "Літаратурнае прадмесце" пад агульнай назвай "У кожнай сняжынцы - верша працяг..." Раю звярнуць увагу.
· Вольга ·

06.01.2010
Стары Новы год у Цёткі
Паэтычны тэатр "Арт.С" запрашае на штогадовую вечарыну-маскарад "Стары Новы год у Цёткі". У ёй бяруць удзел: Прыбіральшчык – Зміцер Арцюх, Цыганка-прыбіральшчыца – Аксана Спрынчан, Гаспадар нарачанскай лазні – Рагнед Малахоўскі, Украінская навагодняя ноч – Людміла Баяўчук, Дырэктарка крамы – Рэгіна Багамолава, Замежніца – Святлана Кухлеўская, Скрыпачка – Вера Дземчанка, Фірмач – Вадзім Клімовіч. У ролі Каралевы - народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.
Чакаем 15 студзеня 2010 года а 18.00 у бібліятэцы Цёткі (Мінск, вуліца Талбухіна 12а, ст.м. Парк чалюскінцаў).
Уваход вольны.
· Зміцер ·

05.01.2010
СМІ пра нас
У нумары 12 часопіса "Маладосць" за 2009 год змешчаны артыкул Алены Масла "Арт.С: паэтыка свабоды і быцця". Аўтарка гутарыць з Аксанай Спрынчан пра Паэтычны тэатр і пра вечарыну "Шарай гадзінаю". Фотаздымкі ўдзельніц і глядачак "Арт.С" у касцюмах дызайнера Святланы Длатоўскай зроблены Любай Палянскай. У гэтым жа нумары змешчана падборка вершаў Тацяны Будовіч "Пад скураю лёд растае"
· Вольга ·

04.01.2010
Год Зялёнай Жабкі
12 студзеня 2010 года Паэтычны тэатр “Арт.С” прадстаўляе 12-гадовы праект “Святкуйма беларускае! Год другі. Год Зялёнай Жабкі”. У стварэнні беларускага календара бяруць удзел: музыка Яраш Малішэўскі, гурт “Жаба ў каляіне”; пісьменнікі Маргарыта Аляшкевіч, Алёна Беланожка, Анатоль Бутэвіч, Пятро Васючэнка, Алесь Емяльянаў, Сяргей Панізнік, Людміла Паўлікава, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп. Вядоўцы: Алена Масла і Аксана Спрынчан.
Чакаем а 18.00 у Музеі Максіма Багдановіча (вуліца М. Багдановіча, 7а).
Уваход вольны.
· Аксана ·

01.01.2010
ВІНШУЕМ Вадзіма Клімовіча
Удзельнікі Паэтычнага тэатра Арт.С віншуюць з Днём народзінаў барда, стваральніка гэтага сайта Вадзіма Клімовіча. Жадаем нашаму сябру шчасця, кахання, жыццёвых, прафесійных і творчых поспехаў, добрага здароўя, аптымістычнага настрою. Чакаем выступаў Вадзіма з яго чароўнымі, моцнымі, пранікнёнымі песнямі, жадаем натхнення на стварэнне новых.
· Вольга ·

01.01.2010
ВІНШУЕМ Юлію Новік
Сёння святкуе Дзень народзінаў паэтка Юлія Новік, адна з аўтарак праектаў "Францыя ў сэрцы Беларусі", "Выявы", прома-групы "VU". Ад усёй душы віншуем Юлію са святам, жадаем, каб розум поўніўся планамі цудоўных творчых праектаў, а сэрца - каханнем.
· Вольга ·

01.01.2010
З Новым годам!
Паэтычны тэатр Арт.С віншуе ўсіх з Новым 2010 годам, жадае ўдачы, радасці, шчасця, паэтычнага настрою і артыстычнага натхнення. Рады бачыць вас на вечарынах Арт.С.
· Вольга ·