АБВесткі    Расклад вечарын    Арт.С    Удзельнiкi    Вечарыны    Несапраўдныя спектаклі    Выставы    Фотаальбом    Кніжная палічка    СМІ пра нас    Гастролі    Сайт    Гасцёўня    Спампаваць 
Стары Новы год у Цёткі    Восень і іншыя коткі    А верш імкнецца да нябёсаў    12 сузор'яў    Святкуйма беларускае    Сем цудаў Беларусі    Сакральная Беларусь 
 
 


 
art-s.by




АБВесткі
 
БЛІЖЭЙШАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА
Паэтычны тэатр Арт.С (art-s.by)
п р а д с т а ў л я е
паэтычна-міфалагічны праект САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ.
Сустрэча чацвертая: КАМЯНI.
Збіраемся 16 сакавiка 2012 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў")

01.02.2012
САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ: РУЧНІКІ
Паэтычны тэатр Арт.С (art-s.by)
п р а д с т а ў л я е
паэтычна-міфалагічны праект САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ.
Сустрэча трэцяя: РУЧНІКІ.
Бяруць удзел: Наталля БУЧЫНСКАЯ, Таццяна ГРЫНЕВІЧ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Юлія ЛІТВІНАВА, Адась МАТАФОНАЎ, Барыс ПЯТРОВІЧ, Анастасія РАДЗІКЕВІЧ, Міхась ШАВЫРКІН, Віктар ШНІП, Раман ЯРАШ
Вядоўцы Яраш МАЛІШЭЎСКІ і Аксана СПРЫНЧАН.
ВЫСТАВА РУШНІКОЎ З КАЛЕКЦЫІ УСЯСЛАВА РАКОВІЧА.
Збіраемся 3 лютага 2012 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў")
Уваход без квіткоў.

31.01.2012
Загадка астралогіі
У першым нумары часопіса " Маладосць" за гэты год змешчаны артыкул Міколы Кандратава "Загадка астралогіі". Тут жа даецца разгляд касмаграмы сусветна вядомага Казярога - Адама Міцкевіча, падрыхтаваны Людмілай Кандратавай, якая мае назву "Вяршыня Адама Міцкевіча".

28.01.2012
Вершы Зміцера Арцюха ў ЛіМе
Газета "Літаратура і мастацтва" за 27 студзеня парадавала аматараў паэтычнага слова новай нізкай вершаў Зміцера Арцюха. Вершы вельмі кранальныя і пранікнёныя. Асабліва арыгінальныя "Два вершы ад Адама", напісаныя ад імя Адама Міцкевіча, земляком якога з'яўляецца аўтар.

22.01.2012
ТАЦЦЯНІН ДЗЕНЬ
Паэтычны тэатр "Арт.С" (art-s.by)
25 студзеня а 18.00 у музеі Янкі Купалы
п р а д с т а ў л я е
вечарыну "ТАЦЦЯНІН ДЗЕНЬ"
Выступаюць-чытаюць-апавядаюць-спяваюць
БАРЫСЮК, БЕЛАНОГАЯ, БУДОВІЧ, ГРЫНЕВІЧ, ЛАДУНОВА,
МУШЫНСКАЯ, ПРАТАСЕВІЧ, СІВЕЦ

а таксама брат Таццяны АЛЕСЬ ЕМЯЛЬЯНАЎ
Падарыце свята сабе і знаёмым Таццянам
УВАХОДНЫ КВІТОК 25-22=3 тысячы рублёў

13.01.2012
ГОД АРЭХАВАЙ ВАВЁРКІ
Паэтычны тэатр "Арт. С"
п р а д с т а ў л я е
12-гадовы праект: Святкуйма беларускае!
Год чацьвёрты (2012) – ГОД АРЭХАВАЙ ВАВЁРКІ
У стварэнні беларускага календара бяруць удзел:
Пятро Васючэнка, Зміцер Вішнеў, Антон Дзянісаў, Алесь Емяльянаў, Ірына Клімковіч, Максім Клімковіч, Рагнед Малахоўскі, Серж Мінскевіч, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп.
Вядоўцы: Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан.
ч а к а е м 13 студзеня 2012 года а 18.00
у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў")
Уваход без арэхаў і з арэхамі




12.01.2012
ВІНШУЕМ Тацяну Будовіч з Днём народзінаў!
Жадаем творчага і сямейнага шчасьця, рызыкоўных і цікавых падзей, здароўя і гармоніі!

09.01.2012
Вершы Рэгіны Багамолавай у ЛіМе
У першым нумары газеты "Літаратура і мастацтва" за 2012 год - новыя вершы Рэгіны Багамолавай. "Ражаство", "Касцёл у Гервятах", "Прыемны ладанавы пах..." з'явіліся напярэдадні свята Ражаства і Каляд, што вельмі сімвалічна.

08.01.2012
Новы год ці Каляды?
Дык што гэта было - Новы год ці Каляды? Што ўласціва святкаваць беларусам? Гэтым пытаннем задалася Аксана Спрынчан, складаючы чарговае пяцікніжжа (http://www.svaboda.org/content/transcript/24444715.html) для "Радыё "Свабода". А яшчэ Аксана падабрала 5 найлепшых літаратурных споведзей (http://www.svaboda.org/content/transcript/24427762.html), а Яраш Малішэўскі - 5 найлепшых літаратурных малітваў (http://www.svaboda.org/content/transcript/24433734.html) для святочнага часу.

06.01.2012
У дзень народзінаў Максіма
У часопісе "Маладосць" № 12 за 2011 год змешчана падборка вершаў "У дзень народзінаў Максіма", прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Сярод аўтараў падборкі тры ўдзельнікі паэтычнага тэатра "Арт.С" - Аксана Спрынчан, Юлія Новік і Мікола Кандратаў. Вершы ўзнёслыя і пранікнёныя, як і сама паэзія Максіма Багдановіча. Звярніце ўвагу!

01.01.2012
ВІНШУЕМ з Днём народзінаў Вадзіма Клімовіча і Юлію Новік
У першы дзень новага года адзначаюць Дзень народзінаў двое ўдзельнікаў Паэтычнага тэатра Арт.С - Вадзім Клімовіч і Юлія Новік. Ад усёй душы віншуем і жадаем шчасця, поспехаў, здзяйснення мараў, пазітыўнага настрою.

31.12.2011
З Новым годам!
Паэтычны тэатр Арт.С віншуе ўсіх з надыходзячым Новым годам, у календары Арт.С гэта год Арэхавай Ваверкі. Жадаем усім удалага 2012 года. Рады бачыць вас на нашых вечарынах у новым сезоне.

08.12.2011
Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча
9 снежня 2011 года ў Рэспубліцы Беларусь урачыста адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Паэт і празаік з тонкім, далікатным адчуваннем рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека, майстар мастацкага перакладу, удумлівы крытык і літаратуразнаўца, палымяны патрыёт, сваёй творчасцю Максім Багдановіч навечна ўпісаў сваё імя ў гісторыю не толькі беларускай нацыянальнай літаратуры, але і сусветнай. Яго творчасць адлюстроўвае багаты талент, шырокую эрудыцыю і высокую культуру, якая застаецца ўзорнай і працягвае ўражваць адданасцю і высакародным служэннем творцы роднай беларускай мове, сваёй Бацькаўшчыне.
Праз усё жыццё Максім Багдановіч пранёс шчырую веру ў тое, што беларуская літаратура ўзнімецца да ўзроўню дасягненняў сусветнай літаратуры, а беларускі народ зойме годнае месца сярод іншых народаў свету.
9 снежня 2011 года а 12–й гадзіне адбудзецца ўрачыстая імпрэза і ўскладанне кветак да помніка М.Багдановічу (г.Мінск, сквер каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Шчыра запрашаем усіх аматараў і прыхільнікаў паэтычнага таленту Максіма Багдановіча!
Тэлефон для даведак: 334-22-95.

04.12.2011
ВЫЯВЫ-2011: ТРОХМОЎЕ
Шаноўныя сябры!
Будзем радыя бачыць Вас 7 снежня 18.00 у музеі Купалы (вул.Я.Купалы, 4) на імпрэзе Выявы-2011: Трохмоўе.
Мульцікультурны праект “ВЫЯВЫ-2011: ТРОХМОЎЕ” (Пераклады) прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 100-годдзя з дня нараджэння Чэслава Мілаша.
Выявы-2011 трохмоўныя: беларуская, польская, анлійская мовы.
У праграме: прэзентацыя беларускіх і міжнародных літаратурных праектаў, пераклады, унікальныя фота- і відэаматэрыялы, танец, неонавае шоў.
Удзельнічаюць:
    · літаратуразнаўца, укладальнік выдання "Максім Багдановіч: вядомы і невядомы" Ціхан Чарнякевіч;
    · пісьменнікі, куратары і перакладчыкі 4-томнага выдання Чэслава Мілаша па-беларуску Андрэй Хадановіч і Марына Шода;
    · аўтары і куратары праекта "Czeladnik czasu\Laiko pameistrys\Чаляднік часу" (Літва-Польшча-Беларусь);
    · прадстаўнікі інтэрнэт-часопіса "ПрайдзіСвет" Юлія Цімафеева і Уладзя Лянкевіч, літаратары і перакладчыкі Віталь Рыжкоў і Анка Упала;
    · рэжысёр і паэтэса Ганна Федарук, танцавальны дуэт "Алія Аціка", тэатр вогненнай імправізацыі "Асмігурд";
    · беларускамоўны trip-hop/downtempo гурт "B_SIDE".
У падарунак наведвальнікам - дыск да трохгоддзя ВЮ!
Пачатак у 18.00.
Уваход па квітках у музей (3 000 бел. руб.).
Пры падтрымцы дызайн-студыі Pix.by і сайта Kurs.by.
Вядучыя Віка Трэнас і Юлія Новік.

28.11.2011
Слухаючы цішыню
У бібліятэцы Цеткі экспануецца выстава жывапісу мастачкі Ірыны Ягацінцавай "Слухаючы цішыню". Бібліятэка запрашае пабачыць жывапісныя палотны да 10 студзеня.

22.11.2011
САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ: ДРЭВЫ
Паэтычны тэатр "Арт.С" (art-s.by)
п р а д с т а ў л я е
паэтычна-міфалагічны праект САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ.
Сустрэча другая: ДРЭВЫ.
Бяруць удзел: Рэгіна БАГАМОЛАВА, Наталя БУЧЫНСКАЯ, Мікола КАНДРАТАЎ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Серж МІНСКЕВІЧ, Міраслава НАВІШ, Вальжына ПРОХАРАВА, Наталя ПУШКАРОВА, Барыс ПЯТРОВІЧ, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Віктар ШНІП.
Вядоўцы Яраш МАЛІШЭЎСКІ і Аксана СПРЫНЧАН.
Вас чакаюць паэзія, міфалогія і музыка дрэў.
Праект распачнецца 2 снежня 2011 а 18 00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў").
Уваход вольны.

21.11.2011
ВІНШУЕМ з юбілеем народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч!
Паэтычны тэатр "Арт.С" удзячны Марыі Георгіеўне за трапяткое стаўленне да паэтычнага слова і заўсёдную падтрымку нашых праектаў. Яна для нас -- сапраўдная зорка, да якой мы ставімся з любоўю і пашанай. Зычым здароўя і натхнення!

18.11.2011
Фотаімпрэсіі
з 8 па 25 лістапада у бібліятэцы Цёткі (вул. Талбухіна, 12а) экспануецца выстава Рагнеда Малахоўскага "Фотаімпрэсіі". 18 лістапада а 18.00 аўтар запрашае на творчую вечарыну. Будзе прэзентавацца выстава, новыя творы Рагнеда Малахоўскага, а таксама тысячны нумар часопіса "Бярозка".




17.11.2011
ВІНШУЕМ Тацяну Пратасевіч!
Віншуем Тацяну Пратасевіч з Днём народзінаў! Няхай ад першага да апошняга снегу і ад апошняга снегу да першага да яе прыходзіць натхненне!

14.11.2011
Першыя Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні
Паэтычны тэатр "Арт.С"
п р а д с т а ў л я е
Першыя Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні
.
Калі трошкі пастарацца і шчыра ўнікнуць у сутнасць падзеяў і з'яў, то высветліцца: усе дарогі вядуць не ў Рым, а ў Беларусь! Чарговае сведчанне гэтаму - гісторыя сям'і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша. Пад яго зоркай мінае ў Еўропе гэты год. А пісьменніца-казачніца Алена Масла, ураджэнка вёскі Мілашова, прапануе гледачам паэтычнага тэатра "Арт.С" разблытаць клубок таямніц, каб даведацца пра беларускія карані Чэслава Мілаша.
У вечарыне бяруць удзел: Адам МАЛЬДЗІС, Сяргей ПАНІЗЬНІК, Міхась СКОБЛА, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Наталля БУЧЫНСКАЯ, Марына ВЕСЯЛУХА, Аксана СПРЫНЧАН.
Спяваюць і граюць: Яраш МАЛІШЭЎСКІ, Алена і Юля ХАХЕЛІ.
Аздабляюць вечарыну малюнкі і вершы вучняў Мілашоўскай школы.
Пад зоркай Мілаша збірае выступоўцаў і гледачоў Алена МАСЛА.
Казачна-паэтычны настрой вечарыне гарантаваны!
Прыходзьце - не пашкадуеце!
15 лістапада а 18.00 у бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12а).

11.11.2011
МІСТЫКА ЛІЧБАЎ
11.11.11 а 18.00 у музеі Янкі Купалы
Паэтычны тэатр "Арт.С"
п р а д с т а ў л я е
імпрэзу "МІСТЫКА ЛІЧБАЎ".
Перад Вами выступяць паэты:
Аксана Спрынчан, Таццяна Пратасевiч, Мiкола Кандратаў, Серж Мiнскевiч, Вiктар Жыбуль, Юрась Пацюпа,Аксана Данiльчык, Віктар Шніп, этнограф Iрына Клiмковiч i лiтаратуразнавец i вядучая вечарыны Таццяна Барысюк.
Уваход вольны.
Будзе вiктарына i прызы!
Да сустрэчы!


11.11.2011
У краіне паэтаў
Выйшла кніга "У краіне паэтаў". Яна змяшчае творы трыццаці беларускіх паэтаў на беларускай мове, а таксама пераклады гэтых твораў на французскую мову. Сярод аўтараў Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Міхась Скобла, Аксана Спрынчан і інш. Пераклад Ніны Дзябольскай.

10.11.2011
Незвычайная прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі"
1 лістапада адбылася прэзентацыя "Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў" Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан у касьцёле Божага Провіду ў Слабодцы. Выступаў гурт Pete-Paff. Асаблівую ўдзячнасць аўтары выказваюць айцу Сяргею Сурыновічу і дыякану Данілу Сваяку.

09.11.2011
Прэзентацыя кнігі
9 лістапада а 16.30 ў бібліятэцы Багушэвіча (вул. Прытыцкага, 42) адбудзецца прэзентацыя кнігі "За мастом майго дзяцінства". Удзел бяруць Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі і Зміцер Арцюх.

08.11.2011
Віленскае пяцікніжжа ад Яраша Малішэўскага
Яраш Малішэўскі ў перадачы "Пяцікніжжа Свабоды" прапануе паблукаць па вузкіх вулках Вільні без візы ў нацыянальным пашпарце з дапамогай кніжных старонак. Віленскае пяцікніжжа ад Яраша Малішэўскага чытайце тут.

08.11.2011
Творчы плён
Вершы Рагнеда Малахоўскага, перакладзеныя на рускую мову Ізяславам Катляровым, змешчаны у часопісе "Нёман" № 10, 2011 год. Падборка мае назву "Бережница" і будзе цікавай аматарам рускамоўнай паэзіі.
Фотаздымак Зміцера Арцюха упрыгожвае вокладку часопіса "Маладосць"( № 10, 2011 год), у якім змешчана новая падборка вершаў паэта. У прадмове гаворыцца, "што верш мусіць быць падобным да свайго аўтара і мець душу - сапраўдную, жывую, трапяткую"... Гэтыя словы вельмі трапна характарызуюць творы Зміцера апошняга часу.

25.10.2011
САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ
Паэтычны тэатр "Арт. С"
п р а д с т а ў л я е
паэтычна-міфалагічны праект САКРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ.
Сустрэча першая: ДАРОГІ. Бяруць удзел пісьменнікі, музыкі і навукоўцы
Наталя БУЧЫНСКАЯ, Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ, Анатоль ЗЭКАЎ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Максім КЛІМКОВІЧ, Рагнед МАЛАХОЎСКІ, Серж МІНСКЕВІЧ, Юлія НОВІК, Вячаслаў РАКОВІЧ, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Зміцер СІДАРОВІЧ, Віктар ШНІП.
Вядоўцы Яраш МАЛІШЭЎСКІ і Аксана СПРЫНЧАН.
Вас чакаюць паэзія, міфалогія і музыка дарог, водныя, паветраныя і балотныя шляхі, неверагодныя дарожныя гісторыі, дарожны гумар.
На імпрэзу – твая дарога.
Праект распачнецца 28 кастрычніка 2011 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў"). Уваход вольны.

24.10.2011
"Чытаем разам!"
Удзельнікі паэтычнага тэатра АРТ.С Алена Масла і Рагнед Малахоўскі ў складзе пісьменніцкай дэлегацыі вандравалі па Міёршчыне, дзе 28-29 верасня адбываліся мерапрыемствы акцыі "Чытаем разам!". Акцыя, скіраваная на вяртанне цікавасці да кніг, чытання, абвешчана часопісамі "Бярозка" і "Вясёлка" у пачатку 2011 года. Першыя мерапрыемствы прайшлі ў Дзяржынску і Дзяржынскім раёне, пасля эстафету пераняла Рэчыца і, нарэшце, Міёры. Сустрэчы з пісьменнікамі Уладзімірам Ліпскім, Міколам Мятліцкім, Рагнедам Малахоўскім і пісьменнікамі - ураджэнцамі Міёршчыны Сяргеем Панізьнікам, Аленай Масла і Наталляй Бучынскай - адбыліся ў СШ №3 г. Міёры, Ідолтаўскай сельскай бібліятэцы, Мілашоўскай і Язненскай школах. Зараз мерапрыемствы акцыі праходзяць на Астравеччыне і завершацца ўрачыстасцямі ў канцы кастрычніка.

17.10.2011
"Залаты купідон" Алены Масла
Нагадаю: кніга казак "Першая Прыгажуня" Алены Масла, якая прэзентавалася ў мінулым сезоне і на пляцоўцы паэтычнага тэатра АРТ.С, па выніках Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2010" названа адным з лепшых выданняў, а мастачка Тамара Шэлест, якая аформіла кнігу, прызнана лепшым ілюстратарам года. Восень прынесла яшчэ адну прыемную навіну: "Першая Прыгажуня" стала пераможцай Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2010 года" у галіне дзіцячай літаратуры і на Днях беларускага пісьменства ў Ганцавічах атрымала прэмію "Залаты Купідон". Віншуем аўтарку і жадаем Алене новых цікавых твораў!

15.10.2011
Раім пачытаць
У газеце "Літаратура і мастацтва" за 7 кастрычніка 2011 года - новыя вершы Рагнеда Малахоўскага. Асабліва кранае верш "Рэкі", прысвечаны нядаўна пайшоўшаму з жыцця Віталю Скалабану.

14.10.2011
Натхняюць агонь і неба
У дадатку "Дамский клуб" (газета "Беларусь сегодня" за 5 кастрычніка 2011 года) розныя медыйныя персоны даюць цікавыя адказы на розныя пытанні. Сярод такіх вядомых жанчын, як Брытні Спірс, Ларыса Удавічэнка, Вольга Будзіна і інш. цудоўна выглядае дырэктарка паэтычнага тэатра "Арт.С" Аксана Спрынчан, якую "натхняюць агонь і неба". Аксана раіць: "Трэба ўспрымаць прыгажосць не толькі вачамі, але і душой".

04.10.2011
Віншуем!
Па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Беларускай бібліятэчнай Асацыяцыі адбыўся рэспубліканскі конкурс сярод супрацоўнікаў бібліятэк "Сам сабе мастак". Удзельнікі конкурсу прадставілі працы ў розных тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усяго на конкурс было даслана 347 прац. Сярод пераможцаў - удзельніца паэтычнага тэатра Тацяна Макарэвіч. Яе працы "Дрэва шчасця" (фларыстыка) і "Беларуская вясна" (жывапіс) атрымалі дыплом 3 ступені і экспанаваліся ў галерэі "Ракурс" у Нацыянальный бібліятэцы Беларусі.

02.10.2011
Мне падабаецца твой сум...
"Мне падабаецца твой сум..." Такую назву мае падборка вершаў, змешчаная ў дзевятым нумары часопіса "Маладосць". У прадмове, якую зрабіла Віка Трэнас, гаворыцца, што "у лістападзе наступнага года суполцы "Літаратурнае прадмесце" споўніцца дзесяць". Адзначае аўтар таксама і многія дасягненні маладых творцаў за гэты перыяд, у тым ліку, што "выхадцы з "Літаратурнага прадмесця" заснавалі паэтычны тэатр "Арт.С". Дарэчы, вершы, змешчаныя ў падборцы, вельмі рамантычныя і ўзнёслыя.

23.09.2011
ВОСЕНЬ І ІНШЫЯ КОТКІ
Паэтычны тэатр "Арт. С"
п р а д с т а ў л я е
ВОСЕНЬ І ІНШЫЯ КОТКІ
Вечарына-фарс
Бяруць удзел творцы, якія спяваюць і пішуць самі па сабе:
Тацяна БАРЫСЮК, Пятро ВАСЮЧЭНКА, Антон ДЗЯНІСАЎ, Анатоль ЗЭКАЎ, Мікола КАНДРАТАЎ, Ірына КЛІМКОВІЧ, Максім КЛІМКОВІЧ, Тацяна ПРАТАСЕВІЧ, Анастасія РАДЗІКЕВІЧ, Сяргей СЫС, Віктар ШНІП, гурт "ВЯСЁЛКА" і інш.
Вядоўцы: Вадзім КЛІМОВІЧ і Аксана СПРЫНЧАН
Чакаем усіх, хто любіць ВОСЕНЬ і КОТАК.
Сустракаемся 30 верасня 2011 года ў Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна 12 А) а 18-й гадзіне (пятніца).
Уваход, як і выступы, вольны.

12.09.2011
Юлія Новік у ЛіМе
"Вершы Юліі Новік своеасаблівыя па форме, вельмі сучасныя" - гаворыцца ў прадмове да падборкі, надрукаванай у газеце "Літаратура і мастацтва" № 36 9 верасня 2011 года. І сапраўды, творы паэтэсы заўсёды знаходзяць дарогу да сэрцаў аматараў паэзіі. Раю звярнуць увагу на новую публікацыю!

07.09.2011
Канцэрт "Pete-Paff"
24 верасьня вас чакае незвычайная падзея. У рамках прэзэнтацыі кнігі Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан "Незвычайная энцыкляпэдыя беларускіх народных інструмэнтаў" мае адбыцца канцэрт капэлі "Pete-Paff". Калектыў складаецца зь вядомых музыкаў, сярод якіх Піт Паўлаў, Алезіс Дземідовіч, Яраш Малішэўскі.
У "Энцыкляпэдыі…" можна знайсьці шмат цікавага пра леру і акарыну, дуду і шархуны, жалейку і варган… На ейных старонках жывуць у суладзьдзі казка і сапраўднасьць – для дзетак і іхных бацькоў. Вялікая частка з "энцыкляпэдычных" інструмэнтаў прагучыць са сцэны ў фолькавых, рокавых і кавэр-кампазыцыях. Вас чакае сустрэча з аўтарамі, якія апавядуць, як задумлялася, стваралася і выдавалася гэтая кніга. Удзел возьме мастачка Вераніка Шніп, якая цудоўна ўпрыгожыла "Незвычайную энцыкляпэдыю…".
Канцэрт-прэзентацыя адбудзецца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (Крапоткіна, 44). Квіткі можна набыць у касе тэатра і тэатральных касах Менска. А ўжо на самой імпрэзе вы будзеце мець магчымасьць прыдбаць "Энцыкляпэдыю…" і кружэлкі "Pete-Paff".

05.09.2011
ВІНШУЕМ Рагнеда Малахоўскага!
Віншуем з Днём народзінаў Рагнеда Малахоўскага, жадаем поспехаў у "Бярозцы", сонечнага настрою, творчых поспехаў, радасці і шчасця.

23.08.2011
ВІНШУЕМ Аксану Спрынчан!
Віншуем з Днём народзінаў Аксану Спрынчан, Светлую Панну нашага тэатра, цудоўнага чалавека і арыгінальнага творцу! Няхай зорка Аксаны свеціць доўга і дорыць нам радасць і надзею!

04.08.2011
ВІНШУЕМ Яраша Малішэўскага!
Сёння Дзень народзінаў святкуе выдатны гісторык, гід, выканаўца Яраш Малішэўскі. Арт.С віншуе свайго галоўнага музыку. Мы жадаем Ярашу сямейнага шчасця і творчага натхнення.

19.06.2011
Творчасць, каханне, палёт
У газеце "Літаратура і мастацтва" № 24 размешчаны артыкул пад назвай "Творчасць, каханне, палёт", які распавядае пра сустрэчу з цыкла "Творчыя сем'і ў доме Коласа", што праходзяць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Якуба Коласа. На гэты раз музей наведала вядомая сямейная пара - Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Аўтар артыкула Ірына Масляніцына піша : "Як бы там нас ні пераконвалі ў тым, што творца павінен быць незразуметым і самотным, прыклад творцы шчаслівага і сямейнага - усё ж такі значна больш прываблівае". З гэтым нельга не пагадзіцца.

15.06.2011
Промні лета
З 15 чэрвеня да канца жніўня ў бібліятэцы Цёткі працуе выстава жывапісу Міколы Бушчыка "Промні лета". Наведаць выставу можна штодня з 11.00 да 19.00, у суботу - з 10.00 да 18.00. Выхадны - нядзеля. Запрашаем!

12.06.2011
Віншуем Вольгу Абразцову з Днём народзінаў!
Хай Волечка нагадвае пра Волю,
пра вольны час
ад побыту і болю.
Няхай Арт.С прыносіць ёй натхненне,
удачу, шчасце,
мараў ўсіх здзяйсненне!

06.06.2011
Рагнед Малахоўскі ў ЛіМе
Новая падборка вершаў Рагнеда Малахоўскага з'явілася ў дваццаць другім нумары газеты "Літаратура і мастацтва". Творы аб'яднаны назвай "Імпрэсіі" і звязаны паміж сабой філасофскім гучаннем.

03.06.2011
Алена Масла на Femina.by
Днямі на сайце Femina.by у рубрыцы "Жанчыны Беларусі" з'явіўся матэрыял пра казачніцу Алену Масла. Пачытаць матэрыял, паглядзець фота, а таксама паслухаць інтэрв'ю са сп. Аленай можна тут.

25.05.2011
КРЫЛОМ МАЙГО КАХАННЯ
Літаратурная сустрэча з цыкла “Творчыя сем’і ў Доме Коласа” з паэткай Аксанай Спрынчан і музыкам Ярашам Малішэўскім.
26 мая а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць літаратурную сустрэчу “Крылом майго кахання”, якая пройдзе ў рамках распачатага ў гэтым годзе цыкла “Творчыя сем’і ў Доме Коласа”. На гэты раз запрошанымі гасцямі стане сям’я Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага.

20.05.2011
ВІНШУЕМ Міколу Кандратава!
Віншуем Міколу Кандратава зь Днём народзінаў!
Няхай час, калі ўсё квітнее, будзе ягоным зорным часам. І не часовым!

10.05.2011
ТРАВЕНЬСКАЕ РЭХА
ПАЭТЫЧНЫ ТЭАТР "АРТ.С"
п р а д с т а ў л я е
Травеньскае рэха - гітарны канцэрт Яраша Малішэўскага і Аксаната для акарыны і леры
Збіраемся 17 траўня 2011 а 18.00 на галоўнай пляцоўцы (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў")
Уваход вольны.

01.05.2011
ЭКСПАНУЕЦЦА ЎПЕРШЫНЮ...
Літаратурны музей М.Багдановіча прапануе выстаўку "ЭКСПАНУЕЦЦА ЎПЕРШЫНЮ..." ў рамках праекта "Наш музей – Максімаў дом" да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Мэта выстаўкі: дадаць, па магчымасці, новыя звесткі аб класіку беларускай літаратуры М.Багдановічу, яго каранях, вытоках нараджэння таленту, паказаць яго рукапісы, творы, глыбей пазнаёміць з акружэннем і дарагімі яму людзьмі.
На першым этапе праекта плануецца прадставіць сем тэматычных выставак, якія будуць змяняцца і экспанавацца на працягу аднаго тыдня, пачынаючы з 18 красавіка 2011 года:
    18.04 - 24.04 - Альбом сям’і Багдановічаў
    25.04 - 30.04 - Перапіска Адама Ягоравіча і Марыі Апанасаўны Багдановічаў
    01.05 - 08.05 - "Рукапісы Марылькі..."
    09.05 - 15.05 - Архіў А.Я.Багдановіча крыніца новых звестак аб жыцці сям’і Багдановічаў у 1910-1940-х гг.
    16.05 - 22.05 - Асобнікі "Вянка" М.Багдановіча ў зборы музея, гісторыя кніг
    23.05 - 29.05 - Рукапісы Максіма Багдановіча
    30.05 - 05.06 - Максіму Багдановічу прысвячаецца.
На выстаўцы будуць прадстаўлены самыя цікавыя з НЕДРУКАВАНЫХ і раней НЕЭКСПАНАВАНЫХ матэрыялаў з фондаў, сабраных супрацоўнікамі музея за 30 год яго існавання, а таксама наведвальнік зможа ўбачыць вядомыя матэрыялы, прадстаўленыя па-новаму.
Адрас музея: г. Мінск, вул М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Тэлефон для даведак: 334-22-95

28.04.2011
ПЯЦІКУТНІК
ПАЭТЫЧНЫ ТЭАТР "АРТ.С"
прадстаўляе
першы юбілей тэатра АРТ.С - ПЯЦІКУТНІК
Святкуйце разам з намі
Рэгіна БАГАМОЛАВА, Тацяна БАРЫСЮК, Пятро ВАСЮЧЭНКА, Мікола КАНДРАТАЎ, Рагнед МАЛАХОЎСКІ, Алена МАСЛА, Юрась НЕРАТОК, Людміла ПАЎЛІКАВА, Тацяна ПРАТАСЕВІЧ, Зміцер СІДАРОВІЧ, Віка ТРЭНАС і Юлія НОВІК (ВЮ), Віктар ШНІП, Тацяна ШЭЛЯГОВІЧ,
а таксама Вадзім КЛІМОВІЧ, Яраш МАЛІШЭЎСКІ, Серж МІНСКЕВІЧ, Наталя ПУШКАРОВА, гурт "ЖАБА Ў КАЛЯІНЕ"
Вядоўцы Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН
29 красавіка 2011 а 18.00 у Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12 А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў")
Уваход святочны.

27.04.2011
Вялікоднае пяцікніжжа ад Аксаны Спрынчан
Вялікдзень, свята Хрыстовага ўваскрэсення, сімвалічна параўноўваецца з лёсам Беларусі, надае веры ў яе ўваскрэсенне і адраджэнне. Так лічыць Аксана Спрынчан і называе "Пяцікніжжу Свабоды" пяцёрку твораў, прысвечаных Вялікадню.

17.04.2011
Вечар зь "Дзеясловам"
Рэдакцыя літаратурна-мастацкага часопісу "Дзеяслоў" запрашае правесьці разам вечар 19 красавіка (аўторак). Сустрэча прымеркаваная да выхаду 50-га нумару часопісу.
уДЗЕльнічаюць:
Маргарыта Аляшкевіч
Сяргей Законьнікаў
Аксана Спрынчан
Андрэй Хадановіч,
а таксама – лепшыя грузінскія паэты.
(сярод цікавостак - кот у мяху й віктарына на веданьне міфалогіі "Дзеяслова"!)
Мейсца ДЗЕяньня:
кнігарня "ЛогвінаЎ", Менск, пр. Незалежнасьці, 37А. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.
Імпрэза ладзіцца ў межах грамадскай кампаніі "Будзьма!"

16.04.2011
ВІНШУЕМ Тацяну Макарэвіч!
Віншуем з Днём народзінаў Тацяну Макарэвіч! Зычым заўсёднага вясновага натхнення ва ўсе поры года! І, безумоўна, кахання!

14.04.2011
ВІНШУЕМ Алену Масла!
Віншуем Алену Масла з Днём народзінаў! Няхай катаецца як сыр у масле, грэецца пад тоўстым кавалкам каўбаскі, адпачывае на кавалку мяккага хлеба і стварае новыя творы!

14.04.2011
Перанос імпрэз



Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча выказваюць шчырыя словы спачування родным і блізкім загінуўшых і параненых у выніку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. У сувязі з гэтымі сумнымі падзеямі паведамляем аб пераносе літаратурна-музычнай імпрэзы “Вясна музея”, прысвечанай 30-годдзю музея паэта і запланаванай на 14 красавіка 2011 года, на больш позні тэрмін. У радасці і ў смутку мы разам!..

У сувязі з трагічнымі падзеямі ў Мінску мы вырашылі перанесці сустрэчу з аўтарамі "Дзеяслова", анансаваную на 14 красавіка. Перапрашаем. Дата новай сустрэчы 19 красавіка (аўторак). Усё засталося па-ранейшаму: удзельнікі Аксана Спрынчан, Сяргей Законнікаў, Маргарыта Аляшкевіч і Андрэй Хадановіч. І вядоўца - Анатоль Івашчанка. Памяняўся толькі час - пачатак імпрэзы а 19, кнігарня "Ў". Сустрэча прымеркаваная да выхаду 50-га нумара "Дзеяслова". У межах грамадскай кампаніі "Будзьма!"

11.04.2011
"Найпрыгажэйшы космас - у Лунінцы"
У РВУ "Літаратура і Мастацтва" выйшла кніга "За мостом моего детства" (укладаньне Людмілы Рублеўскай), дзе ёсць нарыс Аксаны Спрынчан "Самый красивый космос - в Лунинце". Аксана прапануе беларускі арыгінал у сваім блогу.

10.04.2011
Яраш Малішэўскі - "Пяцікніжжа Свабоды" пра маўчанне
Славутае куляшоўскае "Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе, тоячы словы і думкі свае" - гэта пра нацыянальную рысу характару, а не пра нейкія там вайсковыя таямніцы. Так лічыць Яраш Малішэўскі і называе пяцікніжжа пра маўклівы характар народа.

09.04.2011
Вершы Рагнеда Малахоўскага ў ЛіМе
"Успамін пра каханне" - пад гэтай назвай у дванаццатым нумары газеты "Літаратура і Мастацтва" змешчана нізка шчымліва-лірычных вершаў Рагнеда Малахоўскага. "Надзея", "Здрада", "Распятае каханне", "Чаму?" - так аўтар назваў свае творы, у якіх, здаецца, ўвесь Сусвет - гэта Ён і Яна. Раім прачытаць.

08.04.2011
Вясна музея...
14 красавіка 2011 года а 16-й гадзіне літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча 7а) запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу "ВЯСНА МУЗЕЯ...", прымеркаваную да 30-годдзя музея.
У імпрэзе прымаюць удзел ПЕРШЫЯ - дырэктар музея Міхась Пазнякоў, галоўны захавальнік фондаў Валянціна Бяляўская, экскурсавод Таццяна Шэляговіч (цяпер - дырэктар музея) і г.д., а таксама даўнія і верныя СЯБРЫ музея - Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры, пісьменнікі - Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Аксана Спрынчан, мастакі - Эдуард Агуновіч, аўтар мастацкай канцэпцыі музея, Рыгор Сітніца, музыканты - Ната Пушкарова, Раман Яраш, гурт "Горынь".
Запрашаем прыняць удзел у вечарыне ўсіх, хто калісьці спрычыніўся да стварэння музея, хто перадаў у фонды музея каштоўныя матэрыялы, хто проста лічыць музей паэта адных з найпрыгажэйшых месцаў у Мінску і не ўяўляе беларускай літаратуры без цудоўнай, захапляльнай паэзіі Максіма Багдановіча. Чакаем з падарункамі і пажаданнямі! А ўзамен абяцаем безліч прыемных сустрэч і ўражанняў!

07.04.2011
Алена Масла і "Масленіца" ў СМІ
Сакавік вызначаны цікавасцю СМІ да імпрэзы паэтычнага тэатра Арт.С "Масленіца" і асобы яе аўтаркі - цудоўнай казачніцы-чарадзейкі Алены Масла. Артыкул Наталлі Беніцэвіч "Бывай, зіма!", надрукаваны ў 10-м нумары газеты "Літаратура і мастацтва", можна знайсці на старонцы "СМІ пра нас". Імпрэзе "Масленіца" прысвечаны і артыкул Міраславы Сульдзінай "МАСЛАбойка ў бібліятэцы" ў газеце "Туризм и отдых". Часопіс "Маладосць" змясціў у 3-м нумары нарыс Алеся Марціновіча "Чуе сэрцам, ацэньвае сэрцам", які можна назваць творчым партрэтам пісьменніцы, - пра малую радзіму Алены Сцяпанаўны, яе радзіну, справы і творчыя клопаты, і святы, што яна ўмее дарыць.

06.04.2011
Музыкі Арт.С - барды Свабоды
Падзеяй беларускага музычнага жыцця сталася прэзентацыя 31 сакавіка мультымедыйнага DVD-дыска "Сто бардаў Свабоды" на канцэрце Сержука Сокалава-Воюша, Андрэя Плясанава і Зьмітра Бартосіка. Дыск складзены з 500 песьняў і 100 гутарак з беларускімі бардамі, якія гучалі ў эфіры радыё "Свабода" ў 2008-2010 гадах у перадачы "Барды Свабоды". На дыску можна пабачыць і пачуць музыкаў паэтычнага тэатра Арт.С Вадзіма Клімовіча, Яраша Малішэўскага, Наталлю Пушкарову і Зміцера Сідаровіча. Прыемна бачыць сярод "Ста бардаў Свабоды" выступоўцаў імпрэз Арт.С і добрых сяброў нашага тэатра. Радыё "Свабода" наладзіла магчымасць спампаваць дыск ці бясплатна замовіць яго па пошце.

05.04.2011
ВІНШУЕМ Рагнеда Малахоўскага з пасадай!
З 1 красавіка Рагнед Малахоўскі працуе намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Бярозка". Удзельнікі паэтычнага тэатра Арт.С рады за свайго сябра, віншуюць яго і жадаюць плённай працы і творчага імпэту. Хай пазітыўны першакрасавіцкі настрой дапамагае ў новай працы.

03.04.2011
"Сакральная геаграфія Беларусі" ў "Кніжным салоне"
7 красавіка а 17.30 у "Кніжным салоне" па вуліцы Калініна, 5 (www.book-salon.by) адбудзецца вандроўка ў сакральнае мінулае разам з аўтарамі выдання "Сакральная геаграфія Беларусі" Людмілай Дучыц і Ірынай Клімковіч. У мерапрыемстве прымуць удзел навукоўцы Таццяна Валодзіна, Вольга Лабачэўская, Валерый Вінакураў, Эдвард Зайкоўскі, Міхась Кенька. Вядучая Аксана Спрынчан. Паэтычныя і музычныя выступленні - Яраш Малішэўскі, Юля Літвінава, Раман Яраш, Таццяна Матафонава.

21.03.2011
Выстава ў бібліятэцы Цеткі
У бібліятэцы Цеткі экспануецца выстава мастычкі Ірыны Ягацінцавай "Вясновы настрой". "Працы Ірыны - гэта каханне і давер, дзіцячая чысціня і здольнасць бачыць прыгажосць свету як у першы раз. І ў гэтым іх каштоўнасць" - гэта словы мастацтвазнаўцы Віталя Дударэнкі з анатацыі да выставы. Выстава будзе доўжыцца да 15 красавіка.

07.03.2011
ВІНШУЕМ Вадзіма Клімовіча
Сёння ў Вадзіма Клімовіча і яго жонкі Таццяны нарадзіўся сын. Ад усёй душы віншуем шчаслівага маладога тату, жадаем радасці ўсёй ягонай сям'і і шчаслівай долі нованароджанаму дзіцяці.

03.03.2011
Алена Масла на Litexpo
Алена Масла ў складзе дэлегацыі беларускіх кнігавыдаўцоў прыняла ўдзел у 12-ым міжнародным Вільнюскім кніжным кірмашы, які праходзіў з 17 па 20 лютага ў выставачным цэнтры Litexpo. Адкрыццё кірмашу пачалося хвілінай маўчання ў памяць аб Юсцінасе Марцінкявічусе, адным з найвядомейшых літоўскіх паэтаў, які памёр у сераду, у дзень адкрыцця кніжнай выставы. Лозунгам гэтай кніжнай ярмаркі быў абвешчаны дэвіз "За права чытаць". Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаускайтэ ў звароце да ўдзельнікаў выставы адзначыла, што кніга сведчыць пра сталасць народа, таму мы ўсе адказныя за яе будучыню, павінны забяспечыць доступ да кніг для ўсіх грамадзян краіны, гарантаваць падтрымку выдання новых кніг, іх распаўсюджвання і узбагачэння бібліятэчных фондаў. Асноўныя мерапрыемствы кніжнага кірмашу гэтага года былі прысвечаны 100-гадоваму юбілею пісьменніка, паэта, лаурэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша і стагоддзю з дня смерці вядомага літоўскага мастака Канстанцінаса Чурлёніса. Цікавую навінку прапанавалі арганізатары кірмашу наведвальнікам у гэтым годзе - кніжны кіназал. У ім трансліраваліся дакументальныя фільмы пра вядомых пісьменнікаў і мастацкія фільмы, у асноўным - экранізацыі вядомых раманаў. Алена Масла разам з Раісай Баравіковай і правялі шэраг сустрэч з наведвальнікамі выставы і з вучнямі беларускай школы ў Вільні.

27.02.2011
Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан у "Пяцікніжжы "Свабоды"
Літаратура і турма ідуць у беларускай гісторыі поруч ва ўсе часы, не забываючыся адна пра адну. Аксана Спрынчан назвала пяць твораў беларускай літаратуры, героі якіх зведалі вязьніцу (http://www.svaboda.org/content/transcript/2321696.html), а пяцікніжжа Яраша Малішэўскага складаецца з кніг, напісаных ці задуманых ў вязьніцы (http://www.svaboda.org/content/transcript/2306748.html)

19.02.2011
МАСЛЕНІЦА
ПАЭТЫЧНЫ ТЭАТР "АРТ.С"
прадстаўляе
Імянную вечарыну казачніцы Алены МАСЛА
МАСЛЕНІЦА
імпрэза не з бойкай, а з маслабойкай
Напярэдадні сапраўднай Масленіцы збіраемся разам і грунтоўна рыхтуемся да провадаў зімы!
З блінамі прыходзяць і бліны пякуць проста ў залі тэатра:
- Ірына КЛІМКОВІЧ, знаўца беларускіх традыцый;
- клапатлівы бацька і вядомы паэт Віктар ШНІП разам з сынам Максімам;
Давядуць, што першы блін - не заўжды комам, дэбютанткі тэатра Наталя БЕНІЦЭВІЧ, Марына ВЕСЯЛУХА, Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ, Алена ХАХЕЛЬ;
Майстар-клас па выпечцы бліноў, замешаных на вершах і музыцы, дасць сямейная пара МАЛІШЭЎСКІХ-СПРЫНЧАН;
Сэнс выслоўя "да цешчы на бліны" раскрые прысутным маладая цешча з Барысава Людміла ЗАХАРЭВІЧ; Наталя БУЧЫНСКАЯ з авечкай Адэляй напякуць бліноў з замесам гламуру і экстравагантнасці; Юрась НЕРАТОК першым з прысутных зможа пакаштаваць спечаных блінцоў і праспяваць песню пад гітару; расквецяць Масленіцу спевамі Таццяна ПЛАДУНОВА з гуртам "Этна-суполка" БДУ культуры і мастацтваў і Серж МІНСКЕВІЧ, вясёлкавыя бліны ад Анастасіі РАДЗІКЕВІЧ
Таксама адбудзецца міні-прэзентацыя кнігі Алены Масла "Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала".
Журавінавым кісялём - улюбёным напоем жабак з новай кнігі - змогуць пачаставацца ўсе ахвотныя!
Збіраемся 25 лютага 2011 а 18.00 у бібліятэцы Цёткі (Талбухіна, 12А, станцыя метро "Парк Чалюскінцаў").
Уваход без квіткоў!

18.02.2011
Галоўны музыка Арт.С на тэлебачанні

Get the Flash Player to see this player.

Тэлеканал СТВ паказаў сюжэт з Ярашам Малішэўскім "Калекцыянер музычных інструментаў".

17.02.2011
Фотарэпартаж з выставы "Кнігі Беларусі"
На сайце "Родныя вобразы" (rv-blr.com) змешчаны фотарэпартаж Юліі Новік з міжнароднай выставы "Кнігі Беларусі", што днямі прайшла ў Мінску. Шмат цікавых кадраў, у тым ліку і з удзельнікамі Арт.С можна пабачыць тут.

16.02.2011
Навіны галоўнай пляцоўкі
У бібліятэцы Цёткі (вул. Талбухіна, 12А) экспануецца новая выстава Міколы Бушчыка "Зімовы стан". Прадстаўлены работы мастака, сугучныя з сённяшнім лютаўскім надвор'ем. Выстава будзе доўжыцца да 4 сакавіка.

15.02.2011
У топ-10
На 18 Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску кніга Алены Масла "Першая Прыгажуня" трапіла ў Топ-10 лепшых выданняў. Віншуем аўтарку, а таксама мастачку Тамару Шэлест і РВУ "Літаратура і Мастацтва", дзе кніга пабачыла свет.

13.02.2011
Сустрэчы Алены Масла
На мінулым тыдні Алена Масла з прэзентацыямі сваёй кнігі "Першая прыгажуня" і часопіса "Бярозка", галоўным рэдактарам якога з'яўляецца, выступіла перад вучнямі 3 "А" класа СШ №189 і чытачамі дзіцячай бібліятэкі г. Слуцка.
Трэццякласнікі праілюстравалі казку "Воблачка" са зборніка "Таямніца закінутай хаты". Альбом з малюнкамі быў падораны пісьменніцы.
А ў Слуцкай бібліятэцы, дзе даўно працуе лялечны тэатр "Бураціна", зрабілі пастаноўку казкі "Самы лепшы грыб".
Пісьменніца дзякуе дзецям і асабліва дарослым - арганізатарам сустрэчы: настаўніцы трэццякласнікаў Шалаевай Зінаідзе Іванаўне, старшыні аддзела адукацыі Слуцкага раёна Дзерману Івану Антонавічу, метадысту Астроўскай Галіне Антонаўне, настаўнікам і бібліятэкарам г. Слуцка. У каторы раз сустрэчы пацведзілі: калі ёсць неабыякавыя дарослыя, якія працуюць з дзецьмі і самі любяць родную мову, не ствараюцца штучныя перашкоды і ў дзяцей для яе ўспрыяцця і зацікаўленага вывучэння.

12.02.2011
Навіны сайта
На кніжнай палічцы паэтычнага тэатра Арт.С з'явіліся кнігі Алены Масла "Таямніца закінутай хаты" і "Вандроўка з божымі кароўкамі" і Міколы Кандратава "Вершы і зоркі".

10.02.2011
Новая кніга
Акурат тады, калі жабы, закалыханыя зімоваю сцюжай да вясны, спяць і сняць сны пра цёплае лета, у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла новая кніга Алены Масла "Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала" (Казачныя гісторыі з жыцця дапытлівай рапухі-вандроўніцы, расказаныя ёй самой). Правобразы галоўнай гераіні і астатніх дзеючых асоб - насельнікі Чырвонай кнігі Беларусі: Чаротная рапуха, Глейнік невядомы, Дазорца-уладар, Жамчужніца звычайная, Рыбец і шмат якая іншая рэдкая жыўнасць. Як і належыць, у казцы яны знаёмяцца, разважаюць пра жыццё, сябруюць і нават жэняцца...
Аздобілі кнігу малюнкі маладой мастачкі Марысі Лось.
Міні-прэзентацыя кнігі адбудзецца 25 лютага на вечарыне Алены Масла "Масленіца: імпрэза не з бойкай, а з маслабойкай" у паэтычным тэатры Арт.С.

08.02.2011
Інтэрв'ю Яраша Малішэўскага
Яраш Малішэўскі даў інтэрв'ю газеце "Салідарнасць". Пра цікавыя, але не надта раскручаныя ў турыстычным плане мясціны, пра тое, чаго не хапае беларускай туріндустрыі, пра асаблівую прывабнасць экскурсій на беларускай мове чытайце тут.

06.02.2011
ВІНШУЕМ Рэгіну Багамолаву!
Віншуем загадчыцу бібліятэкі Цёткі (нашай улюбёнай пляцоўкі) Рэгіну Багамолаву зь Днём народзінаў!
Няхай Рэгіне
люты сьнегу падкіне.
А сьнег растане
не на расстаньне -
а на каханьне!

05.02.2011
Выстава дзіцячых малюнкаў
На 18 Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў "Белэкспа" (09.02.2011 - 13.02.2011) 09.02.2011 у 14.00 адбудзецца прэзентацыя дзіцячых кніг выдавецтва "Літаратура і Мастацва". Вядзе прэзентацыю Алена Масла. Сярод кніг, з якімі будзе знаёміць пісьменніца, кніга шведскіх пісьменнікаў Юі і Томаса Вісландэраў "Малы і Мядзведзік". Па ініцыятыве спадарыні Алены арганізуецца выстава дзіцячых малюнкаў да гэтай кнігі. Адгукнуліся чытачы Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі г. Мінска (дзякуем Ірыне Піліпаўне Сінельнікавай), вучні СШ №189 (настаўніца Шалаева Зінаіда Іванаўна), чытачы з Барысава (дзякуй Захарэвіч Людміле Браніславаўне), чытачы са Слуцка (дзякуй Астроўскай Галіне Антонаўне і бібліятэкарцы Галіне Мікалаеўне). Яшчэ ёсць час далучыцца да выставы ўсім жадаючым. Прыносьце малюнкі ў прыёмную ўстановы РВУ "Літаратура і Мастацтва" (вул. Захарава, 19) з пазнакай "Для часопіса "Бярозка" да аўторка (08.02.2011). Абавязкова падпішыце малюнкі - наклейце цэдлік на малюнак, укажыце аўтара, узрост.
Госцем на прэзенатацыі будзе легендарны шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан. Фота і аўтографы амбасадар абяцаў. А яшчэ па дамоўленасці са шведскай амбасадай дзіцячыя малюнкі будуць перададзены у Швецыю, спадарыні Юі Вісландэр.

04.02.2011
Аксана Спрынчан на TUT-BY.TB



Сёння ў эфіры TUT-BY.TB Аксана Спрынчан дала інтэрв'ю Аляксею Вайткуну ў праграме, прысвечанай хобі.

28.01.2011
Вершы Аксаны Спрынчан у зборніку паэзіі Берасьцейшчыны
У выдавецтве "Літаратура і Мастацтва" выйшаў зборнік паэзіі Берасьцейшчыны ў перакладах Валерыя Грышкаўца "Белой вежи свет", у ім зьмешчаны вершы ўраджэнкі горада Лунінец Аксаны Спрынчан.

27.01.2011
Пяцікніжжа для тых, хто абірае свабоду, ад Яраша Малішэўскага
Яраш Малішэўскі ў праграме "Пяцікніжжа "Свабоды" радыё "Свабода" назваў кнігі, якія варта прачытаць, выбіраючы свабоду. У назвах усіх пяці твораў - пытанні, якія паўстаюць перад вольным чалавекам. Як на іх адказалі класікі, чытайце тут.

23.01.2011
ТАЦЦЯНІН ДЗЕНЬ
Паэтычны тэатр "Арт.С" у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
п р а д с т а ў л я е
25 студзеня 2011 года
ТАЦЦЯНІН ДЗЕНЬ
Выступаюць-чытаюць-апавядаюць-спяваюць БАРЫСЮК, БЕЛАНОГАЯ, БУДОВІЧ, ГРЫНЕВІЧ, ЛАБАДА, ЛАДУНОВА, ПРАТАСЕВІЧ, СІВЕЦ, ШЭЛЯГОВІЧ
а таксама брат Таццяны АЛЕСЬ ЕМЯЛЬЯНАЎ
і муж Таццяны АЛЕСЬ ЦЫРКУНОЎ
Падарыце свята сабе і знаёмым Таццянам 25.1.2011 года а 18.00
у музеі Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7А). Уваход вольны.

20.01.2011
Абвешчаны конкурс
Паэтычны тэатр "Арт.С" разам з часопісам "Бярозка" аб'яўляе конкурс на лепшы твор літаратуры альбо мастацтва, прысвечаны герою 2011 года - Вогненнаму Вожыку. Дасылайце на адрас часопіса "Бярозка" (220034 Мінск, вул. Захарава, 19 "Бярозка") ці на электронную скрыню bjarozka@mail.ru. Пераможцаў чакаюць каштоўныя і запамінальныя прызы. Не праспіце, нават калі любіце спаць гэтак жа, як і вожыкі. Конкурс абвешчаны ў артыкуле "Вогненны Вожык і язык шчасця" у "Бярозцы".

18.01.2011
Віншуем Міколу Кандратава
Віншуем Міколу Кандратава, які 15 студзеня ў фінале V паэтычнага каляднага конкурсу заняў 2-е месца. Насалоджвайцеся цудоўным вершам.

    * * *
    Белыя змеі
    паўзуць па скаванай марозам зямлі,
    служкі зімнай завеі.
    Белыя змеi
    шыпеннем сягаюць да голых галін,
    снежных дахаў i веснiц.
    Белыя змеі
    замерзлае ссуць малако
    з вымя рэк і азёраў.
    Белыя змеі
    імкнуць паасобку, то цэлым клубком
    у халодныя норы.
    Белыя змеі
    над кожнаю згубленай летам душой
    непадзельна ўладараць.
    Белыя змеі
    шукаюць за позняй начною мяжой
    цёплай ахвяры.

17.01.2011
Новае "Пяцікніжжа "Свабоды" ад Аксаны Спрынчан
Аксана Спрынчан распавяла Радыё "Свабода" пра журботна-аптымістычныя калядныя творы беларускай літаратуры. Як свята Нараджэння Хрыстовага не можа зрабіцца несучасным, так і ў беларускай класіцы пачатку 20-га стагоддзя знаходзяцца радкі, што адпавядаюць сённяшняй рэчаіснасці. Глядзіце "Пяцікніжжа "Свабоды" ад Аксаны Спрынчан тут.

15.01.2011
Стары Новы год у Цёткі
5-ы раз прайшла вечарына-маскарад "Стары новы год у Цёткі". На гэты раз яе правялі Баба Мароз (Рэгіна Багамолава) і Ялінка (Аксана Спрынчан). Была і Ягіня - гераіня першай вечарыны Паэтычнага тэатра Арт.С, якая прайшла амаль 5 гадоў таму. Маскарад быў незвычайна вясёлы і сюрпрызны. Паэты (Рагнед Малахоўскі і Мікола Кандратаў) спрабавалі спакусіць мастачку (Тацяну Макарэвіч), каб тая намалявала ім карціну. Гледачы танчылі пад песьні Юрася Нератка. Рагнед Малахоўскі ўпершыню ў жыцьці чытаў вершы на піяніна. Ялінка зладзіла "сьвяточны" перформанс. Ігар Клепікаў прачытаў свой новы верш. Дызайнер Святлана Длатоўская распавяла пра маскарадныя строі. Адбылася і міні-прэзентацыя новай кнігі Юрася Нератка "Споведзь струны". Традыцыйна Аксана Спрынчан усім ахвотным варажыла па кнізе, на гэты раз гэта былі радкі Нератка. Фотарэпартаж з вечарыны глядзіце тут.

12.01.2011
ВІНШУЕМ Тацяну Будовіч!
Віншуем з Днём народзінаў Тацяну Будовіч! Няхай сны і сыны натхняюць яе на паэзію і тэатр! Хай кожная сняжынка растае ёй на шчасце!

11.01.2011
Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае
Літаратурны музей Максіма Багдановіча разам з дойлідамі праекта "Вежа міру" запрашае на вечарыну "Стары Новы рок..." Святкаваць збіраюцца: Марыся Суша, Аляксей Ляпін, Юры Раманоўскі, Міхал Бараноўскі, Віталь Мурзіч. А таксама выступы інструменталістаў. Чакаем вас 14 студзеня а 19-й гадзіне. / пад час перапынку традыцыйныя гарбата.../ Кошт квіткоў 5 тыс. Мінск, вул. М.Багдановіча 7 "А" (Траецкае прадмесце). Тэлефоны для даведак: 8 (017) 334-42-69, 8 (029) 850-73-27. e-mail: maksimbagdanovich@rambler.ru.

10.01.2011
Год Вогненнага Вожыка
Паэтычны тэатр "Арт.С" у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
п р а д с т а ў л я е

12-гадовы праект "Святкуйма беларускае!". Год трэці (2011) – ГОД ВОГНЕННАГА ВОЖЫКА.
У стварэнні беларускага календара бяруць удзел:
Міхал БАРАНОЎСКІ, Пятро ВАСЮЧЭНКА, Анатоль ЗЭКАЎ, Мікола КАНДРАТАЎ, Яраш МАЛІШЭЎСКІ, Серж МІНСКЕВІЧ, Юлія НОВІК, Наталя ПАХАМОВІЧ, Анастасія РАДЗІКЕВІЧ, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Віктар ШНІП
Адмысловыя госці імпрэзы – рэдакцыя часопіса "ВОЖЫК"
Вядоўцы: Алена МАСЛА і Аксана СПРЫНЧАН
Чакаем у пятнаццацікалючкавую дату 11.1.2011 а 18:00 у музеі Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7А). Уваход вольны.

01.01.2011
ВІНШУЕМ Вадзіма Клімовіча!
Сёння Дзень народзінаў у Вадзіма Клімовіча - цікавага барда, чыімі выступамі на імпрэзах Арт.С захапляюцца, стваральніка сайта art-s.by і надзейнага сябра. У снежні 2010 года Вадзім упершыню разам з Ярашам Малішэўскім зладзіў цудоўны канцэрт "Сумоўе", які, спадзяемся, будзе першым крокам у вялікай серыі канцэртаў. Ад усяго сэрца віншуем Вадзіма Клімовіча са святам, жадаем шчасця, поспехаў, добрага здароўя, удачы, сонечных усмешак, натхнення. Хай сённяшнія Вадзімавы мары здзейсняцца, і фантазія падкажа новыя.

01.01.2011
ВІНШУЕМ Юлію Новік!
Сёння святкуе Дзень народзінаў Юлія Новік - таленавітая паэтка, удзельніца паэтычнага тэатра Арт.С і паспяховая арганізатарка шэрагу цікавых імпрэз. Віншуем Юлію з Днём народзінаў і жадаем шчасця, кахання, новых дасягненняў, высокага палёту фантазіі.